Навагодняе дабрачыннае свята паклікала бярэзінскіх рабят

Рэспубліканская дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” працягвае сваё навагодняе шэсце па краіне і дорыць дзецям радасць, пачуццё чараўніцтва, увасабленне ў жыццё самых запаветных мар.

Дзяніс Дзішук уручае падарункі і віншуе са святам лепшых з лепшых вучняў раёна

У межах акцыі ў раённым цэнтры культуры прайшло традыцыйнае навагодняе дабрачыннае свята. У ім прынялі ўдзел пераможцы раённых, абласных алімпіяд, творчых конкурсаў, фестываляў, турніраў, спаборніцтваў, а таксама дзеці-інваліды, дзеці-сіроты, дзеці, якія засталіся без бацькоўскай апекі.

Нязменныя ўдзельнікі казачнага дзейства – дзеці!

На сцэне дзятву шчыра віталі і віншавалі з надыходзячым новым годам старшыня райвыканкама Дзяніс Дзішук і старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Лашкоўскі. Лепшым з лепшых бярэзінскім школьнікам яны ўручылі салодкія падарункі і асабіста павіншавалі са святам. Прадстаўнікі мясцовай улады падкрэслілі, што ў гэтыя перадсвяточныя дні дарослымі робіцца ўсё магчымае, каб ніводнае дзіця не засталося без увагі. Звяртаючыся да рабят Віктар Валянцінавіч нагадаў, што шчырыя ўсмешкі дзяцей – галоўны падарунак для дарослых у любы час года. Як вядома, той, хто дорыць шчасце, шчаслівы ўдвая.

А кіраўнік райвыканкама пажадаў, каб дзеці шчасліва і дружна жылі сярод родных і блізкіх, з аптымізмам глядзелі ў будучыню, верылі ў лепшае, каб заўжды любілі сваю Радзіму, клапаціліся пра яе дабрабыт, цанілі мір і згоду, якія пануюць у нас. Для гэтага патрэбна добра вучыцца, працаваць, дапамагаць старэйшым. Тады ў новым годзе збудуцца ўсе самыя запаветныя мары.

Ды якое дабрачыннае навагодняе прадстаўленне без знаёмых з дзяцінства казачных персанажаў Дзеда Мароза і Снягуркі!

Далей на сцэне разгарнулася захапляльнае казачнае дзейства пад назвай “Хто на ёлцы галоўны?” са знаёмымі героямі, якіх па-майстэрску ўвасобілі культработнікі, удзельнікі творчых гурткоў і аб’яднанняў цэнтра культуры. І, безумоўна, з Дзедам Марозам і Снягуркай – іх усе дружна паклікалі на сцэну і абаранялі ад злых персанажаў. Шыкоўнымі былі дэкарацыі, касцюмы, музычныя і танцавальныя кампазіцыі, а ўсё разам стварыла непаўторную навагоднюю атмасферу і пакінула самыя добрыя ўражанні. А яшчэ і смачныя пачастункі, якія атрымала кожнае дзіця.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены Громавай

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *