22 чэрвеня — Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны

Я вельмі рэдка бываю на магіле свайго дзядулі Пятра Іванавіча Качанава, бо пахаваны ён, па яго ж просьбе, на сваёй малой радзіме — у вёсцы Аляксандраўка, што ў Слаўгарадскім раёне на Магілёўшчыне. Мы ж з матуляй жывём у Пагосце. Раней і дзядуля быў жыхаром Бярэзіншчыны, меў кватэру ў горадзе, якую яму разам з жонкай выдзелілі як перасяленцам – ахвярам катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Так распарадзіўся лёс: ім з бабуляй, ужо пенсіянерам, давялося на старасці гадоў пакідаць наседжанае месца і пераязджаць у невядомы край. Таму і прасіў пасля смерці пахаваць яго менавіта там, дзе спачываюць продкі, адкуль пачынаўся яго шлях у жыццё.
А перажыць дзядулю давялося многае. У тым ліку і вайну. Колькі разоў не спрабавала я пагаварыць з ім пра тыя страшныя гады, ён заўсёды адмоўчваўся і толькі паўтараў: “Не дай Бог вам зведаць тое, што давялося перажыць мне і нашаму пакаленню ў вайну”. Ён нават не глядзеў ваенных фільмаў – відаць, настолькі балючымі былі тыя ўспаміны. Яны не пакідалі ветэрана і штодзень нагадвалі аб сабе старымі ранамі і асколкамі, якія дзядуля насіў у нагах, у лёгкім…


На гэтым адзіным фотаздымку часоў вайны П. Качанаў – другі справа ў другім радзе. Больш позніх здымкаў, на якіх дзядуля быў бы пры баявых узнагародах, у нашым сямейным архіве няма: не любіў ён фатаграфавацца, ды і з медалямі я яго ніколі не бачыла. Гэта ўжо пазней мне ўдалося высветліць, дзякуючы сайту “Памяць народа”, што радавы Пётр Качанаў за ўдзел у баявых дзеяннях быў адзначаны медалямі “За адвагу”, “За ўзяцце Берліна” і “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”. Значыць, яму ўдалося дайсці да самаго логава фашыстаў і быць у ліку тых, хто паставіў канчатковую кропку ў той крывапралітнай вайне. Дзякуй яму за гэта і за наша мірнае жыццё.

Вера ЖАЛУДКЕВІЧ, жыхарка аграгарадка Пагост.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *