30-гадовы юбілей святкуюць бярэзінскія работнікі падатковых органаў

У нядзелю 30-гадовы юбілей святкуюць работнікі падатковых органаў.
Менавіта тады, у 1990 годзе, пачала свой адлік слаўная гісторыя Дзяржаўнай падатковай інспекцыі па Бярэзінскім раёне пры Міністэрстве фінансаў Рэспублікі Беларусь. За трыццаць гадоў падатковая служба некалькі разоў пераўтваралася. Як самастойная структура яна дзейнічае з 2001 года і называлася Інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Бярэзінскім раёне.
Першы кіраўнік падатковай інспекцыі вядомы многім у раёне. Гэта — Рыгор Зяневіч, які дзесяць гадоў прысвяціў галіне і сабраў каманду верных аднадумцаў. Эстафету ён перадаў Уладзіміру Халецкаму. Апошні ўзначальваў службу сямнаццаць гадоў, і пад яго кіраўніцтвам яна не раз станавілася лепшай.

Дружная каманда падатковых органаў раёна

Сёння падатковая служба ў раёне прадстаўлена Упраўленнем па рабоце з плацельшчыкамі па Бярэзінскім раёне інспекцыі па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Барысаўскім раёне. Узначальвае яго Наталля Каравая, чый прафесійны вопыт таксама значны.
— Азіраючыся назад, хочацца ўспомніць работнікаў, якія стаялі ля вытокаў раённай падатковай службы і закладвалі яе традыцыі, — расказвае Наталля Анатольеўна. — Мы заўсёды рады бачыць Веру Казак, якая шмат гадоў была намеснікам начальніка інспекцыі. Не забыцца нам і пра ўклад у справу Уладзіміра Аўтуховіча, Валянціны Шумскай, Ірыны Ладуцькі, Віктара Палавінкі, Барыса Дзенісюка, Алены Лапцёнак, Зоі Чыстап’ян, Уладзіміра Кісяля і Леаніда Жылінскага. Дарэчы, Леанід Леанідавіч і Уладзімір Васільевіч і сёння ў страі шчодра дзеляцца назапашаным вопытам з маладымі работнікамі і асвойваюць новыя метады работы з плацельшчыкамі.
У закладзеных гэтымі ветэранамі падатковай службы традыцыях — памятаць кожнага, хто некалі працаваў з імі побач. Быў жа час, калі колькасць работнікаў інспекцыі даходзіла да 30 чалавек. Добрым словам успамінаюць у калектыве Таццяну Несцяровіч, Веру Міцкус, Зою Шэйко, Аляксандра Зайцава, Анатолія Мальца, Аксану Пянкрат, Алу Зылёву, Галіну Самец, Аляксандра Чарлёнка, Сяргея Мурашку і Уладзіміра Некрашэвіча, якія стаялі ля вытокаў выхавання законапаслухмянага плацельшчыка ў раёне.
Сёння гэта справа ў надзейных руках маладых інспектараў Аляксандра Шаўрова, Таццяны Дубіны і Зарыны Несцяровіч, вядучых рэферэнтаў Алены Карнеенка і Юліі Суша. Дзякуючы ім, падатковая інспекцыя, як і раней, карыстаецца павагай сярод бярэзінцаў і ганарыцца адсутнасцю скаргаў ад падаткаплацельшчыкаў.
Свой юбілей калектыў вітае з добрым настроем. У мінулым годзе цалкам выкананы план даходаў у кансалідаваны бюджэт раёна: пералічана 15,4 мільёна рублёў. У фарміраванні бюджэту ўдзельнічалі 14964 плацельшчыкі, у тым ліку 320 арганізацый,
547 індывідуальных прадпрымальнікаў і 14097 фізічных асоб. Асноўныя паступленні ў даход забяспечваюць арганізацыі, на долю якіх прыходзіцца больш за 87% даходаў, на долю фізічных асоб – 8% і на індывідуальных прадпрымальнікаў – 5%. Як і раней, вялікую частку плацяжоў у рэгіёне фарміруюць плацельшчыкі дзяржаўнай формы ўласнасці — 63,5 % бюджэту.
Ведаюць бярэзінскія ра-ботнікі падатковай службы і сакрэт выхавання законапаслухмянага плацельшчыка.
У адпаведнасці з Дэкрэтам № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва» радыкальна зменены падыходы ў кантрольнай і праверачнай дзейнасці падатковых органаў. Акцэнт зроблены на бескантактны метад, а таксама на аналітычную і папераджальна-растлумачальную работу з плацельшчыкамі.
— Калі плацельшчык законапаслухмяны, гэта выгадна абодвум бакам, — лічыць Наталля Анатольеўна. — У аснову нашага ўзаемадзеяння пакладзены такія прынцыпы, як прэзумпцыя добрасумленнасці, самарэгуляванне бізнесу і мінімізацыя ўмяшальніцтва дзяржаўных органаў і асоб у прадпрымальніцкую дзейнасць. Ды і акцэнт робіцца на шырокае выкарыстанне магчымасцей сістэм электроннага дэкларавання. Такі фармат адносін выдатна зарэкамендаваў сябе сярод плацельшчыкаў, бо пазбаўляе ад візітаў у інспекцыю, дае магчымасць хутка атрымаць інфармацыю, скарачае папяровы
дакументаабарот. Па стане на 1 ліпеня 2020 года, у раёне карыстаюцца электроннымі сэрвісамі звыш 700 чалавек.
Напярэдадні прафесійнага свята Наталля Каравая зычыць усім работнікам і ветэранам галіны новых прафесійных поспехаў і дасягненняў, павагі і аўтарытэту сярод плацельшчыкаў. Няхай вас не пакідаюць шчасце і ўдача, моцнае здароўе і дастатак.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *