5 студзеня прафесійнае свята адзначаюць бярэзінскія сацработнікі

Працоўны стаж — больш за 16 гадоў

У Дзмітравічах, напэўна, усе ведаюць Марыю Саскавец. Так, яна мясцовая: але не ў гэтым галоўная прычына. Марыя Іванаўна больш за 16 гадоў працуе сацыяльным работнікам аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму. Імкнецца заўсёды дапамагчы тым, хто мае ў гэтым патрэбу.

— Віншую калег з прафесійным святам, з Новым годам і Ражством, жадаю быць церпялівымі, міласэрнымі, спагадлівымі! І, вядома ж, моцнага здароўя!

 

— Складана?! Усяк бывае! Працаваць з людзьмі заўсёды нялёгка. А з пажылымі – удвайне складаней. У кожнага свой характар: неабходна прыстасоўвацца, як я кажу, знайсці свой “ключык”. А галоўнае — любіць сваю справу, з павагай адносіцца да пажылых людзей. Шчыра прызнаюся, мне работа прыносіць задавальненне, — расказвае Марыя Іванаўна. – І нават не ўяўляю, кім бы яшчэ магла быць.

Амаль 8 гадоў Марыя Іванаўна шчыравала сацыяльным работнікам у Бялавічах, Міхеевічах. Затым – у Шавярнічах.

— Зараз у мяне на абслугоўванні 3 пажылыя, якія пражываюць у вёсцы Дзмітравічы. Таму цяпер працаваць на месцы, у сваёй вёсцы, бясспрэчна, значна лягчэй. А раней прыходзілася дабірацца і на аўтобусе, і пешшу, і на веласіпедзе, — дадае жанчына.

Але, усё роўна, сумаваць няма калі. Прачынаецца Марыя Іванаўна вельмі рана. Трэба ж дома яшчэ дагледзець гаспадарку (а яна не маленькая!), прыгатаваць сняданак. І — хутчэй на працу. Да прыкладу, да двух сваіх падапечных яна наведваецца 5 разоў (!) на тыдзень.

— Што ўваходзіць у мае абавязкі? Дапамагаю прыбрацца ў доме, прыношу дровы, ваду, гатую ежу, набываю прадукты харчавання, медыкаменты… — заўважае М. Саскавец. – Адным словам, дапамагаю стварыць камфортныя ўмовы для пражывання. Шмат гутарым з маімі падапечнымі, яны добра ведаюць мяне, я – іх. Перакінемся словам-другім – ім ужо весялей і мне прыемна. На абслугоўванне аднаго падапечнага патрабуецца прыблізна дзве гадзіны. Але бывае, што спраў значна больш. Я ніколі не адмаўляю. Разумею, што іншы раз без маёй дапамогі пажылым людзям не справіцца.

— Марыя Іванаўна – мая надзейная памочніца. Зараз і не ўяўляю, як гэта я без яе ўпраўляўся, — дадае Леанід Шукан. — Раней неяк сам па гаспадарцы: і дровы, і ваду прыносіў, і гатаваў… Зараз здароўе падводзіць. Таму вырашыў, што мне неабходна дапамога сацработніка. Марыя Іванаўна наведвацца стала да мяне зусім нядаўна. Але я так прывык! У доме заўсёды прыбрана, нагатавана. Ды і проста пагутарыць прыемна.

…Іншы раз працоўны дзень у Марыі Іванаўны заканчваецца позна. А дома зноў чакаюць хатнія справы.

— Ведаеце, мне падабаецца такі актыўны рытм жыцця. Я не люблю сядзець на месцы, пастаянна ў руху. Нават вечарам, калі ўсе справы зроблены, не хочацца проста сядзець каля тэлевізара. Я з задавальненнем вяжу. Гэта маё захапленне, — расказвае жанчына. — Асабліва падабаецца вязаць шапкі, дару іх родным і блізкім!

Аказваецца, Марыя Іванаўна шматдзетная матуля: у яе 4 сыны. Зусім нядаўна стала бабуляй у 5 раз!

— Так, я шчаслівая жанчына: у мяне ёсць любімая сям’я, якая мяне падтрымлівае, і справа, што прыносіць асалоду! – з упэўненасцю сцвярджае Марыя Іванаўна.

“Для мяне нашы бабулі і дзядулі, як родныя!”

Так з упэўненасцю сцвярджае выконваючая абавязкі загадчыцы аддзялення кругласутачнага знаходжання для людзей пажылога ўзросту і інвалідаў у в. Дулебы Анжэла Цэдрык.

— Новы год у нашым аддзяленні — асаблівае свята

— Некаторыя пражываюць у нас ужо вельмі даўно, мы да іх прывыклі, а яны — да нас, — працягвае Анжэла Мікалаеўна. – Мне многія знаёмыя гавораць, маўляў, гэта ж так складана працаваць пастаянна з пажылымі людзьмі. Я адказваю: без маіх бабуль і дзядуляў ужо не змагла б. Яны вельмі розныя: са сваімі меркаваннямі, захапленнямі, марамі, спадзяваннямі, са сваёй “ранай”, якая ніяк не гоіцца. Наша аддзяленне, быццам маленькі гарадок, які жыве па сваіх правілах: сняданак, прыём лякарстваў, малітвы, вячэра… Час ідзе вельмі марудна, ён быццам сціскаецца, а жыццё набывае новы сэнс. Тут, у нас, добра бачна, як сустракаецца старасць з адзінотай… Так хочацца падарыць падапечным цеплыню, любоў, клопат. Так важна ў нашай справе

быць міласэрнымі, стрэсаўстойлівымі, умець суперажываць, дапамагаць. Іначай, не зможаш працаваць.

З 2009 года, з часу адкрыцця аддзялення, Анжэла Мікалаеўна працавала тут сацыяльным работнікам. Не так даўно, з кастрычніка, — выконваючая абавязкі загадчыцы.

Работы прыбавілася. Але ўсё вядомае, як кажуць, роднае, “сваё”. Прыходжу на працу задоўга да пачатку рабочага дня. Адразу ж “прымаю” змену: распытваю, як прайшла ноч, гляджу журнал, дзе фіксуецца, ці ўсе прыйшлі на працу, памералі тэмпературу цела, пытаюся, як хто сябе адчувае… І пайшла праца… Бывае, так набегаюся за дзень, што пад вечар не адчуваю ног. Але мне пашчасціла з камандай. Усе пытанні вырашаем разам, дапамагаем адзін аднаму, падказваем.

У аддзяленні і калегі, і бабулі, і дзядулі паважаюць жанчыну за яе адказныя адносіны да справы, прынцыповасць і “добрае сэрца”.

— Іншы раз “душа баліць”, калі я бачу, як падапечныя з нецярпеннем чакаюць, што да іх прыедуць… — заўважае Анжэла Мікалаеўна. — Мы робім усё магчымае і нават больш, каб яны ні ў чым не мелі патрэбы, адносімся як да сваіх, родных і блізкіх!

Бачна, што Анжэла Мікалаеўна любіць сваю справу, таму ў яе “скарбонцы” ўжо ёсць шмат узнагарод рознага ўзроўню.

— Удзельнічала я і ў кулінарных конкурсах “Смак”, “Вкусовые качества”, і нават перамагала, — расказвае жанчына. — Бо гатую я заўсёды з задавальненнем, люблю парадаваць мужа, дачушку і сына чымсьці смачненькім! А яшчэ люблю вязаць. Як усё паспяваю?! Сакрэт просты – люблю тое, чым займаюся!

Прафесіянал, грыбнік, паляўнічы і сем’янін

З самага адкрыцця аддзялення кругласутачнага знаходжання для пажылых людзей і інвалідаў Бярэзінскага ТЦСАН працуе тут вадзіцелем, а па сумяшчальніцтве і рабочым па абслугоўванні Канстанцін Цюлюпа.

— Віншую калег з прафесійным святам. Жадаю моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту!

— У мяне работа насычаная. Дастаўляю прадукты ў аддзяленне, калі неабходна, адвожу пажылых у бальніцу, да прыкладу, на медагляд, забіраю “навічкоў” да нас у аддзяленне, езджу ў камандзіроўкі ў Мінск, Барысаў… Але я да такога напружанага графіка ўжо прывык, бо без справы сядзець не магу, сумна, — расказвае Канстанцін Ягоравіч. – Прыемна, што ў нас цудоўны калектыў, мы разумеем адзін аднаго з паўслова! Таму і працаваць лёгка.

Увогуле ж, вадзіцельскі стаж у Канстанціна Ягоравіча значны. У 18 гадоў скончыў аўташколу “ДОСААФ”. Нават у арміі служыў вадзіцелем. З 1984 года, як вярнуўся з арміі, так па сённяшні дзень, як кажуць, і “круціць абаранак”.

Калегі з павагай адносяцца да Канстанціна Ягоравіча. Характарызуюць яго як прафесіянала сваёй справы, сціплага, адкрытага чалавека, які заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу.

— Жывём з жонкай у Дулебах. Яна таксама зараз працуе ў аддзяленні. У нас трое дарослых сыноў, і я шчаслівы дзядуля, — расказвае Канстанцін Ягоравіч. – Чым з задавальненнем займаюся ў вольны час? Люблю прыроду. Лес ведаю як свае пяць пальцаў. Нашы, дулебскія, багатыя на дары: шмат грыбоў, ягад… Ёсць у мяне і даволі незвычайнае хобі – паляванне. Люблю хадзіць па лесе, разважаць, думаць, прыслухоўвацца да прыроды. Гэта дае сілы, натхняе на працу!

Юлія БУКЕЛЬ.

Фота аўтара.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *