Новы падыход да вырашэння прывычных праблем у ААТ «Першамайскі»

Сёлетнюю веснавую сяўбу дырэктар ААТ “Першамайскі” Віктар Аўтухоў называе лёгкай. І ў гэтым яго жарце ёсць і доля ісціны: гаспадарцы неабходна пасеяць усяго 150 гектараў яравых культур – па 50 гектараў адпаведна аўса (ён ужо лёг у зямлю), ячменю і зернебабовых. Чаму такі невялікі аб’ём? А ўсё таму, што мясцовыя аграрыі яшчэ з восені пасеялі гектараў на 400 больш запланаванага, аддаўшы перавагу ў сваім севазвароце азімым культурам як больш стойкім да знешніх фактараў і больш ураджайным (іх агульная плошча склала 1400 гектараў). Перазімавалі без страт і гібелі.

Аднак у напружаную пару сённяшніх дзён абмяжоўвацца толькі сяўбой ранніх зерневых не даводзіцца, зараз яны вядуцца цэлым комплексам. У гаспадарцы налічваецца 17 трактароў, і кожнаму з іх хапае работы. Тэхніка з зімы была падрыхтавана належным чынам, таму зараз асаблівых збояў у яе рабоце няма, работа ідзе без аўралаў. Тут сёлета нават вырашылі пайсці на эксперымент і на час пасяўной кампаніі не сталі ўводзіць падоўжаны рабочы дзень з 7 да 19 гадзін. І такая сістэма пакуль што цалкам сябе апраўдвае і ў арганізацыйным плане, і ў плане эканоміі сродкаў. Механізатары ж пакрыўджанымі не застаюцца. Для іх распрацаваны адпаведныя ўмовы аплаты працы па кожным відзе работ, па якіх перавыкананне даведзенай нормы аплачваецца па павышаным тарыфе, а правядзенне кампаніі ў аптымальныя тэрміны і з высокай якасцю абяцае ім дадатковыя прэферэнцыі. І яшчэ, нягледзячы на адназменную работу, у гаспадарцы для ўдзельнікаў пасяўной паранейшаму прадугледжана гарачае харчаванне. Абедамі забяспечвае ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс”.
Якія ж работы вядуцца сёння на палетках “Першамайскага” і хто на іх заняты? Сейбітам тут адзін з лепшых маладых механізатараў гаспадаркі, які па выніках работы за мінулы год занесены на раённую Дошку гонару, Ігар Абмётка. Спраўна працуе ў яго руках новенькі, толькі напярэдадні кампаніі атрыманы, МТЗ-3522. На ворыве заняты Мікалай Жукоўскі.
Зладжана працуе і звяно па ўнясенні арганікі. Гэта Уладзімір Чурынец і Уладзімір Рослік, фронт работ якім забяспечвае на пагрузчыку Сяргей Аўсянскі. З вывезеных на палі 25000 тон гною ўнесена ўжо звыш 23 тысяч. Падкормку азімых (а іх падкормлена звыш пяцісот гектараў) вядуць Віталь Абмётка, Мікалай Грыб і Леанід Шукан, падвозіць мінеральныя ўгнаенні ім Анатоль Белабровік. Закрыццё вільгаці на палетках – таксама адказны ўчастак работы, які неабходна “ўхапіць”, пакуль яшчэ зямля не перасохла. Тут рупяцца Валянцін Прыгоцкі з дыскатарам і Іван Якімовіч з культыватарам.


— Паралельна з сяўбой каласавых у нас плануецца засеяць і 220 гектараў шматгадовых траў. Работа гэта ідзе да завяршэння, — тлумачыць В. Аўтухоў. — З наступленнем больш цёплых дзён прыступім і да сяўбы кукурузы. Яна зойме 53 гектараў, сто з іх будзем убіраць на зерне. У севазвароце гаспадаркі 320 гектараў рапсу і 280 – свірэпіцы. Вызваленыя пасля іх уборкі плошчы будзем затым засяваць аднагодкамі – пайзай і просам. Наша асноўная задача – не толькі своеча- сова адсеяцца і атрымаць высокі ўраджай зерневых культур, паралельна з гэтым мы вырашаем і праблему надзейнага забеспячэннякармамі пагалоўя жывёлы гаспадаркі.
Так, па выніках 2019 года, кармоў у “Першамайскім” было назапашана на паўтара года. Сёння іх удосталь, гаспадарка нават рэалізавала каля 1,5 тысячы тон сенажу і сіласу суседзям. Кукурузнага сіласу павінна хапіць да новага ўраджаю, што вельмі важна, асабліва калі ўлічыць, што ў сельгаспрадпрыемстве сёлета вырашылі на летні па- шавы перыяд адмовіцца ад выпасу жывёлы.
— Яшчэ летась, — расказвае Віктар Мікалаевіч, — мы ў якасці эксперымента адзін з кароўнікаў не выганялі на пашу. Вынік атрымаўся станоўчым. Па малаку мы не страцілі ніколькі. На маю думку, круглагадовае ўтрыманне жывёлы ў хляве выключае адмоўны ўплыў чалавечага фактару на працэс атрымання малака: то даглядчык несвоечасова перагнаў жывёлу, то вады не падвёз, то жывёла пасвіцца на страўленым участку…
Таму і клапоціцца сёння дырэктар аб тым, каб кармавая база гаспадаркі была стабільнай і дастатковай, а яе запасаў хапіла, як і па мінулым сезоне, на паўтара года наперад, пралічвае, якая культура якую ўраджайнасць зможа даць, як найбольш эфектыўна выкарыстаць кожны з участкаў зямлі пасля ўборкі на ім ці то рапсу, ці то зерневых, калі падкарміць тое ці іншае поле мінеральнымі ўдабрэннямі (а азотам тут забяспечаны на сто працэнтаў), дзе правесці перазалужэнне…


Вядома, што жывёлагадоўля з’яўляецца пастаяннай, штодзённай крыніцай папаўнення бюджэту гаспадаркі. Пры дастатковай кармавой базе, стараннасці занятых у галіне людзей і бездакорным выкананні імі тэхналогіі можна разлічваць на стабільныя паказчыкі як у атрыманні малака, так і прыбаўленнях у вазе буйной рагатай жывёлы, а таксама на рост гэтых паказчыкаў. Дарэчы, у нашым раёне ўжо дзве гаспадаркі — сельгасфіліялы “Ома” і “Арэшкавічы” – даўно ўкаранілі круглагадовае, бязвыпаснае ўтрыманне ў памяшканнях жывёлы і пры гэтым паказваюць высокія і стабільныя вынікі.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *