12 мая адзначаецца Дзень медыцынскай сястры

12 мая адзначаўся Дзень медыцынскай сястры – Міжнароднае свята, прымеркаванае да дня нараджэння Флоранс Найцінгейл. Гэтая кволая, але мужная дзяўчына выратавала на вайне шмат англійскіх салдат. У яе, як сцвярджае гісторыя, было добрае сэрца, умелыя рукі і “чыстая” душа. Усімі гэтымі якасцямі валодаюць многія медыцынскія сёстры Бярэзінскай ЦРБ, у тым ліку і медыцынская сястра інфекцыйнага аддзялення Таццяна Ніколенка.

Таццяна Віктараўна скончыла Барысаўскае медыцынскае вучылішча:
— Чаму выбрала менавіта гэтую прафесію? Пасля школы паўгода працавала санітаркай у хірургічным аддзяленні райбальніцы. І, як кажуць, медыцына мяне “зацягнула”.
І вось ужо 15 ліпеня будзе 21 год, як жанчына шчыруе медыцынскай сястрой у інфекцыйным аддзяленні. Дзіўлюся, як Таццяна Вік-тараўна столькі гадоў пра-цуе на адным месцы, ды яшчэ ў такім даволі спецыфічным аддзяленні райбальніцы.
— Проста люблю сваю работу, — заўважае жанчына, — бясспрэчна, неабходна быць стрэсаўстойлівым. Імкнёмся да кожнага знайсці падыход. У мяне цэлы шэраг абавязкаў: раблю ін’екцыі, запаўняю гісторыі хвароб, раздаю таблеткі, вымяраю ціск, тэмпературу… Аддзяленне разлічана на 15 ложкаў. Так, падчас уздыму вострых рэспіраторных захворванняў у нас работы прыбавілася. Але, ведаеце, яе ў нас заўсёды хапае. Зараз дзейнічае масачны рэжым. У аддзяленні не палаты, а закрытыя боксы. Пацыенты не ходзяць па аддзяленні. Калі мы заходзім да іх, то ў “прыдбоксніку” апранаем спецыяльныя касцюмы.
Аказваецца, Таццяна Віктараўна — шчаслівая жонка і матуля 3 сыноў. Старэйшы Валянцін скончыў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, педагог-псіхолаг. Нядаўна вярнуўся са службы. Арцём заканчвае політэхнічны ўніверсітэт. А малодшы Ян — першакласнік. Муж Пётр шчыруе ў Пагосцкім лясніцтве.
— Мы ўсе разам дружна будуем уласны дом. Каля яго ўжо вялікі агарод. Вырошчваем усё: бульбу, памідоры, агуркі, часнок, цыбулю… — расказвае жанчына. – Мы не любім сядзець на месцы, пастаянна ў руху.
У вольны час, якога, вядома ж, вельмі і вельмі мала, Таццяна Віктараўна любіць пачытаць мастацкую літаратуру.
Зразумела, спраў і на працы, і дома хапае. Але Таццяна Ніколенка з усім дастойна спраўляецца і з упэўненасцю сцвярджае, што ў яе на ўсё хапае часу. Напэўна, ёсць нейкі сакрэт, як усё паспець?
— Я задаволена жыццём, няма на што скардзіцца. У мяне ёсць любімая сям’я і работа, якія радуюць і прыносяць задавальненне. Шчыра прызнаюся, калі б мне прапанавалі вярнуць час назад і выбраць іншую прафесію, я б і зноў выбрала толькі медыцыну. Без бальніцы, пацыентаў, калег не ўяўляю сябе. Ведаеце, я імкнуся сустракаць пацыентаў з усмешкай, і ўсім, па меры магчымасцей, дапамагчы.
Таццяна Віктараўна, сапраўды, шчырая,
адкрытая жанчына і прафесіянал з вялікай літары. Таму кожны дзень па некалькі разоў яна чуе словы ўдзячнасці за сваю нялёгкую працу. І нават “наркалагічныя” хворыя дзякуюць за дапамогу, за тое, што вярнулі іх да нармальнага жыцця.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

12 мая адзначаецца Дзень медыцынскай сястры: 1 комментарий

  • 12 мая 2020 в 16:21
    Permalink

    Спасибо, Таня, вернула моего мужа с того света, куда он чуть не ушел из-за алкоголя! Сейчас у нас все хорошо, ждём пополнения! Спасибо

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *