29 кастрычніка прафесійнае свята адзначыў калектыў бярэзінскіх ахоўнікаў

Раз–пораз з мільгаючымі агеньчыкамі і гучнай сірэнай імчыць па Беразіно аўтамабіль раённага аддзялення Дэпартамента аховы МУС. Значыць, дзесьці спрацавала сігналізацыя і можа быць учынена злачынства. Максімальны час прыбыцця на адрас SOS у горадзе – да некалькіх мінут, але звычайна спраўляюцца ахоўнікі значна хутчэй. З пачатку года супрацоўнікі аддзялення выявілі і раскрылі 7 злачынстваў і каля 90 парушэнняў. А гэта чыесьці захаваная ў парадку маёмасць, спакой і бяспека.
Задачы па забеспячэнні аховы маёмасці ўсіх формаў уласнасці і грамадскага парадку калектыў падраздзялення выконвае добрасумленна і вахту бяспекі нясе кругласутачна. Інакш навошта на лагатыпе Дэпартамента аховы красуецца сава. Гэта птушка ніколі не дрэмле.
Тэрыторыя кантролю падраздзялення – 8 вартавых і міліцэйскіх пастоў; 61 аб’ект пультавай аховы (арганізацыі і прадпрыемствы), 70 — абсталяваныя трывожнымі кнопкамі. Пад наглядам і 91 жылое памяшканне, ахоўваецца 217, у 26 дамах і кватэрах маюцца трывожныя кнопкі.
Сёння аддзяленне па ахове аб’ектаў у раёне – гэта калектыў прафесіяналаў, у складзе якога не толькі міліцыянеры і вартаўнікі, але і манцёры, і іншыя спецыялісты.
Плённа працуе вядучы інжынер Сяргей Красоўскі. Яго зона адказнасці – тэхнічны бок службы: манцёры ўстанаўліваюць прыборы, сігналізацыю на аб’ектах аховы, выконваюць іншыя абавязкі. Хутка арыентуюцца ў экстрэмальных сітуацыях і аператыўна прымаюць рашэнні міліцыянеры аддзялення
Аляксандр Ермачонак, Цімафей Сахончык, Ігар Шобахаў, Іван Пятровіч. Асобна трэба вызначыць камандзіра аддзялення групы затрымання Міхаіла Кардымона. На добрым рахунку і Іван Барысенка. Заваявала аўта-рытэт і павагу калег маладое папаўненне: старшы інспектар – інжынер групы сродкаў і сістэмы аховы Віктар Шаўня і старшы інспектар групы міліцэйскай ваенізаванай і вартавой аховы Данііл Тарацін.

Міліцыянер–кінолаг А. Жораў разам з Бэтці

Вось ужо некалькі гадоў у штаце падраздзялення служаць тры нямецкія аўчаркі. Старэйшы з іх — Грэй, якому ўжо каля сямі гадоў. Ён паспеў вызначыцца ў пошуку веласіпедаў, іншай маёмасці. Грэй – напарнік міліцыя-неракінолага Уладзіслава Джэвоўскага, які навучыў сабаку з лёгкасцю браць след
і бездакорна выконваць каманды. Ды і сабака па мянушцы Бэтці сваю справу ведае на выдатна. Не падвяла кінолага Анатолія Жорава.
— Яна са мной вось ужо чатыры гады, — расказвае міліцыянер, — узяў яе шчанюком і “гадаваў” разам са сваім малодшым дзіцем. Нават і не ведаю, з кім было прасцей. Аднак сёння сабака — наш сямейны абаронца. А дзяцей як любіць! Вам не расказаць!
Ды і служыць спраўна. Вызначыўся ў затрыманні зло-дзея, які ўчыніў крадзеж у магазіне “Дом гандлю”, ды і ў пошуку без вестак прапаўшых людзей.
Служба з сабакамі асаблівая. Яна патрабуе ад міліцыянераў куды больш дысцыплінаванасці і вытрымкі. Аднак у Анатолія гэта атрымліваецца без асаблівых цяжкасцей.
— Мой бацька быў лесніком і ў нашым доме заўсёды жылі сабакі, — расказвае А. Жораў. — Таму, выбраўшы міліцэйскую справу, я разлічваў працаваць з сабакамі. Бэтці ў мяне па ліку другая жывёліна. Не скажу, што з сабакамі бывае проста, бо трэніруем мы іх не для гульняў. Таму неабходна, каб жывёла заўсёды слухалася свайго гаспадара і спраўна выконвала каманды. Бэтці — паслухмяная і яшчэ ніводнага разу мяне не падводзіла. Ды і ў пошуку злодзеяў па гарачых слядах ёй няма роўных.

Начальнік аддзялення Дэпартамента аховы Сяргей Вальчэўскі

І ў свой святочны дзень вартавыя правапарадку спраўна неслі варту.
– Кожны з супрацоўнікаў аддзялення заслугоўвае самых добрых слоў за сваю працу. Спецыфіка работы абавязвае пастаянна знаходзіцца ў гатоўнасці № 1. Дзеля гэтага супрацоўнікі займаюцца спортам і імкнуцца прытрымлівацца здаровага і актыўнага ладу жыцця. Усе нясуць службу на «выдатна» і да выканання абавязкаў падыходзяць з поўнай адказнасцю, – адзначае начальнік аддзялення Дэпартамента аховы Сяргей Вальчэўскі.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Анатоля ПАЛЫНСКАГА
і Юліі Букель.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *