…Іх засталося няшмат удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія сёння пражываюць на тэрыторыі нашага раёна і змаглі сустрэць 72ую гадавіну Вялікай Перамогі. Яны выжылі ў той страшнай вайне, адбудоўвалі з папялішчаў гарады і вёскі, нястомна працавалі на карысць дзяржавы і будучых пакаленняў, паказваючы ўжо іншыя – працоўныя подзвігі. І вось яны адыходзяць, падуладныя законам часу і пражытых гадоў. Яны і іх вялікі подзвіг, які штогод збірае нас у памятную дату 9 Мая, каб у чарговы раз сказаць усім – і жывым, і памерлым ветэранам – вялікі дзякуй за Перамогу, за свабоду, за жыццё.
Менавіта са слоў падзякі і пачаў сваё выступленне на ўрачыстым мітынгу, прысвечаным Дню Вялікай Перамогі, старшыня раённага выканаўчага камітэта А.М. Бабічаў.
Сёння мы адзначаем 72ую гадавіну Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, адзначыў ён. – Гэтая дата навечна ўпісана ў гісторыю нашай краіны. Беларускі народ, як ніхто іншы, ведае цану міру і вышэй за ўсё ставіць гонар і свабоду сваёй Айчыны. Кожная беларуская сям’я адчула цяжар вайны на сабе.
Бярэзіншчына тры гады знаходзілася пад нямецкафашысцкай акупацыяй. У раёне за гэты час цалкам спалілі 22 вёскі, прычым Баравіно і Краснае разам з жыхарамі. За гады вайны колькасць жыхароў раёна скарацілася на 16 тысяч чалавек – амаль на чвэрць ад даваеннай колькасці. Толькі бярэзінскае гета забрала жыцці звыш 900 чалавек.
З першых дзён акупацыі раёна яго насельніцтва ўзнялося на барацьбу з ворагам. У памяці жыхароў Бярэзіншчыны засталіся партызанскія сувязныя, ураджэнкі раёна, якія аддалі жыццё за свабоду нашай зямліВера Лясных і Марыя Рамановіч. Залатымі літарамі ў гісторыю ўпісаны імёны Герояў Савецкага Саюза – нашых землякоў Сцяпана Аляшкевіча і Іосіфа Свідзінскага.
Аб гераізме і мужнасці воінаў і мірных жыхароў Бярэзінскага раёна сведчаць 110 помнікаў, з якіх 76 воінскіх пахаванняў.
Дзень Перамогі – гэта перш за ўсё свята ў імя міру і будучых пакаленняў, для якіх і абараняліся нашы рубяжы, здабывалася свабода. Ад імя маладога пакалення да прысутных звярнуўся вучань СШ №2 г. Беразіно, прызёр абласной алімпіяды па фізіцы Макар Шпакоўскі. Пранікнёна і шчыра гучалі яго словы:
Памяць – гэта не проста асаблівасць чалавечай свядомасці. Памяць вучыць і заклікае, дае сілу і веру. Вось чаму мы, маладое пакаленне, так свята шануем і памятаем подзвігі тых, хто не шкадаваў ні сіл, ні самога жыцця ў імя Вялікай Перамогі. Май заўсёды будзе асацыіравацца ў нашых сэрцах з вясной і працай, вясной і мірам, вясной і перамогай. 9 Мая – гэта сапраўды народнае свята, поўнае радасці і смутку.
Традыцыйна прысутныя ўшанавалі памяць удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны хвілінай маўчання. Гулкім рэхам разнёсся па наваколлі аўтаматны залп. Да падножжа помніка загінуўшым землякам ускладаюцца вянкі і жывыя кветкі ад раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, ад прадпрыемстваў і арганізацый горада, ад грамадскіх аб’яднанняў, палітычных партый, моладзі і рэлігійных арганізацый, ад савета ветэранаў. Вечная слава загінуўшым і ўсім, хто не дажыў да гэтага светлага дня!
Далейшыя святочныя мерапрыемствы працягваліся традыцыйна на гарадскім стадыёне. І хаця надвор’е не вельмі спрыяла ў гэты дзень доўгаму адпачынку на свежым паветры, людзі не спяшаліся разыходзіцца па дамах. Тым больш, што тут былі наладжаны гандаль, арганізаваны шматлікія гульні для дзяцей, выставыпродажы вырабаў народных рамёстваў. А вялікі святочны канцэрт, падрыхтаваны дзіцячай школай мастацтваў і раённым цэнтрам культуры, ажыўляў у памяці мелодыі ваеннай тэматыкі і радаваў танцавальнымі нумарамі. Свята, сапраўды, атрымалася сямейным і шчырым.
Завяршэннем яго стала акцыя “Спяём “Дзень Перамогі” разам”, праведзеная на цэнтральнай плошчы горада ў час маладзёжнай дыскатэкі.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены Громавай.
Популярность: 1%