Зноў пра бяспеку напярэдадні жніва

 

Жніво, як іншыя сельскагаспадарчыя кампаніі, уключае мноства спраў і задач. Важнейшая з іх ­ у тэрмін і якасна сабраць ураджай. Аднак не менш важна памятаць пра эканомію і беражлівасць, пра захаванне бяспекі працы. Каб загадзя нагадаць пра гэта, райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу сумесна з упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама на мінулым тыдні правялі семінар­вучобу на тэму “Своечасовае і якаснае правядзенне ўборкі ўраджаю, няўхільнае захаванне правілаў і норм аховы працы”. На семінар былі запрошаны старшыні прафкамаў пярвічных арганізацый, грамадскія інспектары па ахове працы, інжынеры па ахове працы сельгаспрадпрыемстваў.

Згодна з Дырэктывай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №1 “Аб умацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны” і іншымі дакументамі, прафсаюзы разам з наймальнікамі абавязаны праводзіць сумесную работу, накіраваную на рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў вобласці аховы працы, па папярэджванні вытворчага траўматызму і прафесійных захворваннняў. З улікам гэтага і вялася размова падчас семінара. Перад яго ўдзельнікамі выступілі галоўны дзяржаўны інспектар працы Барысаўскага міжраённага аддзела Сяргей Віктаравіч Сыраквашка і галоўны дзяржаўны інспектар працы Мінскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Васільевіч Мотуз. Асаблівая ўвага была звернута на вучобу і арганізацыю праверкі ведаў па ахове працы кіраўнікоў і іншых асоб, адказных за захаванне заканадаўства аб ахове працы, усіх работнікаў, на правядзенне інструктажаў і гэтак далей, на захаванне адпаведнага заканадаўства ўвогуле.

Немалая роля ў такой рабоце адводзіцца грамадскім камісіям і інспектарам ад прафсаюзных арганізацый, якія ажыццяўляюць кантроль за ўтрыманнем рабочых месцаў, дабіваюцца ўхілення недапрацовак, правяраюць забяспечанасць спецадзеннем і спецсродкамі, кантралююць правядзенне інструктажаў, сочаць за своечасовым і дакладным састаўленнем актаў і інш.

Аднак гэта ні ў якім разе не перакладванне на плечы іншых галоўных абавязкаў інжынераў па ахове працы, кіраўнікоў падраздзяленняў і арганізацый, ды і саміх працаўнікоў. Таму вучоба і праводзілася ў ключы сумеснай работы. Толькі так можна не дапусціць няшчасных выпадкаў на вытворчасці і мець станоўчы вынік у працы.

 

Ала АЛЬФЕР.

На здымку: падчас семінара­-вучобы.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *