“Галоўнае ў нашай прафесіі­  міласэрнасць”

12 мая, у дзень нараджэння адной з заснавальніц службы сясцёр міласэрнасці ў час Крымскай вайны Флорэнс Найцінгейл, адзначаецца Міжнародны дзень медыцынскай сястры. Гэтае свята ­ добрая нагода выказаць шчырыя словы падзякі людзям у белых халатах. Ва ўстанове аховы здароўя “Бярэзінская ЦРБ” шчыруе шмат годных медсясцёр. Для іх медыцына – гэта прызванне і любімая работа.

 Сярод такіх ­ медсястра­анестэзіст аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Валянціна Віктараўна ПАРФЯНЮК (на здымку).

Парфенюк сайКалі Валянціна Віктараўна вяртаецца дамоў пасля напружанага працоўнага дня, на вуліцы яе часта спыняюць людзі і выказваюць словы ўдзячнасці. Жанчына не заўсёды памятае ў твар кожнага пацыента, таму што іх было шмат, аднак яна ведае, што і сёння камусьці дапамагла і змешыла боль – а гэта галоўнае.

­ Значыць, я не памылілася ў выбары прафесіі, ­ гаворыць Валянціна Віктараўна. ­ Значыць, правільна, што скончыла Барысаўскі медыцынскі каледж, аддзяленне сястрынскай справы. Значыць, нездарма адчыняю дзверы рэанімацыйнага аддзялення ўжо амаль 20 гадоў. Заступаю на дванаццацігадзіннае дзяжурства, пакідаючы за парогам ўласныя хваляванні і турботы. Пераапранаюся ў рабочае аддзенне і… дапамагаю людзям справіцца з хваробай: рыхтую іх да аперацыі, выконваю назначэнні ўрачоў…

Галоўная задача медсясцёр у рэанімацыйным аддзяленні – падтрымаць арганізм чалавека, зрабіць усё магчымае, каб пацыента ў хуткім часе перавесці ў тэрапеўтычнае аддзяленне. Работа, сапраўды, складаная, адказная, на якой без прафесійнага майстэрства, міласэрднасці, гуманнасці, спачування – не абысціся.

­ Пагадзіцеся, працаваць з людзьмі – складана, з хворымі – удвайне, а з хворымі, што ляжаць у нашым аддзяленні ­ утрая. Напэўна, нас добра разумеюць тыя, хто хоць раз даглядаў за ляжачым хворым: колькі фізічных намаганняў неабходна прыкласці, каб толькі перавярнуць яго… А працуюць у нашым аддзяленні ў асноўным жанчыны. Складана, але мы спраўляемся. У нас дружны, зладжаны калектыў. Мы разумеем адзін аднаго з паўслова. Інакш нельга, паколькі ад гэтай зладжанасці залежыць вынік намаганняў. Я ўдзячна высокакваліфікаванаму спецыялісту, нашаму загадчыку аддзялення Анатолію Пятровічу   Гарбацэвічу,    урачам ад Бога Сяргею Аляксандравічу Салаўёву і Ганне Васільеўне Мельнікавай, што заклалі падмурак маіх практычных навыкаў, вучылі і вучаць, як і што рабіць. Прыемна, што побач працуюць, сапраўды, майстры сваёй справы: старшая медыцынская сястра Надзея Канстанцінаўна Воюш, медсястра­анестэзіст Людміла Іванаўна Гіро, медсёстры Святлана Мікалаеўна Астапковіч, Кацярына Валер’еўна Манькова, Алёна Васільеўна Смаргун, Алеся Міхайлаўна Чэпік; аперацыйныя медсёстры Тамара Мацвееўна Гушчы­

на, Таццяна Мікалаеўна Бацкель. Працуем разам ужо шмат часу. І, паверце, ніхто не страціў сваёй чалавечнасці, не стаў агрэсіўным, не ператварыўся ў “аўтамат”, які проста бяздушна выконвае абавязкі. Кожны імкнецца далікатна адносіцца да людскога болю, падтрымліваць хворых не толькі лекамі, але і ўсмешкай, добрым словам. Зразумела, што бывае ўсё: слёзы, спачуванні, крыўды. Мне здаецца, каб не стаць агрэсіўным у нашай рабоце, неабходна быць жыццялюбівым і энергічным.

“Зараджае” энергіяй Валянціну Віктараўну, вядома ж, сям’я. Дачка Настасся ў гэтым годзе заканчвае школу. Яна пакуль не вырашыла, якую прафесію абраць.

­ У медыцыну не пайду! – зазначае дзяўчынка. ­ Не хачу бачыць боль кожны дзень, спяшацца на працу па першым тэлефонным званку, праводзіць увесь дзень на нагах… Я бачу, што матулі вельмі складана, таму падтрымліваю яе, дапамагаю, радую ­ раблю ўсё, каб на яе твары свяцілася ўсмешка, а вочы гарэлі іскрынкамі шчасця.

А другое “падзараднае” ў Валянціны Віктараўны – грамадская работа. Яна галоўная вядучая на канцэртах у бальніцы. Ды яшчэ і піша сцэнарыі для мерапрыемстваў, а раней нават спявала ў самадзейным калектыве “Лявоніха”.

­ Як жа ўсё паспець: і на рабоце завіхацца, як пчолка, і быць добрай гаспадыняй, жонкай, матуляй, і грамадскай дзейнасцю займацца? – пытаюся я.

­ Жыццё – гэта рух! Свой дзень неабходна запоўніць справамі, дзеяннямі, учынкамі. Не сядзець на адным месцы, а дзейнічаць, не баяцца пачынаць штосьці новае. Тады ўсё можна паспець!

Юлія БУКЕЛЬ.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *