Да сустрэчы 1 верасня!

 

На вуліцы стаіць нявыносная спякота, але каляндар няўмольна адлічвае апошнія жнівеньскія дні. Зусім хутка школьнікаў пакліча за парты новы навучальны год. Пачнуць сёлета навучанне хлопчыкі і дзяўчынкі па новых школьных праграмах, зацверджаных Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. Рэалізаваць іх у поўным аб’ёме і дапамагчы наладзіць якаснае навучанне закліканы рамонтныя работы ў навучальных і выхаваўчых установах раёна. Як яны ідуць? Ці ўправяцца педагогі да 1 верасня? З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да кіраўнікоў устаноў.

Адказвае дырэктар ДУА “Дзмітравіцкі ВПК дзіцячы сад­сярэдняя школа” Алена Данатасаўна Жолудзева:

 ­ Першага верасня парог нашай школы пераступяць 3 першакласнікі. Першая сустрэча павінна стаць для іх і ўсіх нашых вучняў запамінальным момантам у жыцці. Дзеля гэтага тут ужо давялі да ладу ганак, зрабілі пандус, а зараз поўным ходам ідзе рамонт харчблока, сталовай, спартыўнай залы і фае, добраўпарадкоўваецца прышкольная тэрыторыя. У рамонтных работах заняты будаўнікі ПМК­182 на чале з маладым майстрам Ільёй Алегавічам Сайкоўскім, работнікі гаспадарчай групы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, школьнікі і, нават, мясцовыя жыхары. У кожнага з іх свой участак. Сумесная работа спорыцца і ўжо можна ўявіць якой сучаснай і прывабнай будзе наша школа да 1 верасня.

 Адказвае загадчыца ДУА “Дзіцячы садок №4 горада Беразіно” Святлана Міхайлаўна Сямашка:

­ У садку з 1 ліпеня не чуваць дзіцячай гаманы. Нашы хлопчыкі і дзяўчынкі расфарміраваны па іншых гарадскіх дашкольных установах. За такое разуменне і падтрымку калектыў гаворыць бацькам дзякуй. Удзячны татам і матулям сваіх гадаванцаў за пасільны фінансавы уклад. Бацькоўскіх узносаў хапіла на набыццё фарбы, якая спатрэбілася для рамонту памяшканняў і дызайнерскіх знаходак выхавальнікаў. Крэатыву ім не пазычаць! Арыгінальны і яркі выгляд набылі альтанкі і дваровыя фігуры. Пахне свежай фарбай і ў садку. Тут сіламі індывідуальных прадпрымальнікаў рамантуюцца па­мяшканні груп, актавая зала, калідор першага паверха і харчблок.

Аб’ём рамонтных работ значны, бо дзіцячы садок не бачыў тут будаўнікоў даўно.

Рамонтныя работы вядуцца шпарка сіламі індывідуальных прадпрымальнікаў і іх работнікаў. Прыспешваюць рамонтнікаў дзеці, якія раз­пораз прыбягаюць на свае вочы паглядзець, што робіцца ў садку. Усіх іх мы супакойваем і чакаем ў сябе 1 верасня.

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *