Хто з бярэзінцаў авалодаў сакрэтамі майстэрства?

Прызёрам абласнога прафсаюзнага конкурсу прафесійнага майстэрства “Майстар Мінскай вобласці-2020” стаў і бярэзінец, дарожны рабочы філіяла ДЭУ-6 Максім Хахол.

— Перамога ў конкурсе “Майстар Мінскай вобласці-2020” для мяне была нечаканасцю. Але прыемнай нечаканасцю! – заўважае дарожны рабочы ДЭУ-6 Максім Хахол. Дзякуй, што маю працу ацанілі на такім высокім узроўні.

— Шчыра прызнаюся, перамога такога ўзроўню для мяне была поўнай нечаканасцю. Бо спаборнічалі са мной сапраўдныя майстры сваёй справы, — расказвае Максім. — Прыемна, што маю работу, мае старанні адзначылі на такім высокім узроўні. Крыху хваляваўся нават, калі ўручалі ўзнагароду! Як трапіў на конкурс? У нас заўсёды да Дня дарожніка праводзяцца спаборніцтвы па прафесійным майстэрстве. Галоўнае заданне – укладка пліткі за час. Былі і тэарэтычныя пытанні па тэхніцы бяспекі. Пераможцы і трапілі на конкурс “Майстар Мінскай вобласці-2020”.

Працуе Максім у ДЭУ-6 ужо 7 год. А да гэтага шчыраваў дарожным рабочым у ДРБУ-192.

— Здаецца, выпадкова трапіў у дарожную арганізацыю. Шукаў працу, а там патрэбен быў спецыяліст. Тады здавалася, што папрацую нядоўга… Але атрымалася вось такая, можна сказаць, невыпадковая выпадковасць. Справа, якой займаюся, па душы.

Так, складана! Амаль увесь час працуем на вуліцы. Зімой – снег, холад, восенню – дождж, летам – спякота! А мы шчыруем. Што ўваходзіць у мае абавязкі? Дарожны рабочы – гэта ўніверсальны рабочы. Нас у брыгадзе чатыры чалавекі. Мы і працуем дружна, адной камандай. З раніцы можам, да прыкладу, падсыпаць дарогі, у абед – рамантаваць, пад канец дня – бетанаваць знакі, — расказвае М. Хахол. – Як бачыце, наша работа шматгранная. У непагоду, асабліва зімой, неабходна ачысціць праезную частку дарогі. Але самы складаны перыяд, як ні дзіўна, не зімні, а наадварот – летне-вясновы. Неабходна абкошваць тэрыторыю каля дарог, устанаўліваць знакі, наносіць пешаходную разметку фарбаваць прыпыначныя пункты, каб было прыгожа і ўтульна! Да такой напружанай працы, вядома ж, неабходна прывыкнуць. А галоўнае, каб праца падабалася.

Часта даводзіцца выязджаць і ў камандзіроўкі. Мінулай зімой тыдні два шчыравалі на М1 (Барысаў), выконвалі там ямачны рамонт. Былі і камандзіроўкі ў Слуцк: займаліся добраўпарадкаваннем. Але мяне не пужае такі лад жыцця. Я люблю рух! Ды і праца на свежым паветры загартоўвае!

Так, Максім вядзе здаровы лад жыцця. У вольны час, якога, бясспрэчна, не так і шмат, любіць, калі дазваляе надвор’е, прабегчыся на лыжах.

— Ды і добрая фізічная форма дапамагае мне ў працы. Раней захапляўся настольным тэнісам, нават меў разрад. Зараз, на жаль, на гэта не хапае часу, — дадае Максім. – Шмат часу забірае і вучоба. Я студэнт Барысаўскага політэхнічнага каледжа. Два разы на год езджу на сесіі, чытаю шмат дадатковай літаратуры, выконваю практычныя заданні. Мне падабаецца: столькі ўсяго новага адкрываю для сябе. Аб чым мару? Спадзяюся, калі атрымаю дыплом, стану дарожным майстрам!

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *