12 красавіка католікі адзначаюць Вялікдзень

Заўтра католікі ўсяго свету адзначаць галоўную хрысціянскую ўрачыстасць — Вялікдзень.
Па традыцыі, святу папярэднічаў саракадзённы пост. Усё павінна настроіць вернікаў на тое, каб зноў перажыць вялікую таямніцу Уваскрэсення. А як ставяцца да свята католікі-бярэзінцы, які сэнс надаюць яму, як рыхтуюцца і як плануюць яго сустракаць?
Пра гэта пагаворым з касцёльным памочнікам, міністрантам Казімірам Далівайлам і ксяндзом бярэзінскай парафіі Андрэем Фёдаравым.

— Асабіста для мяне сустрэча Уваскрэсення — гэта магчымасць пабыць у духоўнай чысціні, якая адчуваецца пасля асэнсавання таямніцы адкуплення Хрыстом чалавецтва, — гаворыць Казімір Далівайла. — Ды, зразумела, свята робіцца чаканым, таму што яму папярэднічаюць пост і ўзмоцненая малітва. Разнастайныя стравы без мяса для мяне гатуе жонка Таццяна. А молімся мы рэгулярна. Наведваем асаблівыя для гэтага часу набажэнствы. На іх узгадваюцца пакуты і смерць Хрыста. Таксама і дома павялічваем, па магчымасці, колькасць ранішніх і вячэрніх малітваў.
— Для вернікаў важна перажыць час Вялікага посту, як калісьці і Хрыстос перажываў яго ў пустыні, — дадае ксёндз Андрэй. — Але пост павінен захоўвацца не толькі ў ежы, а хутчэй у працы чалавека над сабою, сваімі слабасцямі. Ведаю,
што некаторыя людзі, якія кураць, адмаўляюцца ад шкоднай звычкі на гэты час. Моладзь жа часова пакідае сацыяльныя сеткі. Нават дзеці, для выпрабавання сваёй волі, могуць адмовіцца ад салодкага. Дык ня- хай пост для кожнага стане пачаткам выпраўлення, — працягвае ксёндз. — У мінулы Вялікі чацвер раніцай святары з кожнай парафіі збіраліся ў сваіх Кафедральных саборах, каб аддзячыць Богу за дадзены ім дар святарства. У пятніцу ў касцёле асабліва засяроджвалася ўвага на пакутах Іісуса. Сёння ж, у суботу, вернікі ўзгадвалі, што Іісус быў сярод памерлых і ляжаў у труне. Увечары гэтага дня пачынаецца і Велікоднае набажэнства. На двары храма, калі сцямнее, будзе распалена вогнішча. Пасля малітваў святар запаліць ад яго вялікую свечку — Пасхал, сімвал пераходу ад смерці да жыцця, а прыхаджане — свае невялічкія свечачкі. Пасля ўваходу з агеньчыкамі ў храм пройдзе набажэнства, кульмінацыяй якога будзе аднаўленне католікамі абяцанняў не грашыць і імкнуцца весці праведнае жыццё, а святар пакропіць людзей свянцонай вадой. Пасля гэтых абрадаў наступіць Светлае Уваскрэсенне, людзі па-вітаюць адзін аднаго сло-вамі: “Хрыстос Уваскрэс!”
“Сапраўды Уваскрэс!”
— У католікаў, як і ў праваслаўных, ёсць традыцыя свяціць пасхальную ежу — свянцонку: яйкі і кулічы, хлеб і печыва, соль і каўбасы, — адзначае міністрант Казімір. — Гэта даўняя традыцыя — дзякаваць за ежу надзённую. Фарбаваць яйкі, пячы булкі, прыбіраць хату, ды ўвогуле рыхтавацца да Вялікадня было ўлюбёным заняткам маіх дзяцей, калі яны яшчэ не ўвайшлі ў дарослае жыццё. Але я ведаў, што немагчыма навучыць дзяцей верыць толькі святкуючы Вялікдзень. Таму вадзіў іх на набажэнствы. І магу адзначыць, што цалкам выканаў свой абавязак перад Богам. Дачка стала манашкай, што для нашай сям’і — гонар і асаблівае бласлаўленне. Сын жа цяпер ужо і сам выхоўвае маіх унукаў у каталіцкай традыцыі.
— Самы запамінальны Вялікдзень стаў для нас з жонкай пасля наведвання Святой Зямлі, — дадае ён. — Асабліва моцна я адчуў увесь сэнс ахвяры Хрыста, калі пахадзіў Іерусалім-скімі вулачкамі, па якіх ступаў Іісус, памаліўся ў тых месцах. Мне самому з дзяцінства бабуля імкнулася перадаць асновы веры. Даўней, калі каталіцкай капліцы не было ў Беразіно, я наведваў праваслаўны Прэабражэнскі храм, і нават быў там пеўчым. Ды калі капліца пачала дзейнічаць, а ў горад пачаў прыязджаць ксёндз Юзэф Пятушка, я пайшоў у касцёл, па традыцыях якога быў ахрышчаны. Амаль адразу ксёндз паставіў мяне служыць пры алтары. Цяпер я імкнуся дапамагаць на кожнай імшы, і мне гэта зусім нецяжка. А тое, што напярэдадні Вялікадня, пасля ўрачыстасці Звеставання Пана, альбо Благавешчання, скончыліся ўсе вонкавыя работы на новым бярэзінскім храме і былі ўсталяваны вокны і вежа — інакш як Божым цудам патлумачыць нельга.
Наша сям’я віншуе ўсіх са святам і жадае кожнаму адчуць дары Святога Духа.

Павел САЛАЎЁЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *