БЯРЭЗІНСКІХ ПАЖЫЛЫХ ЛЮДЗЕЙ ЗАПРАСІЛІ НА СВЯТА

 


Свята пажылых людзей – дзень падзякі старэйшаму пакаленню за мудрасць і вопыт, за руплівасць і працавітасць, за самаадданае служэнне сваёй краіне. Гэта прыемная нагода сустрэцца былым калегам, згадаць мінулае, пагаварыць пра дзень сённяшні, абмеркаваць набалелае, ды і проста пабачыць адзін аднаго, павесяліцца, паслухаць песні і нават патанцаваць.

У мінулую пятніцу ў ДУ «Бярэзінскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» прайшоў святочны вечар за кубачкам гарбаты. Тут сабраліся ўдзельнікі клуба «Другая маладосць» аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян. На вечары панавала цёплая атмасфера залатой, утульнай, прыгожай, рознакаляровай восені. Вітала прысутных вершамі, праводзіла конкурсы, віктарыны загадчыца аддзялення Наталля Васільеўна Сікірыцкая. А які ж святочны вечар без душэўных, усім знаёмых з дзяцінства і вядомых з першых нот песень?! Тут задаваў тон, “пускаў” усіх у танцы, не даваў сумаваць вядомы музыка Міхаіл Папруга. Дарэчы, у гэты дзень свой дзень нараджэння адзначаў Браніслаў Іванавіч Трусевіч. Вядома ж, яму выказалі шмат пажаданняў і праспявалі любімую песню “Домик окнами в сад”.

А ў нядзелю, менавіта ў Дзень пажылых людзей, у зале раённага цэнтра культуры “саграваў” сэрцы прысутных дабрачынны святочны канцэрт.

­ Людзі старэйшага пакалення ­ гэта крыніца мудрасці, захавальнікі ведаў і жыццёвага вопыту, ­ зазначыў у сваім віншаванні намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Міхайлавіч Навіцкі. ­ І свята – не напамін пра ўзрост, а цудоўная магчымасць сабрацца, сказаць шчырыя словы падзякі ў адрас старэйшага пакалення, сіламі якога створана многае для працвітання раёна і нашай краіны. Дзякуй за вашу плённую, адданую працу! Дзякуй, што многія з вас і выйшаўшы на заслужаны адпачынак, працягваюць працаваць, перадаюць вопыт, мудрасць маладому пакаленню. Здароўя, поспехаў, даўгалецця, няхай вас радуць дзеці і ўнукі!

А затым Уладзімір Міхайлавіч уручыў Падзячныя лісты ад райвыканкама за добрасумленную работу ветэрану працы Валянціне Сямёнаўне Белязяк, якая шмат гадоў шчыравала ў ветэрынарнай лячэбніцы. І ветэрану працы, настаўніку з вялікай літары Пятру Арцёмавічу Федарцову, які выпусціў у жыццё не адно пакаленне вучняў.

Пажаданні добрага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, заўсёды святочнага настрою, словы ўдзячнасці за працу, за вопыт, за мудрасць выказала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вольга Уладзіміраўна Пашкевіч.

А старшыня раённага савета ветэранаў Мікалай Савельевіч Абазовік, віншуючы прысутных, падкрэсліў, што асаблівая ўвага павінна ўдзяляцца ветэранам вайны, працы, усім пажылым людзям, якія самааддана працавалі на прадпрыемствах, у гаспадарках і арганізацыях. І сённяшнія кіраўнікі не павінны забываць пра сваіх былых працаўнікоў, аказваць падтрымку, уважліва адносіцца да іх патрэб. Бо менавіта ўвагі іншы раз так не хапае ў сучасным жыцці.

Пасля віншавальных “паштовак” творчыя выступленні дарылі педагогі і вучні школы мастацтваў. А гледачы музыкантам і спевакам – гучныя «браво», звонкія апладысменты і ўсмешкі. Свята, сапраўды, атрымалася насычаным, багатым на сюрпрызы.

Юлія БУКЕЛЬ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *