8 красавіка — Дзень ваенных камісарыятаў

Максім Клюеў служыць намеснікам ваеннага камісара па тэрытарыяльнай абароне Бярэзінскага раёна ваеннага камісарыята Чэрвеньскага і Бярэзінскага раёнаў Мінскай вобласці.

— Сам не мясцовы, з Чэрвеньскага раёна, — расказвае Максім Анатольевіч. – Скончыў Мінскі дзяржаўны вышэйшы авіяцыйны каледж. Чаму паступаў менавіта туды? Заўсёды падабалася ваенная форма, марыў, што і я буду насіць яе. Мара здзейснілася. Пяць з паловай гадоў вучобы праляцелі як адно імгненне. Бясспрэчна, было вельмі складана. Неабходна асвоіць шмат тэарэтычных ведаў, да таго ж казарменны рэжым, строгая дысцыпліна. Але, ведаеце, я ніколі не пашкадаваў, што паступіў менавіта ў гэтую навучальную ўстанову.
Калі Максім Клюеў прыйшоў афармляць асабістую справу ў ваенкамат, ваенны камісар прапанаваў служыць у структуры ваеннага камісарыята. Хлопец паразважаў, падумаў і пагадзіўся.
— Магчыма, камусьці падасца, што ў нас работа сумная, але гэта не так, — расказвае Максім Анатольевіч. — Што ўваходзіць у мае абавязкі? У мірны час займаемся арганізацыяй тэрытарыяльнай абароны ў Бярэзінскім раёне, навучаннем і падрыхтоўкай службовых асоб райвыканкама і ваеннаабавязаных запасу да дзеянняў у перыяд нарастання ваеннай пагрозы і ваеннага часу. Нашы асноўныя намаганні сканцэнтраваны на павышэнні ўзроўню гатоўнасці мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў да дзеянняў тэрытарыяльнай абароны. А гэта і практычныя заняткі (штомесяц праводзім заняткі з афіцэрамі запасу) і работа з дакументамі. Адным словам, сумаваць няма калі.

Юлія БУКЕЛЬ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *