КРЫМІНАЛ ЗА ТЫДЗЕНЬ
За мінулы тыдзень з 3 па 9 ліпеня па лініі крымінальнага вышуку ўзбуджана 5 крымінальных спраў, па лініі іншых службаў – 2.
ПАСВАРЫЛІСЯ
5 ліпеня Бярэзінскі раённы следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу па факце нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў.
Атрымаў іх ударам нажа ў жывот гарадскі пенсіянер ад вартаўніка ААТ ”Бярэзінскі райаграсэрвіс”. Мужчыны пенсійнага ўзросту даўно не ладзілі і мелі непрыязныя адносіны паміж сабой. На гэты раз апошнім аргументам сталі не словы, а удар нажа. У выніку чаго непрацуючы апынуўся на бальнічным ложку ў рэанімацыйным аддзяленні бальніцы.
ЗНАЙШОЎСЯ ПОРАХ ПАСЛЯ СМЕРЦІ
Нядаўна жыхар раёна добраахвотна здаў вартавым правапарадку 228 грамаў пораху, які, згодна з заключэннем экспертаў, можа быць выкарыстаны для выбуху. Знайшоўся небяспечны арсенал у доме памерлага пенсіянера з вёскі Каменны Барок. Захоўваў нябожчык порах незаконна.
ПРАМА З ДЗІЦЯЧАЙ КАЛЯСКІ
Маладая сталічная матуля і ўявіць сабе не магла, што нехта паквапіцца на яе мабільны тэлефон, пакінуты ў дзіцячай калясцы каля дома ў аграгарадку Паплавы. А зусім дарэмна, бо сучасныя злодзеі сумлення не маюць.
Урон налічвае 160 рублёў. Узбуджана крымінальная справа.
І ЗНОЎ ЗЛОДЗЕІ НА ДАЧАХ
Невядомы на працягу часу з 3 па 7 ліпеня выставіў шкло ў дачным доме па вуліцы Маладзёжнай вёскі Казлоў Бераг. Пасля такога нахабнага візіту зніклі без сляда інструменты на суму ў 980 рублёў.
Узбуджана крымінальная справа.
Матэрыял чытаце ў № 52 за 15 ліпеня.