У радзільным аддзяленні Бярэзінскай ЦРБ зноў паселіцца шчасце!

З панядзелка, 22 лютага, самае святочнае аддзяленне Бярэзінскай ЦРБ, радзільнае, вяртаецца да звыклага рэжыму работы. Зноў тут паселяцца шчасце, усмешкі, гучныя “куга-куга” нованароджаных… Самы час зазірнуць у аддзяленне, паглядзець, як тут рыхтуюцца прымаць будучых матуль.

— Так, няпроста працаваць падчас пандэміі! Але ж медыцынскія работнікі павінны дапамагаць людзям спраўляцца з захворваннямі. Дарэчы, амаль усе медработнікі – ваеннаабавязаныя! Таму 23 лютага – і наша свята, віншуем адзін аднаго, — заўважаюць супрацоўнікі радзільнага аддзялення. Што жадаем? Па-рознаму! Але сёлета, напэўна, будзе адно галоўнае жаданне – каб хутчэй скончылася пандэмія!

— Больш за тры месяцы таму радзільнае аддзяленне Бярэзінскай ЦРБ было перапрафілявана ў інфекцыйнае пад нумарам 2. Тут праходзілі лячэнне пацыенты з пнеўманіямі, сімптомамі каранавіруснай інфекцыі, пацверджанай “каронай”. Калектыў аддзялення, 18 чалавек, дастойна справіўся з выпрабаваннямі, якія “падкінула” пандэмія. Узначальваў аддзяленне ўрач-эндакрынолаг Андрэй Гурыновіч. Кожны на сваім месцы рабіў усё магчымае і нават больш, каб дапамагчы, падтрымаць пацыентаў.

— Работа ў аддзяленні, ды і ўвогуле, у медыцыне – камандная. Мы дапамагаем адзін аднаму, падтрымліваем. Дружна, згуртавана, адной камандай працавалі і ў інфекцыйным аддзяленні. Таму дастойна справіліся з гэтым ыпрабаваннем. Дзякуй кожнаму за плённую працу! Дзякуй адміністрацыі бальніцы, што падтрымліваюць нас, забяспечваюць усім неабходным, — заўважае старшая акушэрка радзільнага аддзялення, а па сумяшчальніцтве старшая медыцынская сястра інфекцыйнага Аксана Толкач

Аксана Толкач працавала старшай медыцынскай сястрой інфекцыйнага аддзялення. А да гэтага 18 гадоў – старшай акушэркай радзільнага аддзялення.

— Ці было страшна працаваць у інфекцыёнцы? Спачатку быў так званы страх “няведання”. Мы ж раней не сутыкаліся з падобным захворваннем. У нас жа заўсёды было самае святочнае аддзяленне. Як мы жартуем, “святыня”, дзе на свет з’яўляецца маленькі “камячок” шчасця. І нам — урачам, акушэркам, медыцынскім сёстрам, санітаркам, цалкам неабходна было перастроіцца. І гэта было вельмі складана. Мы ж увесь час працавалі з цяжарнымі жанчынамі. Яны – шчырыя, усмешлівыя, у чаканні дзіцяці. Мы жартавалі, што аддзяленне не было даступна для мужчын, акрамя, вядома ж, урачоў. А падчас пандэміі нашымі пацыентамі былі і мужчыны, і жанчыны розных узростаў. Прычым, сапраўды, хворыя. Што ўваходзіла менавіта ў мае абавязкі? Ведаеце, амаль тое ж, што і заўсёды. Забеспячэнне работнікаў сродкамі індывідуальнай аховы, арганізацыя работы медсясцёр, санітарак, кантроль за захаваннем санітарна-эпідэміялагічнага рэжыму…

Адным словам, спраў, як заўсёды, хапала. Пацыентам з “каронай” ставілі кропельніцы, уколы. На кожнага пацыента меўся ліст, дзе кожныя чатыры гадзіны фіксаваўся ўзровень сатурацыі (насычэння крыві кіслародам), паказчыкі артэрыяльнага ціску, пульсу, частаты дыхання, тэмпературы. Да кожнага з пацыентаў адносіліся “з душой”, кожнаму імкнуліся дапамагчы. Таму вельмі прыемна было, калі, да прыкладу, людзі выказвалі шчырыя словы падзякі пасля ачуньвання пры сустрэчы на вуліцы.

Радзільнае аддзяленне было цалкам “чырвонай” зонай. Медыцынскія работнікі працавалі ў сродках індывідуальнай аховы: спецыяльных касцюмах, масках, пальчатках, шчытках, праходзілі праз шлюз, што аддзяляў “зялёную” зону ад “чырвонай”, і быццам траплялі ў іншы свет.

— Працаваць у касцюмах – складана фізічна медыкам. А пацыентам — эмацыянальна цяжка бачыць людзей у такіх “скафандрах”. Яны бачаць толькі нашы вочы. І ад гэтага цяжка… У нас праходзілі лячэнне ў асноўным людзі пасля 40. Асабліва няпроста, і фізічна, і эмацыянальна, было пажылым. Былі і бабулькі 92, 94 гадоў, — расказвае Аксана Міхайлаўна. — У людзей
старэйшага ўзросту іншы раз існуюць праблемы са слыхам, зрокам. А ўявіце сабе, калі да вас звяртаецца чалавек у такім “скафандры”. Гук прыглушаецца, таму даводзілася амаль крычаць, каб пачуць адзін аднаго. Але да ўсяго прывыкаеш. Праца ў інфекцыйным аддзяленні – каласальны вопыт.

Калі мы зазірнулі ў аддзяленне, там праводзілася генеральная ўборка. Як нам патлумачылі, аддзяленне прымала “хімічны” душ дзеля дэзынфекцыі.

— Шчыра прызнаюся, спачатку было вельмі нязвыкла працаваць у інфекцыйным аддзяленні, — расказвае акушэрка радзільнага аддзялення, медыцынская сястра інфекцыйнага Вера Шарамецьева. – Здаецца, выконвалі тыя ж абавязкі. Але гэта было даволі складана, і фізічна, і эмацыянальна. У радзільным аддзяленні я шчырую гадоў 15. Прывыкла працаваць з цяжарнымі жанчынамі: суправаджаць з’яўленне новага жыцця… А тут — хворыя пацыенты. Даводзілася нават іншы раз і маральна супакойваць іх, падтрымліваць. Імкнуліся дапамагчы ім справіцца з захворваннямі. Таму для нас, сапраўды, падарунак да 8 Сакавіка – вяртанне да звыклага рэжыму работы! Мы з нецярпеннем чакалі гэтай падзеі. З нецярпеннем чакаем і нашых любімых жанчын у аддзяленні

— Мы рады, што наша аддзяленне вяртаецца да звычайнага рэжыму работы. Мы, сапраўды, сумавалі па нашых цяжарных жанчынах і нованароджаных, ды і, увогуле, па гэтай святочнай атмасферы. Па календары цяжарнасцей на сакавік запланавана, што 16 жанчын стануць матулямі. Пачнём прымаць і на захаванне цяжарнасці. Мне здаецца, і самі жанчыны ўжо з нецярпеннем чакаюць адкрыцця аддзялення. Бо многія, вядома ж, хочуць нарадзіць дзіцятка ў нас, у роднай райбальніцы, дзе, як кажуць, і “сцены дапамагаюць”. У нашым аддзяленні для будучых матуль створаны камфортныя ўмовы, працуюць кваліфікаваныя спецыялісты. У 2013 годзе ў аддзяленні прайшоў рамонт: зараз усё новенькае, прыгожае. Дарэчы, у сваім жа аддзяленні і я нарадзіла сваіх двух сыночкаў, — дадае А. Толкач.

Пакуль на базе радзільнага аддзялення функцыянаваў шпіталь, жанчыны з Бярэзінскага раёна нараджалі ў Барысаўскім, Мінскім радзільных дамах, у цэнтры “Мать и дитя”…

— Ніхто з іх не быў пакінуты, забыты, усім была аказана кваліфікаваная дапамога, — дадае А. Толкач. – У залежнасці ад стану здароўя жанчын – накіроўвалі ва ўстановы аховы здароўя Мінскай вобласці. А з будучага панядзелка з нецярпеннем чакаем будучых матуль у нас. Тут створаны камфортныя ўмовы, каб нарадзіць здаровенькае дзіцятка. Бясспрэчна, хочацца, каб нараджальнасць у раёне толькі павышалася. Каб жанчыны думалі пра сваё здароўе, здароўе дзіцяці: своечасова звярталіся ў жаночую кансультацыю, выконвалі назначэнні ўрачоў.

— У дзіцячым аддзяленні райбальніцы, калі функцыянаваў шпіталь, быў створаны колл-цэнтр для медработнікаў. Каля кабінета размешчаны схемы, дзе дакладна прапісаны алгарытм выкарыстання камбінезонаў, шчыткоў, бахіл… Гэта важна ведаць усім нам, медыцынскім работнікам, бярэзінцам і бездакорна захоўваць нормы прафілактыкі “кароны”, — заўважае галоўная медыцынская сястра райбальніцы Таццяна Ліпніцкая

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *