1 красавіка — Міжнародны дзень птушак

З’яўленне гэтага экалагічнага свята цесна звязана з “Сусветнай Канвенцыяй аб ахове птушак, карысных у сельскай гаспадарцы”, якая ўступіла ў сілу 12 снежня 1905 года.

Першы дзень красавіка — гэта не толькі гадавіна Канвенцыі, але і час прылёту птушак з зімовак. Яны вяртаюцца на радзіму і прыносяць з сабой вестку аб надыходзе вясны.
У гэты ж час развешваюцца шпакоўні. Старадаўняя традыцыя па іх вырабе мае глыбокі сэнс: чалавек не толькі дапамагае птушкам, але і сам становіцца бліжэй да прыроды, лепш разумее сваё адзінства з ёй.
Далучыліся да карыснай справы і супрацоўнікі раённай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Да ўдзелу ў мерапрыемстве запрасілі вучняў Капланецкай установы адукацыі. У выніку агульнымі намаганнямі ўдалося змайстраваць і развесіць больш за 90 хатак для птушак.
— Ініцыятыва належыць егеру БТПР Васілію Аляксандравічу Архіпцу, які нарадзіўся і вырас на Бярэзіншчыне і сюды ж па закліку душы нядаўна вярнуўся са сталіцы. Ды і ўстанова адукацыі выбрана невыпадкова. У ёй прайшлі школьныя гады Васілія Аляксандравіча, — падзяліўся выконваючы абавязкі дырэктара раённай структуры БТПР Генадзь Міхайлавіч Стральцоў. – Справу пачалі з нарыхтоўкі неабходных будаўнічых матэрыялаў. Дарэчы, набылі іх дзякуючы дапамозе індывідуальнага прадпрымальніка А.В. Хахлова. Затым сваё майстэрства па вырабе шпакоўняў пад кіраўніцтвам педагога Тамары Рыгораўны Несцяровіч дэманстравалі вучні. А ў хуткім часе новенькія хаткі ўпрыгожылі наваколле вёскі. Спадзяёмся, што  яны стануць утульным домам для крылатых жыльцоў.

Алена МУРАЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *