ЦІ ДАЛЁКА ДА СТАНОЎЧАГА ВЫНІКУ?

Кожны шчаслівы па-свойму. Гэта выказванне, магчыма ў адваротным сэнсе, але ўвесь час круцілася ў галаве, пакуль прысутнічала на пасяджэнні савета грамадскага пункту аховы правапарадку пры Бярэзінскім сельвыканкаме. Бо абсалютная большасць тых, каго на гэты раз выклікалі для прафілактычнай гутаркі, трымаліся так, нібы нічога незвычайнага ў іх жыцці не адбываецца. Маўляў, жывём нядрэнна, калі ёсць грошы – п’ём, калі няма – не п’ём, што тут незразумелага. Падалося, што ў сваім асяродку яны сапраўды задаволены сваім жыццём, і не ўсе гатовыя штосьці мяняць.1 ОПОП с с
“Абяцаць не магу”, — шчыра прызналася немаладая жанчына, якая першай зайшла ў залу. З ёй ужо неаднойчы вялі гутаркі: і тут у сельсавеце, і падчас выязных пасяджэнняў. Але характарыстыка ранейшая: злоўжывае спіртнымі напоямі, парушае грамадскі парадак. Не так даўно нанесла цяжкія цялесныя пашкоджанні сужыцелю, будзе суд.
Нібы пад капірку жыццё іншай жанчыны, праўда, яна на сужыцеля выклікала міліцыю.
Зноў жанчына. Раней яе сям’я была на ўліку сацыяльна-небяспечных. Цяпер малодшая дачка вучыцца ў Барысаве, старэйшая, 19-гадовая, нідзе не працуе. Сама маці працягвае піць, у стане алкагольнага ап’янення была практычна заўсёды, калі сям’ю пяць разоў наведвалі на даму.
“Была добрай работніцай, дома заўсёды ўтрымлівала чысціню і парадак, пакуль не звязалася з кампаніяй”, — гаварыў пра наступную жанчыну намеснік старшыні савета ГПАП, намеснік дырэктара ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс” Ф.І. Яхнавец. 3 ОПОП сс
Хаця і запэўнівала яна, што закадзіравалася, але ж з поля зроку мясцовай улады не выпадае. У жанчыны сын-дашкольнік, неабходна засцерагчы яго. Да таго ж, горкі вопыт ужо ёсць — старэйшае дзіця з гэтай сям’і раней загінула ад дыму. Тут ужо не мог стрымацца начальнік Бярэзінскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях М.В. Андрыевіч, які прыняў удзел у рабоце савета грамадскага пункту аховы правапарадку.
Тэма пажарнай бяспекі, дарэчы, гучала ў кожным асобным выпадку, і Мікалай Віктаравіч быў даволі жорсткім у адносі-нах да ўсіх парушальнікаў. У большасці, з 11 разгледжаных чалавек, падчас абследаванняў па супрацьпажарнай бяспецы выяўляліся недахопы. У дадатак да гэтага, п’янства — ледзь не галоўная прычына многіх пажараў і гібелі людзей у агні. Таму, зразумела, як успрымалася запэўніванне: “Цэглу ўставілі, печ замазалі”. Гэта ў доме сужыцеляў, дзе жанчына з’яўляецца абавязанай асобай і, мяркуючы па ўсім, да выпраўлення пакуль далёка.
Не дачакаліся змянення сітуацыі ў лепшы бок і ад чарговага выкліканага, хаця да гэтага чатыры разы з ім вялі гутаркі на пасяджэннях савета ГПАП, столькі ж разоў — на месцы. Таму пакуль рашэннем стала прымусовае накіраванне на лячэнне ў ЛПП.
Не ўдзяляе ўвагі выхаванню дзяцей, здзейсніў супрацьпраўнае парушэнне, у п’яным выглядзе курыць у ложку, не працуе, мае запазычанасць па камунальных плацяжах (у дадзеным выпадку 10 мільёнаў рублёў). Гэта ўсё не проста прэтэнзіі, а рэальнасць, у якой жывуць людзі. Як дапамагчы ім, як змяніць сітуацыю? Ды ці хочуць яны гэтага самі?
— Многія з тых, каго вык-лікалі сёння, не па адным кругу прайшлі, — заўважаюць у сельвыканкаме.
Магчыма, патрэбны іншыя меры. Ці разумеюць людзі, колькі ўвагі надаюць іх асобам. Толькі на адным пасяджэнні, у адным сельвыканкаме на некалькі гадзін пакінулі свае галоўныя абавязкі многія людзі. Акрамя старшыні сельвыканкама А.К. Болсуна, які адначасова ўзначальвае савет грамадскага пункту аховы правапарадку, галоўнага спецыяліста выканкама і сакратара савета В.М. Байдалюк, у пасяджэнні прынялі ўдзел намеснік старшыні савета ГПАП і намеснік дырэктара ААТ “Бярэзінскі райграсэрвіс” Ф.І. Яхнавец, члены савета, сярод якіх дырэктар Ушанскага дзіцячага садка-сярэдняй школы В.Ф. Мазнікаў, сацыяльны педагог гэтай жа ўстановы адукацыі А.П. Клімашонак, прадстаўнікі ФАПа, клуба, ААТ “Уша”, Ушанскага лясніцтва, сельскага Савета дэпутатаў, раённых аддзелаў унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях. Ад РАНС, акрамя начальніка аддзела, прысутнічала інспектар пажарнага нагляду і член савета В.М. Данэйка, ад міліцыі — участковы інспектар С.М. Собаль.
Быў бы толк, дык не шкада і патрачанага часу. Аднак пакуль на гэта даводзіцца толькі спадзявацца, і іншага выйсця няма, бо ўсе мы жывём у адным грамадстве.
Вядзецца падобная работа і ў кожным працоўным калектыве. Справаздачы аб ёй прадставілі на пасяджэнні савета ГПАП намеснік дырэктара ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс” па ідэалагічнай рабоце Ф.І. Ях-навец і дырэктар ДУА “Ушанскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя агуль-
на адукацыйная школа” В.Ф. Мазнікаў.
У райаграсэрвісе сёлета за 10 месяцаў чатыры разы засядала камісія па прафілактыцы алкагалізму, наркаманіі і суіцыдаў, кожны раз з запрашэннем работнікаў, якія неаднойчы былі заўважаны ва ўжыванні спіртных на-пояў. Наведваюць члены камісіі нядобранадзейныя сем’і, па хадайніцтве іх адзін работнік быў за-кадзіраваны. Адбываюцца сустрэчы з супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі, дзе размова вядзецца аб дарожнай бяспецы і ўмацаванні адказнасці за кіраванне транспартнымі сродкамі ў нецвярозым стане. Наладжваюцца і духоўна-маральныя сустрэчы, сёлета яны адбываліся з удзелам раённай бібліятэкі і царквы.
Ва Ушанскай установе адукацыі асаблівая ўвага ўдзяляецца выхаваўчай рабоце з бацькамі, схільнымі да супрацьпраўных дзеянняў. З імі рэгулярна праводзяцца гутаркі, іх пастаянна інфармуюць аб наступствах ужывання алкаголю. У школе арганізоўваюцца розныя мерапрыемствы з прыцягненнем бацькоў, праводзяцца агульнашкольныя і агульнакласныя мерапрыемствы, дзе закранаюцца пытанні асацыяльных паводзін і шкодных звычак як сярод школьнікаў, так і сярод дарослых, дэманструюцца відэаролікі і відэафільмы, накіра-ваныя на недапушчэнне супрацьпраўных дзеянняў.
Відавочна, што без увагі людзі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, не застаюцца. І калі хоць адзін з іх возьмецца за розум, гэта ўжо перамога. Магчыма, дзеля гэтага і неабходна працягваць работу. Аднак, хутчэй за ўсё, у некаторых выпадках патрэбны іншыя меры. Нездарма на самым высокім узроўні пачалі ўзнімаць праблему дармаедства.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *