“Уладар сяла”­ — сям’я Афанасьевых

 

У мінулую суботу ў аграгарадку Сяліба прайшоў раённы этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла”, наладжаны ГА “БРСМ” і райкамам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

За ганаровае званне быць лепшай сельскай сям’ёй змагаліся Юрый і Настасся Афанасьевы з вёскі Новіны, Вадзім і Кацярына Карнач з вёскі Усход, Дзмітрый і Яўгенія Цітавец з Котава, Аляксандр і Алеся Якімовіч з аграгарадка Пагост. Ім неабходна было прайсці мноства выпрабаванняў: паказаць спартыўныя і творчыя здольнасці, здзівіць смачнымі кулінарнымі стравамі, падзяліцца ўменнем вязаць венікі для лазні і хутка секчы дровы. Ацэньвала іх кампетэнтнае журы ў складзе дырэктара адкрытага акцыянернага таварыства “Месціна” Аляксандра Іванавіча Асмалоўскага, старшыні райкама прафсаюза аграпрамысловага комплексу Валянціны Анатольеўны Козел і настаяцеля храма Георгія Перамоганосца ў аграгарадку Сяліба свяшчэнніка Аляксея, які перад пачаткам конкурсу блаславіў усіх удзельнікаў.

Згодна з умовамі мерапрыемства, удзельнікаў чакалі конкурсы візітовак “Размаўляем па­беларуску”, “Гаспадыня”, “Дрывасекі”, “Рыхтуемся да лазні” і, вядома, спартыўная эстафета.

Лідар вылучыўся ўжо з першага выпрабавання. Юрый і Настасся Афанасьевы яшчэ ў конкурсе візітовак звярнулі на сябе ўвагу. Прыехалі яны на конкурс у нацыянальных беларускіх касцюмах з чацвярымі дзецьмі і любай цешчай. У імправізаваным конкурсе кожны з іх расказаў аб сабе сам. Гаспадар сям’і ­ мужчына з залатымі рукамі, на ўласным падворку якога заўсёды пануе парадак. Разам з жонкай яны гадуюць трох сыноў і дачушку.

Пэўны час маладыя жылі з цешчай у аграгарадку Паплавы, а нядаўна філіял “Здравушка­агра”, дзе працуе гаспадар жывёлаводам, выдзеліў шматдзетнай сям’і жылы дом у Новінах. Усё тут даводзіцца да ладу руплівымі і працавітымі рукамі гаспадара. Акрамя таго, сям’я трымае вялікую хатнюю гаспадарку, дзе шчыруюць разам з бацькамі сыночкі Аляксандр, Аляксей і Улад. Апошняга ў сям’і наракаюць будучым аграномам. Не менш дбайная за гаспадара і гаспадыня. Насця таксама прыхільніца парадку на сваім двары і ў доме, умее шыць, вязаць і вышываць, і песні спяваць, не горш за тату яна і гатуе. У ходзе конкурсу сям’я Афанасьевых журы вітала на сваім падворку хлебам­соллю і стравамі беларускай кухні. Свой хатні стол яны не ўяўляюць без бульбы, садавіны і агародніны з уласнага падворка. Прадэманстраваць усё сказанае пра сябе дбайны гаспадар змог, калі за лічаныя хвіліны з жонкай распілаваў бервяно, за адзін дотык пасек дровы, спрытна звязаў венік і на руках лёгка пранёс любую ў спартыўнай эстафеце.

Крышачку саступіла ім сям’я Цітавец. Яўгенія шчыруе жывёлаводам у ААТ “Уша”, а Дзмітрый працуе ў лясніцтве. Разам яны гадуюць дачушак Сашу і Ангеліну, трымаюць вялікую хатнюю гаспадарку, ад курэй да дзвюх рагуль. Спрыту і ўменняў, патрэбных у нялёгкім сямейным жыцці, у іх дастаткова. Журы яны частавалі хатнім салам, халадніком і стравамі з бульбы. Ды сакрэт гэтай сям’і тоіцца не толькі ў вялікай працавітасці, але і гарачых і адкрытых пачуццях Яўгеніі і Дзмітрыя. Толькі гэты гаспадар даўжэй за ўсіх пратрымаў любую на руках і на вачах усіх цалаваў яе.

На трэцім месцы аказалася сям’я Якімовіч. Аляксандр і Алеся працуюць у закрытым акцыянерным таварыстве “Клявіца”, нядаўна набылі жылы дом, які імкнуцца давесці да ладу ўласнымі рукамі. Спяшаюцца маладыя людзі з рамонтам, каб у рэшце рэшт парадаваць сваіх чацвярых дзяцей добрымі ўмовамі. Аляксандр нарадзіўся і вырас у Барысаве, аднак імкнецца стаць паўнапраўным вясковым жыхаром. Дапамагае яму ў гэтым любая жонка, з якой яны разам прыгожа спявалі ў ходзе конкурсу візітовак, частавалі журы кваском, бульбянымі лодачкамі, пірагамі з капустай і грыбамі, пілавалі бервяно, вязалі венік і спаборнічалі ў эстафеце.

Згодна з рашэннем журы, усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі дыпломы і падарункі ад спонсараў ­ прыватных прадпрыемстваў “Біямалпрам” і “АльгаФудМастер”, райкама прафсаюза аграпрамысловага комплексу і свяшчэнніка Аляксея.

У дадатак да гэтага ўладальнікам другога і трэцяга месцаў падарылі сертыфікат на атрыманне парсючка і трусіка. Яны аказаліся дарагімі і патрэбнымі падарункамі для сям’і Цітавец і Якімовіч. А вось цяля паселіцца ў хлеўчуку сям’і Афанасьевых. Ім заслужана прысвоена пачэснае званне “Уладар сяла”. Першым дачку і свайго зяця павіншавала з перамогай цешча Таццяна Георгіеўна:

­ Інакш і быць не магло! Юрый ­ гаспадар, якіх пашукаць, за ім мая дачка яшчэ смела і пятага народзіць! Шчасця вам, дзеці мае!

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *