Цёплае і сардэчнае «дзякуй»

 

Напярэдадні дня пажылых людзей работнікі Бярэзінскага раёна газазабеспячэння філіяла “Барысаўскае вытворчае ўпраўленне” УП “Мінскаблгаз” віталі сваіх ветэранаў працы.

Усяго ў спісе арганізацыі 34 сталыя работнікі, якія пайшлі на заслужаны адпачынак. Усе былі запрошаны на святочную сустрэчу ў абноўленыя памяшканні будынка Бярэзінскага раёна газазабеспячэння.

Спачатку перад прысутнымі выступіў кіраўнік Уладзімір Міхайлавіч Абрамовіч, выказаўшы словы ўдзячнасці і павагі да людзей старэйшага пакалення, якія стваралі аснову для сённяшніх поспехаў і сваім прыкладам паказвалі, як патрэбна працаваць на карысць арганізацыі і Айчыны.

Амаль чатыры дзесяцігоддзі адпрацаваў у арганізацыі вадзіцелем Анатолій Мікалаевіч Калінковіч, крыху менш – 36 гадоў – спецыяліст па кадрах Наталля Аляксандраўна Зайцава; 28 гадоў – вадзіцель аўтамабіля Мікалай Рыгоравіч Тарасовіч; 30 гадоў адпрацавала прыбіральшчыцай Таццяна Сямёнаўна Цішкевіч; 22 гады ­ прыёмшчыкам заказаў Людміла Станіславаўна Казачонак; па два дзесяцігоддзі – старшы кантралёр газавай гаспадаркі Аксана Аляксандраўна Цэнкель, вадзіцель аварыйна­дыспетчарскай службы Уладзімір Васільевіч Несцяровіч, вадзіцель Валерый Сяргеевіч Паддубскі. Гэты спіс можна працягваць доўга і доўга гаварыць пра станоўчыя якасці і добрасумленную працу газавікоў.

Былыя работнікі шмат пачулі пра дынаміку развіцця арганізацыі і нават адчулі сучасныя рытмы дзейнасці прадпрыемства, калі ім прапанавалі экскурсію па абноўленых сучасных памяшканнях і кабінетах, рамонтных боксах і г.д. А потым усіх прысутных чакаў святочны салодкі стол, упрыгожаны тортам з незвычайнымі, бэзавага колеру, ружамі.

Напрыканцы сустрэчы расчуленыя ветэраны выказалі шмат удзячных слоў кіраўніцтву Бярэзінскага раёна газазабеспячэння.

­ Мне вельмі прыемна было сустрэцца ў такой цёплай абстаноўцы са сваімі калегамі, ­ гаварыў Анатолій Мікалаевіч Калінковіч. – Я вельмі ўдзячны за гэтыя святочныя хвіліны, і, зразумела, за пастаянную ўвагу і клопат пра нас – пажылых. За гарантаваную дапамогу па многіх жыццёвых пытаннях, за фінансавую падтрымку да святаў і за такія вось сардэчныя імгненні. Наогул, прыемна адчуваць, што цябе заўсёды падтрымаюць, што цябе памятаюць.

Алена ГРОМАВА.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *