Прафесійнае свята адзначаюць работнікі спажыўкааперацыі

Як звычайна, напачатку ліпеня адзначаюць сваё прафесійнае свята работнікі спажыўкааперацыі. Напярэдадні святочнай даты мы сустрэліся з дырэктарам Бярэзінскага філіяла Мінскага аблспажыўтаварыства Валянцінай БАРЫСЕВІЧ.

Дырэктар Бярэзінскага філіяла Мінскага аблспажыўтаварыства Валянціна Барысевіч узначаліла калектыў у жніўні 2019 года

— Як вядома, Бярэзінскі філіял – гэта шматгаліновая структура, якая аб’ядноўвае гандаль, грамадскае харчаванне, нарыхтоўкі, прамысловасць, транспарт, рынак, цырульні і будаўнічую дзейнасць. З якімі навінамі, лічбамі, дасягненнямі сустракаеце чарговы Дзень спажыўкааперацыі?
— Галоўная навіна – са жніўня мінулага года ў зону дзейнасці Бярэзінскага філіяла ўвайшлі таксама ўвесь Чэрвеньскі раён і частка Барысаўскага. Гандаль вядуць 82 гандлёвыя прадпрыемствы, з іх 62 размяшчаецца ў сельскай мясцовасці. За 6 месяцаў сёлета прададзена насельніцтву тавараў на суму 10,4 млн. рублёў, тавараабарот на 1 жыхара за месяц у сярэднім складае больш за 45 рублёў, што ў 1,7 раза вышэй за абласны паказчык. Выконваецца даручэнне кіраўніка дзяржавы па абслугоўванні аўтамагазінамі сельскіх населеных пунктаў, у якіх адсутнічае стацыянарная сетка. У маланаселеных пунктах Бярэзінскага раёна гандаль здзяйсняюць 6 аўтамагазінаў, якія абслугоўваюць 2551 жыхара раёна. У Чэрвеньскім раёне жыхароў сельскіх населеных пунктаў абслугоўваюць 24 стацыянарныя магазіны і 6 аўтамагазінаў.
— У апошні час работнікам гандлёвай галіны прыходзіцца працаваць не толькі ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі, а і ў перыяд няпростай эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне.
— Аднак нягледзячы на такія няпростыя ўмовы, работнікі нашай сістэмы добрасумленна і адказна выконваюць свой прафесійны доўг. Так, грамадскае харчаванне ажыццяўляецца праз 14 прадпрыемстваў, 6 з якіх знаходзяцца ў Чэрвеньскім раёне. Многім жыхарам вобласці вядомы аб’екты – кафэ “Беларуская хатка” (аграгарадок Пагост) і “Беларускае бістро” (аграгарадок Паплавы), а таксама 2 кафэ ў Чэрвеньскім раёне – у вёсках Карпілаўка і Натальеўск.
Тавараабарот грамадскага харчавання за дадзены перыяд склаў 658 тысяч рублёў, выраблена ўласнай прадукцыі больш чым на 550 тысяч.
— Што назіраецца ў нарыхтоўчай галіне і прамысловасці?
— Для нарыхтовак, захавання і перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі маюцца прыёманарыхтоўчыя пункты, сховішча для агародніны, фруктаў, бульбы, квасільна-засолачны пункт, склад жыўсыравіны і пушніны, для другаснай сыравіны, жывёлабойны пункт. Таксама нарыхтоўкамі займаюцца 70 прадпрыемстваў гандлю. Нарыхтоўчыя прадпрыемствы філіяла закупляюць больш за 40 асноўных відаў сельскагаспадарчай прадукцыі і сыравіны як для ўласных патрэб (перапрацоўка і продаж праз уласную гандлёвую сетку), так і для патрэб перапрацоўчых прадпрыемстваў лёгкай і харчовай прамысловасці, а таксама для паставак на экспарт.
Прамысловасць прадстаўлена такімі аб’ектамі, як хлебазавод у горадзе Беразіно, 2 каўбасныя цэхі і 2 жывёлабойныя пункты – у г. Беразіно і ў г. Чэрвень. Прадпрыемствы спецыялізуюцца на выпуску хлебабулачных і здобабулачных кандытарскіх вырабаў, каўбасных вырабаў, мясных паўфабрыкатаў і вытворчасцю мяса. У хлебабулачным цэху выпускаецца да 45 найменняў прадукцыі, у кандытарскім – да 130, у цэху па перапрацоўцы мяса – да 40.
Прадукцыя нашых цэхаў прысутнічае ва ўсіх гандлёвых прадпрыемствах у шырокім асартыменце. Пацвярджэннем яе якасці служыць штогадовы ўдзел работнікаў хлебазавода ў рэспубліканскіх выстаўках хлебапякарнай вытворчасці і атрыманне ўзнагарод.
За 6 месяцаў сёлета выраблена каля 380 тон хлеба і хлебабулачных вырабаў, 19 тысяч — кандытарскіх, больш за 25 тысяч – каўбасных вырабаў, каля 180 тысяч мясных паўфабрыкатаў. Уся вырабляемая прадукцыя рэалізуецца ў межах Бярэзінскага, Чэрвеньскага і Крупскага раёнаў. Асноўнымі спажыўцамі з’яўляюцца гандлёвыя прадпрыемствы сістэмы, а таксама “Еўраопт”, “ТрыА”, уласныя гандлёвыя прадпрыемствы. Знойдзены рынкі збыту і за межамі
раёна: г. Магілёў, Барысаў, Крупкі, Жодзіна.
За паўгоддзе забяспечана рэнтабельная работа ўсіх галін дзейнасці філіяла.
— І галоўны рэсурс галіны – людзі…
— Так, без работнікаў, іх самаадданай працы гаварыць пра дасягненні было б немагчыма. Філіял – гэта вялізны калектыў, які аб’ядноўвае работнікаў больш 30-ці прафесій, розных узростаў і кваліфікацыі. З нагоды Дня кааперацыі адзначаны 63 работнікі філіяла, у тым ліку 11 чалавек удастоены заахвочванняў Белкаапсаюза, Мінскага аблспажыўтаварыства і Бярэзінскага райвыканкама, 55 — узнагароджаны граматамі і падзякамі адміністрацыі філіяла. Сярод адзначаных – вядучы таваразнаўца аддзела арганізацыі гандлю філіяла Таццяна Кароль, прадавец 6 разраду магазіна “Тавары для жанчын і мужчын” Вольга Цэдрык, намеснік дырэктара філіяла па нарыхтоўках, прамысловасці і знешнеэканамічнай дзейнасці Віктар Грузд, повар 5 разраду кафэ “Ивушка” Святлана Вайцяховіч, вядучы бухгалтар аддзела прамысловасці Алеся Несцяровіч, начальнік аддзела цэн Марына Папко і інш.
Хочацца шчыра павіншаваць усіх работнікаў сістэмы спажыўкааперацыі, ветэранаў працы, усіх, хто некалі працаваў у Бярэзінскім філіяле.
Пажадаць моцнага здароўя, дабрабыту, сямейнага шчасця і добрага святочнага настрою.

Алена ГРОМАВА.

Пра калектыў Бярэзінскага філіяла Мінскага аблспажыўтаварыства чытайце ў № 50 за 2 ліпеня.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *