ЖНiВО — СПРАВА СЯМЕЙНАЯ

 

Так лічыць участковы інспектар міліцыі Бярэзінскага РАУС Сяргей Собаль.

Сам ён ужо трэці водпуск шчыруе на камбайне ў адказны час жніва на палетках адкрытага акцыянернага таварыства «Багушэвічы», а сёлета ўзяў сабе памочнікам …. жонку Кацярыну.

­Не паверыце, гэта наша сумеснае рашэнне летам папрацаваць на камбайне, ­ гаворыць мужчына. – Справа ў тым, што нам рэдка даводзіцца быць разам, шмат часу забірае служба, ды і Кацярына працуе, даглядае сына. Каб лішні раз яна не нервавалася, а машына працавала без прастояў, у выхадныя дні і вольны ад службы час сваімі рукамі старанна перабраў кожны агрэгат і механізм.

Сяргей Собаль родам з вёскі Брадзец, дзе дагэтуль рупіцца вадзіцелем у мясцовай гаспадарцы яго бацька. Неаднойчы ён называўся ў ліку лепшых работнікаў на жніве. Сяргей ганарыцца бацькам. Дзякуючы яму, ён рана захапіўся тэхнікай і паспяхова скончыў Беларускі аграрна­тэхнічны ўніверсітэт. Праўда, юнацкаму намеру вярнуцца працаваць у родную гаспадарку не наканавана было збыцца. Пасля выканання воінскага абавязку паклікала брадзецкага хлопца суровая міліцэйская служба.

 Суджаная Кацярына таксама цяжкай сялянскай працы не баіцца. Нарадзілася, вырасла і зараз працуе бухгалтарам у роднай вёсцы Багушэвічы. Побач рупіцца галоўным эканамістам гаспадаркі яе матуля, для якой жніво – таксама адказная пара. Таму і Кацярына ахвотна пагадзілася падзяліць з мужам цяжкасці хлебаробскай працы.

 ­ Шчыра скажу, нялёгка працаваць на камбайне, ­ прызнаецца жанчына, ­ за дзень невядома колькі разоў даводзіцца ўзбірацца ў кабіну камбайна, хутка дабірацца і да бункера. Аднак муж мяне падтрымлівае, ды і разумеем мы адзін аднаго з паўпозірку, паўслова, нагаварыцца ўдосталь паспяваем.

 У сямейнага экіпажа ў складзе Сяргея і Кацярыны Собаляў камбайн працуе без прастояў і намалаціў звыш 530 тон збожжа.

­ Мой водпуск заканчваецца 21 жніўня, ­ гаворыць Сяргей, ­ таму ўжо паспеў і азімы рапс абмалаціць, і суседняму сельгаспрадпрыемству дапамагчы, і ў роднай гаспадарцы мяркую жніво закончыць.

Роднай міліцыянер называе арганізацыю, дзе ён абслугоўвае адміністрацыйны ўчастак. Тут яго ведаюць і паважаюць як прынцыповага і патрабавальнага вартавога правапарадку, які не дае спуску злодзеям і скандалістам, з асаблівай павагай ставіцца да вясковых працаўнікоў і ніколі несправядліва не пакрыўдзіць. Нездарма ж ён слыве ў раёне лепшым участковым інспектарам міліцыі!

Наведаць свайго работніка прама на поле ва ўрочышча Калюга прыехаў намеснік начальніка раённага аддзела міліцыі Мікалай Аўтухоў .

­ Сёння ўбіраем пшаніцу, ­ рапартуе Сяргей, ­ на круг намалочваем па 50 цэнтнераў збожжа. Паглядзіце, якая шчодрая ніва!

Затрымліваць сямейны экіпаж надоўга ніхто не стаў, Собалі спяшаліся ў кабіну камбайна. Ніва чакаць не будзе, патрэбна, пакуль стаіць сухое надвор’е, убраць усё да апошняга зярнятка, каб не пакрыўдзіць нялёгкую сялянскую працу.

Дарэчы, не ў правілах участковага інспектара міліцыі Сяргея Собаля крыўдзіць людзей і зямлю, дзе шчыруюць яго бацькі і сваякі, дзе жывуць людзі, спакой якіх ён сумленна аберагае.

Мілана ТРАПЯНОК.

 Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *