БЕРАЖЫЦЕ СЯБЕ І СВАІХ БЛІЗКІХ!  

 

Корманарыхтоўчая кампанія ў нашым раёне азмрочана крымінальнай справай па факце парушэння Правілаў дарожнага руху, якія прывялі да смерці чалавека па неасцярожнасці. Трактар адкрытага акцыянернага таварыства “Пагосцкі” касіў траву і наехаў на мужчыну, які моцным сном спаў у высокай траве.              

Паведамленне аб здарэнні паступіла 12 чэрвеня ад  жыхаркі вёскі Навасёлкі. Следчыя ўстанавілі,  што трактарыст 1994 года нараджэння непадалёк ад вёскі страціў увагу  і  наехаў на мужчыну колам. Ад атрыманых цялесных пашкоджанняў  апошні памёр  на месцы здарэння.

Зафіксаваны і ўзяты неабходныя  для  ўстанаўлення  абставін дарожна­-транспартнага здарэння  сляды і аб’екты. Для аднаўлення поўнага малюнка   няшчасця  прызначаны аўтэхнічная, дак­тыласкапічная і судова-­медыцынская экспертызы. Яны дапамогуць  знайсці адказы на пытанні: чаму мужчына спаў днём у траве і ці мог трактарыст папярэдзіць наезд? 

Застаецца толькі дадаць, што зараз малады  трактарыст  адхілены ад работы ў гаспадарцы: следчыя часова забралі яго вадзіцельскае   пасведчанне.     На  момант   здарэння  ён быў цвярозым і ніколі не парушаў Правілы дарожнага руху. Згодна з існуючым заканадаўствам, у выпадку прызнання судом яго вінаватым,  механізатара чакае  суровае пакаранне. 

Няшчасце ў ААТ “Пагосцкі” павінна стаць наглядным урокам для ўсіх удзельнікаў корманарыхтоўчай кампаніі і нацэліць іх на баздакорнае выкананне патрабаванняў тэхнікі бяспекі і  Правілаў дарожнага руху.                                                                   

Аляксандр КАЖЭЎКА,  намеснік  начальніка аддзела Следчага аддзела – начальнік следчага аддзялення Бярэзінскага раённага аддзела Следчага камітэта, маёр юстыцыі.                                                         

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *