22 чэрвеня — Дзень усенароднай памяцi ахвяр Вялiкай Айчыннай вайны

(З успамінаў Канстанціна Фёдаравіча УСОЛЬЦАВА,

лейтэнанта 26-ай танкавай дывізіі, партызана атрада «Непераможны»).

У верасні 1941 года мы з баямі выходзілі з акружэння. Каля вёскі Жарамец у накірунку да Беразіно сустрэлі Фёдара Жаўняровіча, які да вайны быў сакратаром Белічанскага сельскага Савета. Калі немцы захапілі Белічаны, Фёдара прымусілі працаваць пісарам Белічанскай валасной управы. У вёсках засталося шмат былых вайскоўцаў з акружэнцаў і ўцекачоў з палону. Шмат каму ён дапамог прыпісацца. Фёдар часта расказваў пра двух камандзіраў, аб якіх ходзяць легенды: “Удвух раптам нападаюць на гітлераўцаў, а самі як скрозь зямлю правальваюцца. Іх так і завуць — «няўлоўныя»”.
Менавіта Фёдар Жаўняровіч выдаў і нам прыпісныя дакументы. Нас пасялілі ў дом у канцы Белічан. У вёсцы было шмат моладзі, якая вярнулася з гарадоў у родныя мясціны. Хлопцы і дзяўчаты збіралі і хавалі зброю.
Жылі ў вёсцы і сем акружэнцаў.
Недалёка ад нас пражываў Аляксандр Зубаў з Урала, таварыш Зубава — Аркадзь Захараў. А таксама казахі. Адасоблена трымаліся адыгейцы.
Мы часта хадзілі да Валі і Ніны Жаўняровіч. Валя ў 1941 годзе скончыла бібліятэчны тэхнікум, Ніна займалася на другім курсе гэтага тэхнікума. Іх старэйшы брат Міхаіл служыў у авіяцыі. Малодшаму Васілю ішоў 14-ы год. Іх маці Матрона Пятроўна працавала прыбіральшчыцай у воласці, ненавідзела фашыстаў, часта перадавала нам іх размовы.
Надыходзіла зіма. Мы часта хадзілі ў лес, шукаючы сустрэчы з «няўлоўнымі» камандзірамі.

І сустрэлі іх. Пагаварылі. Дамовіліся ісці з вёскі арганізавана, сабраўшы ўсіх пакінутых у наваколлі байцоў і камандзіраў. «Няўлоўнымі» аказаліся начальнік штаба 184-га стралковага палка 56-й стралковай дывізіі Рыгор Андрэевіч Осьмак і старшы лейтэнант Васіль Таўсталыгін.
Праз два дні Белічаны абляцела сумная вестка. Вялікі атрад немцаў на світанні ў вёсцы Князеўка акружыў дом, у якім спалі Рыгор і Васіль. Карнікаў убачыла гаспадыня і папярэдзіла. Рыгор і Васіль спрабавалі ўцячы ў лес, але былі забітыя. Фашысты жорстка расправіліся і з гаспадыняй дома Ефрасінняй Горбач, і з яе дачкой.
У Белічанах жыў Антон Герасімавіч Сацук. Яму давялося ваяваць з войскамі буржуазнай Польшчы, тады страціў левую руку. Яго сын Фёдар, старшыня калгаса. Малодшы сын Міхаіл хаваўся з жонкай, якая была яўрэйкай. Перад вайной яны працавалі настаўнікамі. Сябрам Фёдара быў Сямён Іванавіч Рослік, самы інтэлігентны чалавек у вёсцы.
Мы ўсе пайшлі ў лес, шукалі сувязь з партызанамі. 12 красавіка ў паліцэйскі ўчастак у Белічанах прывялі двух палонных партызан. Гэта былі Андрэй Радноў і Мікалай Пагожын, пасланыя Васілём Васільевічам Беражным, камандзірам партызанскай групы (в. Жукавец) на сувязь з групай Мікалая Дзербана ў вёсцы Князеўка. Па дарозе іх затрымалі паліцаі, дапытвалі, збілі і кінулі ў падвал. Радноў і Пагожын здолелі разабраць сцяну склепа і ўцяклі, вярнуліся ў лес.


У сярэдзіне красавіка 1942 года бургамістр Банькоўскі ў прысутнасці трох паліцэйскіх у вёсцы Баравіно ў будынку праўлення калгаса праводзіў агульны сход. Побач з ім сядзеў мясцовы ста-раста Аляксандр Шукан. На сходзе было шмат людзей. Размова ішла аб падзеле калгаснай уласнасці. У разгар спрэчкі ў кантору ўвайшлі двое партызан. Адзін з паліцэйскіх ва ўпор стрэліў з аўтамата па іх. Разам з партызанамі загінула некалькі жыхароў вёскі. Паднялася паніка. Бургамістру і паліцаям удалося ўцячы ў Беразіно.
Назаўтра партызаны атрада «Непераможны» акружылі Белічаны. Мы пайшлі на сувязь з камандзірам Цімафеем Іванавічам Кусковым. Там пазнаёміліся з яго намеснікам Яўгенам Гаўрылавічам Максімавым, камандзірам атраднай разведкі Віктарам Іванавічам Панцялеевым, камандзірамі ўзводаў Віктарам Мікалаевічам Маславым, Якавам Міронавічам Аўруціным, Іванам Захаравічам Кузняцовым, батальённым камісарам Пятром Паўлавічам Ванькевічам. П.П. Ванькевіч — былы камісар кавалерыйскага палка. Апынуўшыся ў глыбокім тыле, выйшаў восенню 1941 года ў родныя мясціны і хаваўся ў вёсках Машчаніцкага сельсавета. Да вясны 1942 года арганізоўваў партызанскую групу, якая далучылася да атрада «Непераможны».
Камандзір Кускоў прызначыў Антона Герасімавіча Сацука першым старшынёй Белічанскага сельскага Савета ў вызваленым намі краі. Праз некалькі дзён атрад разграміў Раваніцкую валасную ўправу.
У пачатку мая 35 партызан далі бой фашыстам каля вёскі Вядрыцкае, захапілі і спалілі дзве аўтамашыны, знішчылі мост на шашы Чэрвень-Беразіно, разграмілі паліцэйскі гарнізон у вёсцы Хутар, захапілі некалькі трафейных машын, якія рухаліся з Беразіно, і зноў вярнуліся ў Вядрыцкае. Гэта быў першы рэйд партызан. Лагер атрада размяшчаўся паблізу вёскі Мікулічы. Атрад жыў звычайным баявым жыццём. Групы партызан уступалі ў адкрыты бой з фашыстамі. З’явіліся і першыя страты. Лагер знаходзіўся ў адкрытым полі, людзі паміралі ад ран, голаду.
Але гітлераўцам гэтага было мала. Яны вялікімі групамі вывозілі палонных і расстрэльвалі. Але ні зверскімі катаваннямі, ні расстрэламі фашысты не ў сілах былі ўтрымаць людзей ад узброенай барацьбы. У чэрвені пачалося масавае ўступленне ў партызаны. Побач з намі сталі ваяваць іншыя партызанскія атрады: «Разгром» пад камандаваннем Івана Лявонавіча Сацункевіча, «Камуніст» — Васіля Карпавіча Дзяругі, «Бальшавік» — Мікалая Лявонцьевіча Дзербана. У канцы красавіка 1942 года ў нашу зону прыбылі прадстаўнікі з Масквы: Дзмітрый Меньшыкаў, Антон Кардун, Аляксей Мікалаевіч з атрада С.А. Ваўпшасава.
З дазволу камандавання вылучаюцца атрады «Іскра» (камандзір Дзярабін), «Камсамолец» (камандзір Беражны).

Падрыхтавала Ала АЛЬФЕР.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *