Чаму бярэзінскім дзецям патрэбен “Снежны снайпер”?

Абласны этап рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне «Снежны снайпер» на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба ўжо не першы год збірае юных страляючых лыжнікаў у Раўбічах.

29 студзеня абласны этап рэспубліканскіх спаборніцтваў па біятлоне «Снежны снай- пер» завяршыўся змешанай эстафетай. Бярэзінская чацвёрка юных біятланістаў у складзе Паліны Ермаловіч, Валерыі Дубовік, Дзяніса Бурага, Аляксея Базыленка за-ваявала трэцяе месца!

Жорсткі, амаль прафесійны спартыўны адбор з 32 тысяч удзельнікаў раённых спаборніцтваў прайшлі 196 школьнікаў — аматараў біятлона. Яны атрымалі права рыхтавацца на лепшай нацыянальнай лыжнай трасе ў Раўбічах. Падкупляюць дзятву не толькі аднолькавыя з прафесійнымі спартсменамі ўмовы трэніровак, але і той факт, што прадстаўнікі Беларускай федэрацыі біятлона праводзяць тут непасрэдна тэсціраванне і адбіраюць найбольш таленавітых дзяцей для заняткаў зімовым відам спорту на больш сур’ёзным узроўні.

— Цікавасць дзяцей да біятлона выклікана не толькі дасягнутымі поспехамі нашых спартсменаў на сусветным узроўні, — падкрэслівае намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Ала Петруковіч, — але і выключнай, справядлівай арганізацыяй спаборніцтваў “Снежны снайпер”. Тут паміж сабой трэніруюцца дзеці, якія не займаюцца ў секцыях і спартыўных школах па біятлоне, не дапускаюцца тут і замены, ды і дыскваліфікацыя — не рэдкасць. Хлопчыкі і дзяўчынкі добра ведаюць гэта і сумленна, з апошніх сіл, змагаюцца за перамогу. Страсці кіпяць не толькі на лыжнай трасе і на стрэльбішчы, але і на прызавым п’едэстале!

Быць пераможцам “Снежнага снайпера” вельмі прэстыжна і з кожным годам усё складаней.

— Прасцей было з гэтым яшчэ некалькі гадоў таму, — удакладняе Ала Сяргееўна, — а цяпер спаборніцтвы максімальна набліжаны да прафесійнага фармату. Раней юныя спартсмены асобна бегалі і стралялі, а сёння, дзякуючы Прэзідэнцкаму клубу, біятлоннае стрэльбішча прама на трасе абсталявана мішэннымі ўстаноўкамі і сучаснымі пнеўматычнымі вінтоўкамі. Ведаеце, як гэта абуджае жаданне дзяцей займацца біятлонам?

Таму і нядзіўна, што сярод удзельнікаў “Снежнага снайпера” каторы год — бярэзінскія школьнікі. Яны на мерапрыемстве не навічкі, бо змагаюцца за выхад у фінал ужо з пачатковых класаў і надзейна ўваходзяць у лік першай дваццаткі ў індывідуальным першынстве і першай дзясяткі ў эстафетах. Аб’ядноўвае іх не толькі захапленне зімовым відам спорту, але і вялікая любоў да спартыўнага арыентавання. Інакш чаму ў біятлоннай камандзе так многа дзятвы, што займаецца ў секцыях спартыўнага арыентавання непасрэдна ў родных школах.

У ліку членаў раённай біятлоннай каманды асобна вылучаецца прадстаўнік Бярэзінскай гімназіі Ілья Крушны. Ён — пераможца шматлікіх спаборніцтваў па спартыўным арыентаванні і вялікі аматар бегу. Адольвае юнак што-дзень некалькі кіламетраў па горадзе. — Біятлон, як і любы від спорту, пачынаецца з выдатнай фізічнай падрыхтоўкі спартсмена, — заўважае юнак, — бо без яе не прыйдуць хуткасць, спрытнасць, вынослівасць і спартыўны характар. Гэта красамоўна даказала ўсім у хо-дзе эстафеты наша каманда, якая фінішавала трэцяй

Так, сярод сярэдняй і старэйшай узроставых груп шмат юнакоў і дзяўчат з ДУА “Гарэніцкі ВПК дзіцячы садок-сярэдняя школа” і “Капланецкі ВПК дзіцячы садок-сярэдняя школа”. Тут ужо каторы год запар педагогі дадатковай адукацыі турыстычнага цэнтра “Юнацтва” тройчы на тыдзень праводзяць заняткі па спартыўным арыентаванні. Дзецям падабаецца не толькі вучыцца добра арыентавацца на мясцовасці, але і мець магчымасць набраць неабходную фізічную форму, каб уражваць сяброў увішнасцю, спрытнасцю і хуткасцю. Ды і нельга забывацца, што займацца гэтым відам спорту можна круглы год. Таму без умення катацца на лыжах ніяк не абысціся!

— У нашых дзяцей звычайна няма свайго ўласнага лыжнага інвентару, але ў школе ёсць усё неабходнае, — дадае намеснік дырэктара Гарэніцкай СШ Аксана Грышчанка, — нават асобныя пары на халоднае і цёплае надвор’е. Няма пытанняў і з лыжнай трасай. Як толькі выпадзе снег, яна пракладаецца на школьным стадыёне. Ды і заўсёды можна пакатацца ў лесе, што непадалёк.

Сёлета ў абласных спаборніцтвах “Снежны снайпер” ад Гарэніцкай СШ ўдзельнічалі Аляксандр Акуліч, Кірыл Буры, Дзяніс Буры і Аляксей Базыленка. Прозвішчы гэтыя даўно на слыху ў раёне, бо без іх не абыходзяцца ніводныя спартыўныя спаборніцтвы. Сярод іх і ўладальнік прэстыжнага тытула “Вучань года – 2020” у намінацыі “Спартыўная дзейнасць».

— Мы захоўваем вернасць спартыўнаму арыентаванню, — падкрэсліваюць хлапчукі, — і лічым біятлон яго часткай. Чаго варта магчымасць навучыцца страляць на высокім пульсе, праляцець як ракета па лепшых лыжных трасах краіны і адкрыць для сябе сакрэты лыжнага ходу. Вучыцца гэтаму можна бясконца.

— Я сачу за лыжнымі гонкамі і біятлонам, — гаворыць Марына Курач, — перажываю вядома за Дзінару Алім-бекаву, Ганну Сола і іншых спартсменаў. Хто ведае, можа мне калі-небудзь пашанцуе ў жыцці запаліць біятлонную зорку і падарыць свету новую Дар’ю Домрачаву

У складзе раённай біятлоннай каманды дзявочую палову прадстаўляюць вучаніцы Капланецкай СШ Дар’я Дудко, Лізавета Тушынская, Настасся Грыбко, Паліна Ермаловіч, Марына Курач. Захапленне лыжамі ў гэтай школе нікога не здзіўляе, бо лыжная траса пралягае праз усю тэрыторыю школы, абсталявана і стрэльбішча. Ды і педагогі бясконца ўлюбёныя ў зімовыя віды спорту. Ганарацца яны не толькі спартыўнымі поспехамі сваіх вучняў, але і тым, што частка з іх збіраецца штурмаваць спартыўныя ВНУ.

— Для мяне спаборніцтвы па біятлоне “Снежны снайпер” сёлета завяршыліся, — прызнаецца Марына Курач. — Я заканчваю сярэднюю школу, поўным ходам рыхтуюся да цэнтралізаванага тэсціравання для паступлення ва ўніверсітэт фізічнай культуры. Гэту ўстанову выбрала невыпадкова. Хачу пайсці па сцежках нашага кіраўніка па спартыўным арыентаванні Віталія Пянкрата. Дзякуючы яму і сваім школьным педагогам, я навучылася не толькі страляць, але і хутка бегаць на лыжах. Шкада толькі, у фінал не трапіла!

 

Шчыра шкадуе аб гэтым і Лізавета Тушынская. Але здзейсніць мару ў яе яшчэ атрымаецца, бо вучыцца ў 8 класе.

— Мне таксама пакуль не пашчасціла быць пераможцай на “Снежным снайперы”, — заўважае дзяўчына. — Аднак я паступова набліжаюся да сваёй мары. Не хапіла трапнасці, ды і пэўнай хуткасці. Затое паступова адточваю тэхніку лыжнага ходу, вучуся не паддавацца эмоцыям, бо паверце, страсці кіпяць і сярод нас. Аднойчы мяне на трасе стукнула палкай па лыжах дзяўчынка. Аднак енчыць і высвятляць адносіны часу не было! Я вучуся кіраваць сваімі эмоцыямі, ёсць у мяне і добры спарынг-партнёр — Настасся Грыбко. Нам бы толькі настойлівасці дабавіць і крышачку ўдачы!

У тэму

12-13 лютага ў Капылі адбыліся фінальныя абласныя спаборніцтвы па лыжным спорце сярод юнакоў і дзяўчат 2007-2008 гадоў нараджэння ў рамках абласной спартакіяды сярод дзяцей і юнацтва, якія займаюцца ў групах і секцыях фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы па месцы.
жыхарства. У мерапрыемстве традыцыйна бралі ўдзел бярэзінскія аматары лыжных гонак.

Па выніках спаборніцтваў каманда Бярэзінскага раёна заняла другое месца ў эстафеце і стала трэцяй у агульнакамандным заліку.
— Гэта пакуль — мы другія і трэція, — заўважае дырэктар фізкультурна-аздараўленчага цэнтра “Юнацтва” Дзмітрый Ванькевіч. — Але я ўпэўнены, што ўжо гэтай снежнай зімой нашы лыжнікі выйдуць на першыя пазіцыі. Чаму? Трэніроўкі праводзяцца тройчы на тыдзень, не прапускаюць аматары лыжных гонак і заняткі фізічнай культурай, якія цяпер прапісаліся выключна на лыжнай трасе. Ды і патрэбны інвентар маецца. Нельга забывацца і пра тое, што наш цэнтр у самы бліжэйшы час прыме лыжныя спаборніцтвы самага рознага ўзроўню. А гэта — лепшая матывацыя на перамогу!

Мілана ТРАПЯНОК. Фота Алены ГРОМАВАЙ і з архіва ўстаноў адукацыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *