НА БЯРЭЗІНШЧЫНЕ АДЗНАЧЫЛІ ДАЖЫНКІ

 


 

З дзяцінства мы ведаем ад нашых бацькоў і прадзедаў вялікую цану хлеба. “Хлеб – усяму галава”, ­ гаворым мы. Мы шануем яго, схіляемся над ім, услаўляем і атаясамляем з нашым дабрабытам і заможнасцю. “Будзе хлеб – будзе і песня” – гэта таксама пра яго. Але ж кожны бохан, кожная лустачка хлеба – гэта яшчэ і нястомная праца многіх людзей, нашых аграрыяў, сейбітаў, камбайнераў, хлебапёкаў… Колькі ўкладаецца ў яго руплівасці, старання, працы. Таму не меншай пашаны заслугоўваюць і намаганні людзей, не меншых гонару і славы. І аддаём мы гэтую асаблівую славу земляробам у асаблівы дзень, які носіць назву “Дажынкі”.

Вось і ў мінулую суботу ў нашым раёне адбылося гэтае традыцыйнае, сапраўды народнае свята. Гаспадарамі яго сталі сельскагаспадарчы філіял “Купава­-Агра” і яго цэнтральная сядзіба – аграгарадок Любушаны. За апошні месяц значна памянялася аблічча гэтага населенага пункта і прывычныя, здавалася б, на першы погляд, вулачкі і будынкі тут памянялі свой выгляд, пахарашэлі ў сваім святочным убранстве. Да прыкладу, на цэнтральнай вуліцы аграгарадка была заменена і пафарбавана агаро­джа, адрамантавана яна і на іншых вуліцах. Праведзены бягучы рамонт Дома культуры, да ўвахода ў які паклалі новую плітку, абнавілі ганак. Пафарбаваным і больш прывабным стаў і мясцовы магазін, да таго ж вакол яго была зроблена адмостка. Бягучы рамонт быў выкананы і ў будынку ФАПа, тут таксама паднавілі ганак, замянілі агароджу. Ды і адміністрацыйны будынак філіяла памяняў свой знешні выгляд і “апрануўся” ў новую ўцепленую абліцоўку, на даху яго замянілі стары шыфер на сучасную металачарапіцу. Унутры будынка зроблена нямала для больш камфортнай работы спецыялістаў. Двор вакол “штаба” філіяла стаў больш утульным, у тым ліку і за кошт пакладзенай на ім новай тратуарнай пліткі. Памянялася і цэнтральная плошча аграгарадка. Яна стала больш прасторнай, тут выкананы рамонт асфальтавага пакрыцця. Такая ж работа праведзена і на тэрыторыі мехдвара.

Зроблена ўсё не кідка, а ўтульна і па­гаспадарску. Таму і прыбыўшым на свята гасцям было прыемна адчуваць сябе. А людзей жа сабралася шмат. І кожны пры сустрэчы, акрамя звычайных слоў прывітання, дадаваў: “Са святам!”, адчуваючы сябе часцінкай гэтага мерапрыемства. А наладжана яно было з размахам. Тут, на плошчы, былі прадстаўлены падворкі ўсіх сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна, вёўся бойкі гандаль, дзейнічалі пункты грамадскага харчавання, запрашалі да сябе выставы і атракцыёны, тут жа можна было азнаёміцца з навінкамі тэхнікі Мінскага аўтамабільнага завода (а паглядзець тут сапраўды было на што, нават неспецыялістам) і, нарэшце, стаць сведкамі ўрачыстага ўшанавання лепшых удзельнікаў сёлетняга жніва, актыўна адпачыць усёй сям’ёй. Распрацаваная праграма мерапрыемстваў гэтага дня была шырокай і багатай і магла задаволіць любы густ.

На ўрачыстасць прыбыло нямала шаноўных гасцей, сярод якіх начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення Мінскага аблвыканкама М.М. Кухавец, першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Заводскага раёна г. Мінска У.А. Навумовіч, прадстаўнікі кіраўніцтва Мінскага аўтазавода, завода аўтамабільных прычэпаў і кузавоў “МАЗ­-Купава”, Мінскага завода колавых цягачоў, ТАА “Ома” і ААТ “Здравушка-­мілк”. Да ўсіх прысутных і гасцей свята звярнуўся старшыня раённага выканаўчага камітэта А.М. Бабічаў.

­ Рады вітаць усіх вас у Любушанах на галоўным аграрным свяце нашага раёна ­ фестывалі­-кірмашы “Дажынкі-­2017”, ­ адзначыў Аляксандр Мікалаевіч. ­ Гэты дзень аб’ядноўвае ўсіх тых, хто жыве і працуе на зямлі. Праца гэтых людзей заўсёды была адказнай, таму і карыстаецца асаблівым гонарам і павагай. Сфера, у якой вы працуеце, застаецца адной з важнейшых як для эканомікі рэгіёна, так і для дабрабыту ўсіх жыхароў Бярэзінскага краю. Вырошчваючы і ўбіраючы хлеб, вы ўмацоўваеце багацце нацыі, ствараеце харчовую бяспеку нашай Радзімы.

Уборачная кампанія заўсёды была сур’ёзным экзаменам для хлебаробаў. Яна выставіла рэальныя ацэнкі арганізатарскім здольнасцям кіраўнікоў, спецыялістаў, праверыла ўзаемадзеянне розных структур і падраздзяленняў, надзейнасць уборачнай тэхнікі. На нашым свяце мы падводзім вынік той каласальнай і вельмі няпростай працы, якая патрабуецца для атрымання ўраджаю.

Самых добрых слоў заслугоўваюць сёлета члены камбайнавых экіпажаў, машыністы зернесушыльных установак, транспартнікі, кіраўнікі і спецыялісты сельскагаспадарчых прад­прыемстваў, інвестары, арганізацыі­шэфы, работнікі гандлю, грамадскага харчавання, культуры, медыцыны, бытавога абслугоўвання насельніцтва, студэнцкая і навучэнцкая моладзь – усе тыя, хто прыняў удзел ва ўборцы ўраджаю.

Вынікі работы хлебаробаў сёлета – гэта 52 тысячы тон якаснага зерня. Сярэдняя ўраджайнасць па раёне склала 29 цэнтнераў з гектара. Удзельнікамі жніва былі 19 камбайнавых экіпажаў, дзесяць з якіх дасягнулі намалоту больш за тысячу тон зерня. На адвозцы збожжа было задзейнічана 73 адзінкі аўтамабіляў, трактароў. 25 вадзіцеляў перавезлі больш за тысячу тон збожжа і чатыры – больш дзвюх тысяч тон. Сёння на сцэну для ўручэння ўзнагарод узнімуцца тыя, чый характар загартаваны цяжкай і адказнай працай, якая патрабуе пастаяннага напружання, вялікай самааддачы, стойкаці і цярпення.

Ужо зараз мы думаем пра будучае. Робім вывады з сёлетняй уборкі. Праца на палетках працягваецца. Гэта сяўба, ворыва, корманарыхтоўка. Ідзе закладка ўраджаю 2018 года. І наперадзе ў нас новая, не менш адказная задача. Упэўнены, што работа ў камандзе, у адной звязцы, дазволіць нам вырашыць усе пастаўленыя задачы.

Шаноўныя ўдзельнікі свята! Ад усёй душы жадаю вам моцнага здароўя, міру сем’ям і, вядома, новых дасягненняў і здзяйсненняў. Будзьце здаровыя і поўныя сілы. Шчодрых ураджаяў, спрыяльнага надвор’я як у полі, так і ў нашых дамах.

Свае віншаванні з заканчэннем жніва і святам ад імя губернатара вобласці А.М. Ісачанкі выказаў начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення Мінскага аблвыканкама М.М. Кухавец. Акрамя таго, Мікалай Мікалаевіч уручыў падзяку старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта трактарысту­машыністу ААТ “Першамайскі” Сяргею Андрэевічу Аўсянскаму і Ганаровую грамату Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь вадзіцелю ААТ “Першамайскі” Анатолю Мікалаевічу Белабровіку. Ганаровай граматы Мінскага аблвыканкама ўдастоены трактарыст-­машыніст ААТ “Бярэзінскі” Аляксандр Уладзіміравіч Ермаловіч.

Затым наступае самы адказны момант урачыстасці: агучваюцца вынікі раённага спаборніцтва і прозвішчы пераможцаў жніва-­2017. Так, пераможцамі штогадовага раённага спаборніцтва на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур сёлета становяцца: філіял “Сельскагаспадарчая вытворчасць “Арэшкавічы” адкрытага акцыянернага таварыства “Мінскі завод колавых цягачоў” пад кіраўніцтвам Сяргея Іванавіча Счаснага (дададзім, што званне лепшай гаспадаркі раёна філіял заваёўвае ўжо другі год запар). Другое месца ў спаборніцтве займае адкрытае акцыянернае таварыства “Пагосцкі” (кіраўнік Наталля Уладзіміраўна Сокал). Ганаровае трэцяе месца дастаецца гаспадарам свята – філіялу ТАА “Завод аўтамабільных прычэпаў і кузавоў “МАЗ-­Купава” “Купава­-Агра” на чале з дырэктарам Валерыем Мікалаевічам Цэдрыкам.

Старшыня райвыканкама А.М. Бабічаў прыступае да ўручэння ганаровых грамат пераможцам індывідуальнага спаборніцтва. Так, лепшымі камбайнавымі экіпажамі прызнаны: экіпаж у саставе В. А. Кашлачова і А.У. Шмарлоўскага з ААТ “Пагосцкі”. У лідарах таксама камбайнавыя экіпажы ў саставе бацькі і сына Андрэя Васільевіча і Васіля Андрэевіча Жукоўскіх з ААТ “Пагосцкі” (другое месца), а таксама С.У. Дадонаў і К.А. Жораў з гэтай жа гаспадаркі (трэцяе месца).

Найлепшыя вынікі на адвозцы збожжа ад камбайнаў паказалі М.В. Маркоўскі (ААТ “Пагоцкі”), Д.В. Рахманька (ААТ “Бярэзінскі”) і Л.А. Антаневіч (ААТ “Багушэвічы”), у якіх адпаведна першае, другое і трэцяе месцы.

Свой важкі ўклад у агульны поспех жніва ўнеслі і машыністы зернесушыльных комплексаў на пасляўборачнай дапрацоўцы зерня. На сцэну для ўручэння граматы за першае месца ў спаборніцтве запрашаецца прадстаўнік ААТ “Першамайскі” Р.Л Жаўняровіч. Другое месца займае група аператараў ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс” у складзе А.П. Карповіча, Д.С. Халецкага, У.С. Саскаўца і С.С. Чабатара. Трэцяя прыступка прызавога п’едэстала – у аператараў зернесушыльнага комплексу ААТ “Багушэвічы” М.М. Крывашэя, М.С. Собаля і М.М. Маркоўскага.

Тое, што хлебаробская справа працаўнікоў палёў знаходзіцца ў надзейных руках працягвальнікаў трыдыцый старэйшых пакаленняў, яскрава засведчыла ўзнагароджванне ў наступнай намінацыі – пераможцы штогадовага раённага спаборніцтва сярод маладых работнікаў на ўборцы ўраджаю. Найбольшай стараннасцю тут вызначыліся А.І. Хрэшчановіч, А.С. Гураў з ААТ “Пагосцкі”. На другім месцы маладзёжны экіпаж у складзе А.В. Кунавіча і Ю.А. Мароза – прадстаўнікоў сельскагаспадарчага філіяла “Здравушка­-агра” ААТ “Здравушка­-мілк”. Даволі высокія паказчыкі таксама ў камбайнераў Г.Г. Целюка і У.У. Корыка (ААТ “Брадзец”), якія сталі трэцімі сярод маладзёжных экіпажаў.

Не менш старанна рупіліся прадстаўнікі юнага пакалення і на адвозцы збожжа. Не аказалася сярод іх роўных І.А. Ізніку з ААТ “Брадзец”, С.А. Карповічу з ААТ “Бярэзінскі” і Я.А. Кудзіну з унітарнага прадпрыемства “АграМАЗ”. Менавіта гэтыя маладыя вадзіцелі і занялі прызавыя першыя месцы.

Удзельнікамі жніва штогод становяцца не толькі работнікі аграрнага сектара. Гарачая кампанія прыцягвае і прадстаўнікоў многіх іншых службаў і прафесій, чый удзел становіцца неад’емнай часткай работы ўсяго механізма. У час напружанай працы хлебаробаў настрой ім падтрымлівалі работнікі культуры. У прыватнасці, прадстаўнікі аўтаклуба раённага цэнтра культуры, пад кіраўніцтвам Любові Дзмітрыеўны Пінчук, якая атрымала ўзнагароду. Не падлічыць, колькі выездаў зрабіў за час жніва гэты невялічкі мікрааўтобус разам з самадзейнымі артыстамі, на якіх толькі ўчастках не выступалі яны.

За пільнасць, адказнасць і надзейнае нясенне службы па ахове збожжа і тэхнікі ад узгаранняў і пажараў быў адзначаны і вадзіцель аварыйна­выратавальнай часці г. Беразіно Сяргей Аляксандравіч Слабко, які ўжо больш сямі гадоў аказвае дапамогу сельскагаспадарчым прадпрыемствам у час уборкі ўраджаю.

Тут жа, у ходзе ўрачыстага ўзнагароджвання, былі агучаны і вынікі праведзенага ў гэты дзень конкурсу на лепшы падворак, якія прадстаўлялі на свяце ўсе гаспадаркі раёна. Лепшым, на думку кампетэнтнага журы, стаў падворак ААТ “Першамайскі”, за што яго дырэктар В.М. Аўтухоў атрымаў каштоўны падарунак. Не застаўся без падарунка ад раённага выканаўчага камітэта і гаспадар свята, дырэктар сельгасфіліяла “Купава­-Агра” В.М. Цэдрык. І гэта аказаўся не адзіны сюрпрыз для Валерыя Мікалаевіча. Наступным, хто ўзняўся на сцэну, быў намеснік генеральнага дырэктара, камерцыйны дырэктар ААТ “МАЗ” Г.В. Скітаў. Ён аб’явіў, што рашэннем кіраўніцтва прадпрыемства за праведзенае на высокім узроўні сёлетняе жніво гаспадарка атрымлівае ў падарунак легкавы аўтамабіль, і ўрачыста ўручыў ключы ад яго дырэктару філіяла.

Узнагароды працаўнікам палёў ад інвестараў на гэтым не завяршыліся. Так, намеснік генеральнага дырэктара – дырэктар па кадрах, сацыяльных пытаннях і ідэалагічнай рабоце ААТ “МАЗ” П.В. Косар уручыў граматы працаўнікам сельскагаспадарчага ўнітаранага прадпрыемства “АграМАЗ” – галоўнаму аграному М.М. Юрэвічу, інжынеру па механізацыі працаёмкіх працэсаў І.А. Собалю і вадзіцелю А.І. Баранаву. Граматы ад інвестараў з рук генеральнага дырэктара ТАА “Завод аўтамабільных прычэпаў і кузавоў МАЗ-­Купава” В.М. Якубава атрымалі ў гэты дзень прадстаўнікі філіяла “Купава­-Агра”­ камбайнер В.С. Несцяровіч, памочнік камбайнера А.М. Пянкрат, вадзіцель М.А. Мотуз і трактарыст-­машыніст А.А. Краўцоў.

Немалаважным фактарам правядзення ўборкі ўраджаю быў клопат аб яго бяспечным правядзенні, як і наогул клопат пра кожнага працаўніка сельскай гаспадаркі з боку прафсаюзных арганізацый. А калі да таго ж лепшыя члены прафсаюза адзначаюцца і адпаведнымі граматамі, гэта ўдвая прыемна. Іх па выніках жніва ўручыла старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу В.А. Козел. Загадчыцы сталовай ААТ “Бярэзінскі” Р.Г. Сашко, галоўнаму інжынеру ААТ “Уша” В.М. Калінкевічу, галоўнаму аграному ААТ “Пагосцкі” М.В. Аўтуховічу і токару ААТ “Бярэзінскі” В.В. Цюхаю.

І пасля завяршэння афіцыйна­віншавальнай часткі свята яшчэ доўгі час вабіла да сябе людзей. Амаль увесь суботні дзень у Любушанах гучала музыка, ішоў канцэрт прафесійных артыстаў – заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь, вакальнай групы “Чысты голас” і прадстаўнікоў самадзейных калектываў Бярэзіншчыны і Палаца культуры Мінскага аўтазавода, чулася ажыўленая гамана людзей, панаваў прыўзняты настрой. Свята аказалася запамінальным і відовішчным і наўрад ці каго расчаравала.

Што ж, сапраўды, усе пералічаныя людзі заслужылі сваіх узнагарод і шчырых слоў падзякі за старанную працу. Не менш старанна працавалі ў дні жніва і многія іншыя работнікі палёў і іншых галін. Усе мы ў гэты час працуем на адзін вынік, вырашаем адну задачу. Таму і адзначаем разам свята дажынак, ганарымся тым, што ў агульным раённым караваі ёсць і наша часцінка працы, нашых намаганняў і старання.

Сёння на палетках гаспадарак раёна не заціхае рокат трактароў: вядуцца работы па закладанні ўраджаю будучага года. І хоць тое, наколькі будзе ён багатым і паўнаважкім, у пэўнай ступені залежыць ад кожнага з нас, галоўнымі дзеючымі асобамі гэтага працэсу застаюцца яны – аратыя, вадзіцелі, камбайнеры, аграномы – усе, хто звязаў свой лёс з зямлёй і штодзённай працай даказвае ёй сваю вернасць. Дзякуй табе, хлебароб, і наша агульная пашана!

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *