Чаму сёлетняе ўрачыстае свята Дзень Незалежнасці асаблівае ў сям’і Андрэя і Алены Губіч?

Няхай вашы мары збудуцца!

Сёлетняе ўрачыстае свята Дзень Незалежнасці і вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у сям’і Андрэя і Алены Губіч асаблівае. Іх першынец, 17-гадовы Андрэй, пасля заканчэння кадэцкага вучылішча канчаткова выбраў для сябе прафесію ваеннага.
— Гэтым летам ён паступае ў ваенную акадэмію, — з гонарам расказвае пра сына матуля. — Мы з мужам былі крыху здзіўлены яго рашэннем, бо ён нядрэнна вучыўся ў гімназіі, быў у складзе футбольнай каманды спартыўнай школы. Аднак вырашыў, што няма больш ганаровай справы, чым абараняць Айчыну.
У сваёй сям’і Андрэй першым вырашыў апрануць афіцэрскую форму.
— Андрэй наш нарадзіўся пад шчасліваю зоркаю, — зазначае матуля юнака. – Памятаю, праз некалькі дзён пасля яго нараджэння да нас завіталі мясцовыя журналісты павіншаваць з нараджэннем першынца. Тая сустрэча стала знакавай, бо цяпер усе поспехі нашай сям’і адлюстроўваюцца на старонках роднага выдання.
А што ж змянілася за 17 гадоў у сям’і Губіч. За гэты час яна папоўнілася, нарадзілася дачушка Лізавета. Цяпер яны жывуць ва ўтульнай двухпакаёвай кватэры ў новым мікрараёне па вуліцы М. Рамановіч.
— Свой дабрабыт і шчасце мацуем самі і стараемся шанаваць і берагчы родны куточак, дзе жывём і працуем, — зазначылі ў сям’і Губіч.

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *