Вопытам удзелу ў інавацыйным праекце дзеляцца лешніцкія педагогі

Акунуцца ў свет добрай казкі і чараўніцтва запрасілі педагогі і вучні Лешніцкай установы адукацыі, наладзіўшы Калядны баль у мясцовым Доме культуры. Мерапрыемства праходзіла ўжо ў трэці раз і стала фінальным акордам інавацыйнага праекта, што з 2018 года рэалізуецца на базе школы.

Ганаровымі гасцямі свята былі кіраўнік спраў райвыканкама Міхаіл Бурцаў, намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Ала Петруковіч, старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Людміла Толкач, протаіерэй Бярэзінскай акругі Ілья Ганчарук, паважаны ветэран працы ўстановы адукацыі Раіса Бурцава, дырэктар ДУА “Пачатковая школа горада Беразіно” Мікалай Дубовік.

Першым са словамі віншаванняў з Ражством Хрыcтовым да прысутных звярнуўся Ілья Ганчарук, бласлаўляючы баль:

Блаславіў Калядны баль протаіерэй Бярэзінскай акругі Ілья Ганчарук

— Ужо прайшло больш, чым месяц, як праваслаўны свет адзначыў свята Ражства Хрыстова. Але ваш традыцыйны Калядны баль зноў і зноў вяртае нас у тую самую хвіліну, каб яшчэ раз разам парадавацца і самае галоўнае — уславіць Нараджэнне Збаўцы. Божае Нараджэнне — гэта Вялікі дзень. Дзве тысячы гадоў таму, і нават больш, гэта падзея перавярнула свет. З’явілася хрысціянства, пачала развівацца царква і людзі пачалі жыць з Хрыстом, які падарыў чалавеку магчымасць быць з Богам у вечнасці.

Адкрыла трэці Калядны баль дырэктар Лешніцкай установы адукацыі Наталля Бурцава і пажадала, каб святло Віфлеемскай зоркі, што абвясціла нараджэнне Іісуса Хрыста, асвятляла дамы, сагравала сэрцы, дарыла ўсім надзею, любоў і шчасце.
Вітаў удзельнікаў балю і Міхаіл Бурцаў:

— Дзякуй за цёплы прыём, выдатную магчымасць паўторна перажыць эмоцыі, звязаныя з чароўнай атмасферай Ражства, акунуцца ў казку і адчуць веру ў цуд. Хочацца пажадаць усім удзельнікам святочнага дзейства цяпла, сямейнага і душэўнага, веры ў лепшае і добрае, і, вядома, здароўя вам і вашым блізкім.

Але ўрачыста гучалі фанфары, не толькі запрашаючы на Калядны баль, а і ў гонар шасцідзесяцігадовага юбілею, які навучальная ўстанова адзначае селёта.

Граматай ад галіновага райкама прафсаюза ўзнагароджана дырэктар Лешніцкай установы адукацыі Наталля Бурцава

Таму госці прыйшлі не з пустымі рукамі. Граматай ад райкама прафсаюза за высокія паказчыкі развіцця сацыяльнага партнёрства, садзейнічанне прафсаюзу ў рэалізацыі яго праграм была адзначана кіраўнік Лешніцкай установы адукацыі Наталля Бурцава. Не застанецца без падарункаў у юбілейны год і калектыў. Дастойную ўзнагароду за поспехі ў вучобе і працы вучням і педагогам уручаць на святочнай лінейцы з нагоды апошняга школьнага званка. Гэта адзначала, звяртаючыся да арганізатараў і ўдзельнікаў Каляднага балю, а таксама віноўнікаў будучай урачыстасці, Ала Петруковіч.

Вучні і педагогі закружыліся ў вальсе

— Мне прыемна штогод прысутнічаць на Калядным балі. Я заўсёды атрымліваю масу станоўчых эмоцый, якія зараджаюць на ўвесь каляндарны год. 2021 год для ўстановы адукацыі — юбілейны. І юбілей толькі пачынаецца, бо ўсе мерапрыемствы яшчэ наперадзе. Калектыву ўстановы вялікі дзякуй за значны і важны ўклад кожнага ў рэалізацыю інавацыйнага праекта і тыя вынікі, якіх удалося дамагчыся за тры гады. І сённяшняе фінальнае мерапрыемства яскравае таму пацвярджэнне, — гаварыла, не хаваючы эмоцый, Ала Сяргееўна.

Навагодні танец ад юных выхаванцаў

Дарэчы, прыемнымі сюрпрызамі, створанымі рукамі вучняў і педагогаў, парадавалі і гасцей.

Маленькія “сняжынкі” рыхтуюцца да выступлення

А сведчаннем таго, што педагогі ўкладваюць душу і ў кожнага выхаванца, сталі творчыя знаходкі дашкольнікаў і вучняў установы. Рабяты выконвалі калядныя песні, інсцэніравалі казку “Дванаццаць месяцаў”, кружыліся ў танцах “Падыспань”, “Волшба”, “Танга”, “Падэграс”, “Венскі вальс”. І кожнае наступнае выступленне напаўняла сэрцы прысутных святлом любові і дабрыні. Гэтага ж так не хапае людзям у сённяшніх рэаліях! Сапраўдным падарункам для гасцей сталі віртуозныя найгрышы на баяне ад музыкі Андрэя Галузава і песеннае майстэрства Наталлі Бурцавай.

Інсцэніроўка казкі “Дванаццаць месяцаў”

Святлана Круталевіч, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, каардынатар інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі маральнага развіцця вучняў у сучаснай адукацыйнай прасторы на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа з улікам рэгіянальнага сацыякультурнага кластара”:

— Інавацыйны праект рэалізуецца ва ўстанове адукацыі “Лешніцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа” з 2018 года. У ім прымаюць удзел 15 педагогаў, 72 вучні і 33 выхаванцы дашкольных груп. Асноўная мэта — выхаванне падрастаючага пакалення на гістарычных, культурных і рэлігійных каштоўнасцях свайго народа ў сучаснай адукацыйнай прасторы.

Сацыяльнымі партнёрамі праекта выступаюць установы дадатковай адукацыі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, Лешніцкі СДК і вясковая інтэграваная бібліятэка, раённая дзіцячая школа мастацтваў, Свята-Нікольскі храм горада Беразіно. Сумесныя мерапрыемствы накіраваны на выхаванне ў вучняў талерантнасці, усвядомленага паважлівага і добразычлівага стаўлення да аднагодкаў любой нацыянальнасці і веравызнання.

Маральнае развіццё асобы дзіцяці ажыццяўляецца праз праектную і краязнаўчую дзейнасць, факультатыўныя заняткі па асновах праваслаўнай культуры і іншых праграмах духоўнага выхавання на традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа.

Уцягнуты ў праектную дзейнасць і бацькі, бо іх аўтарытэт аказвае не менш моцнае ўздзеянне на асобу дзіцяці, чым Інтэрнэт прастора. Законныя прадстаўнікі вучняў, арганізуючы і прымаючы ўдзел у тэматычных вечарах, святах, экскурсіях, паломніцкіх паездках, выставах дакументаў хатняга архіва, садзейнічаюць маральнаму развіццю дзяцей, фарміраванню ў іх каштоўнасных арыенціраў: патрыятызму, талерантнасці, пачуцця ўласнай годнасці, умення разумець іншага і самога сябе.

На жаль, 2021 год стаў завяршальным этапам рэалізацыі праекта. Але актуальнасць падобнай дзейнасці значна ўзрастае перад сучаснымі выклікамі і пагрозамі. Таму хочацца, каб станоўчы вопыт, атрыманы намі, набыў пашырэнне і ў іншых навучальных установах раёна.

Алена МУРАЧ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *