12 верасня — Дзень супрацоўнікаў органаў папярэдняга следства

У сувязі з прафесійным святам гутарым з падпалкоўнікам юстыцыі Сяргеем Жылічам. Сёння ён выконвае абавязкі начальніка Бярэзінскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.

Даведка. 12 верасня 2011 года Кіраўніком дзяржавы падпісаны Указ «Абстварэнні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь».
У склад новага праваахоўнага органа ўвайшлі следчыя пракуратуры, Міністэрства ўнутраных спраў, Дэпартамента фінансавых расследаванняў. Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь пачаў функцыянаваць з1 студзеня 2012 года. Скажу, што гэта адзіная і цэнтралізаваная сістэма дзяржаўных праваахоўных органаў, якія з’яўляюцца органамі папярэдняга следства і ажыццяўляюць паўнамоцтвы ў сферы дасудовай крымінальнай вытворчасці. Па выніках работы за мінулыя гады неаднаразова давалася ацэнка дзейнасці Следчага камітэта, і рашэнне аб яго стварэнні прызнана мэтазгодным і своечасовым.
— Якая зараз крымінальная сітуацыя ў раёне?
— За 6 месяцаў бягучага года на тэрыторыі Бярэзінскага раёна ў параўнанні з аналагічным перыядам 2019 года зменшылася колькасць зарэгістраваных злачынстваў, у тым ліку і па лініі крымінальнага вышуку. Асабліва выправілася сітуацыя з колькасцю цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, затое павялічылася статыстыка ліхадзействаў, учыненых непаўналетнімі.
— Ці значыць гэта, што работы ў следчых стала менш?
— У першым паўгоддзі ў Бярэзінскі аддзел Следчага камітэта паступіла 202 заявы супраць 217 мінулагодніх. Па выніках разгляду ўзбуджаны 139 крымінальных спраў, па 42 атрымана адмова ў крымінальнай справе альбо спыненні праверкі, з якіх большасць тычыцца прапаўшых без вестак людзей.
Што тычыцца дынамікі следчай дзейнасці, дык з агульнай колькасці заяў у тэрмін да 3 сутак разгледжаны 73 паведамленні, да 10 сутак — 44, звыш дзесяці – 61 і звыш месяца — 3. Нагрузка па вырашаных заявах на аднаго следчага складае 22,6. Да крымінальнай адказнасці прыцягнута 59 абвінавачваемых асоб, з іх у адносінах да 13 чалавек прымалася мера ў выглядзе заключэння пад варту. Звыш 2 месяцаў ішло следства па 4 крымінальных справах.
Прычынамі зацягвання разбіральніцтваў з’яўляліся складаныя экспертызы, рэвізіі, выкананне міжнародных даручэнняў. Ды і важным момантам у нашай працы лічу той факт, што не было ў першым паўгоддзі незаконнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці,
прыватных пастаноў суда ў наш адрас не паступала. Маецца і пэўная дынаміка ў паказчыках вяртання ўрону, нанесенага злачынцамі.
— За гэтай статыстыкай што хаваецца? Што сёння найбольш непакоіць следчых?
— Рост кіберзлачынстваў, следства па якіх з’яўляецца працаёмкім і няпростым, ды і не гарантуе пацярпелым асобам вяртання ўрону. Ліхаманяць наш раён факты захоўвання наркатычных сродкаў і крадзяжы розных формаў уласнасці. Таму мы заклікаем жыхароў раёна да падвоенай асцярожнасці ў сацыяльных сетках і своечасовага прыняцця мер па захаванні маёмасці.
— А што скажаце пра калектыў і пажадаеце калегам?
— Калектыў у асноўным складаецца з маладых супрацоўнікаў, большасць з якіх — прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва. Яны прыйшлі ў Следчы камітэт пасля заканчэння грамадзянскіх ВНУ, а таксама — Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь. Таму калегам хацелася б пажадаць сямейнага дабрабыту, здароўя, поспехаў у нялёгкай, але патрэбнай справе.

Мілана ТРАПЯНОК. Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *