Быць бядзе, калі дзеці без нагляду…

Два пажары з-за свавольства дзяцей з агнём адбыліся ў раёне за выхадныя дні. Днём першага жніўня трое дзяцей гулялі ля сціртаў саломы ў полі, непадалёк ад аграгарадка Капланцы. Адзін з хлапчукоў, жыхар Мінска, неаднаразова спрабаваў падпаліць салому. Урэшце выніку загарэліся цюкі з саломай. ААТ “Бярэзінскі” страціла ў выніку пажару 15 тон сена,  10 тон змаглі выратаваць пажарныя. Дзеці не пацярпелі.

У гэты ж дзень шасцёра дзяцей з Мікуліч паехалі на веласіпедах у поле ля вёскі Смалярня. Двое з іх – мясцовыя хлапчукі, вучні Паплаўскай школы, чацвёра – прыезджыя. Дзеці бегалі па цюках з саломаю. У аднаго з хлапчукоў аказаліся з сабою запалкі і ён дзеля свавальства падпаліў салому. У выніку гэтага пажару ААТ “Першамайскі” панесла страты ў памеры трох тон сена. Дзеці не пацярпелі.

У абодвух выпадках пажар учынілі школьнікі. Вядзецца следства і высвятляюцца ўсе акалічнасці здарэнняў. Відавочна, што вінаватыя не толькі дзеці, але і іх бацькі. Адсутнасць кантролю за гульнямі дзяцей, пакіданне запалак у зоне дасягальнасці для малых – тыя фактары, што падштурхоўваюць дзяцей да гульні з агнём. Нагадваем: за ўчынкі дзяцей даводзіцца плаціць дарослым. І калі ў адным выпадку справа заканчваецца штрафам і прафілактычнай работай з сям’ёй, то іншы раз бывае і так, што можна страціць жыццё дзіцяці з-за ўласнай неабачлівасці. Кантралюйце гульні дзяцей, нагадвайце ім правілы бяспекі падчас гульняў на дарозе, падчас адпачынку ля вады, абавязкова расказвайце пра небяспечнасць гульняў з запалкамі.

Вольга ДАНЭЙКА,

інспектар прапаганды Бярэзінскага РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *