Работнікі паштовай сувязі адзначылі прафесійнае свята

 

9 кастрычніка работнікі паштовай сувязі традыцыйна адзначалі Сусветны дзень пошты і прымалі шчырыя віншаванні і добрыя пажаданні ў свой адрас.

У нашы дні беларуская паштовая сувязь забяспечвае інфармацыйнае адзінства нашай краіны, падтрымлівае статус сацыяльнага партнёра дзяржавы, надзейнага пасрэдніка ў міжчалавечых зносінах. У паштовай галіне працуюць добрасумленныя людзі, якія ўсёй душой любяць сваю прафесію, сваю няпростую і адказную справу, аддаючы назапашаны вопыт, веды, сілы.

­ Сёлета спаўняецца 15 гадоў, як я працую на пошце, і з першых дзён сваёй працы пераканалася, што ніколькі не памылілася з выбарам прафесіі, ­ гаворыць начальнік участка па абмене і апрацоўцы пошты Бярэзінскага аддзялення паштовай сувязі “Беразіно – 1” Наталля Рыгораўна Сіняк. ­ Усяго ў нашым аддзяленні шэсць аператараў паштовай сувязі і шэсць паштальёнаў (адзін з якіх – паштальён мотадастаўкі). Мы здзяйсняем прыём на падпіску друкаваных СМІ, прыём усіх відаў паштовых адпраўленняў. Таксама наша аддзяленне прымае міжнародныя пераводы, заяўкі на афармленне заказаў на тавары праз інтэрнэт-­магазін “Белпошта”. Да таго ж, страхуем транспарт, працуем у сістэме “ЕРИП”.

Кожнага кліента сустракаем з усмешкай. Хочацца, каб і да нас кліент прыходзіў з усмешкай, у добрым настроі. Наогул, дэвіз “Белпошты” – “Хуткасць, надзейнасць і даступнасць”. І мы стараемся, каб так было заўсёды.

На здымку: (злева направа) аператары паштовай сувязі Паліна Васільеўна Ярмоленка, Святлана Іванаўна Кісялёва, Юлія Уладзіміраўна Шамчыкава, начальнік участка па абмене і апрацоўцы пошты Наталля Рыгораўна Сіняк.

Алена ГРОМАВА.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *