МАМА, МАМАЧКА, МАТУЛЯ ­ — найдаражэйшыя словы­-мелодыя

 

Пагадзіцеся, адзін, два дзіцяці – гэта, мне здаецца, сапраўды, складана! А калі іх 9 (!) – велізарнае шчасце, якое ніякімі цяжкасцямі ўжо не спужаеш! – разважае шматдзетная матуля з аграгарадка Брадзец Ірына Аляксееўна ІВАШКА.

…16 гадоў таму Ірына працавала дыспетчарам у ААТ “Брадзец”. Сюды ж са Століншчыны прыехаў майстар па будоўлі Аляксей. Ды чамусьці адразу яны не сустрэліся. Мужчына праз некаторы час вярнуўся ў свой раён. Але, як кажуць, лёс не ашукаеш. Праз некаторы час зноў прыехаў у Брадзец да знаёмых і…застаўся.

­ Праз год згулялі вяселле, ­ усміхаецца Ірына Аляксееўна. – Шчыра кажучы, па характары мы вельмі розныя: я – ціхая, спакойная, муж – больш эмацыянальны. Таму мы дапаўняем адзін аднаго. Шукаем кампрамісы, разам выхоўваем, вучым дзетак быць дружнымі, працавітымі, адказнымі за свае ўчынкі.

­ Нашы тата і мама самыя лепшыя, самыя любімыя, самыя­самыя! Тата – аўтарытэт, прыклад. А мамачка – разумная, прыгожая і працавітая. Ёй нават ордэн Маці далі, ­ наперабой расказвалі дзеці, з гонарам паказваючы ўзнагароду­рэліквію.

А пры размове з Ірынай Аляксееўнай яшчэ і пераканаліся, што яна, сапраўды, моцная, адважная жанчына. Такая, напэўна, якой толькі і можа быць маці дзевяцярых дзяцей. Яна з пяшчотай расказвае пра сваіх непасед. Самы старэйшы, Аляксандр, пасля 9 класаў паступіў у Клічаўскі аграрна­тэхнічны каледж, набывае спецыяльнасць тэхніка­механіка, каб вярнуцца ў родную гаспадарку дыпламаваным спецыялістам. Юля – вучаніца 9 класа мясцовай школы, хоча стаць медыцынскім работнікам. Сямікласніца Вікторыя ­ творчая асоба, робіць прычоскі і сабе, і сястрычкам, любіць “чараваць” з матуляй і Юляй на кухні, гатаваць блінчыкі, амлет, піражкі і розныя смачнасці вялікай сям’і. Марыць стаць кандытарам. Даша і Вераніка – пяцікласніцы!

­ Не! Мы не двайняты. Проста ў адной дзень нараджэння 1 верасня, а ў другой – 30. Таму і вырашылі ўжо разам пайсці ў школу, каб весялей было, ­ смяюцца дзяўчынкі. – Мы галоўныя памочніцы таты і мамы – разам прыбіраем, гатуем, ходзім у лес за грыбамі, ягадамі.

­ І я таксама дапамагаю маме і тату, ­ дадае трэцякласніца Алеся.

Напэўна, камандуе сястрычкамі і брацікам, не дае ім сумаваць маленькі гарэза Аляксей. А “пястушка” у сям’і, якая патрабуе ўвагі гучным, звонкім “куга­куга”, усміхаецца, калі з ёй размаўляеш, Маргарытка. Яна на днях адзначыла свой “маленькі”, трохмесячны, дзень нараджэння. Дарэчы, у сям’і Івашка ёсць даўняя традыцыя – заказваць велізарны торт на дні нараджэння, праводзіць гэты дзень па­сямейнаму, разам, рыхтаваць невялікі канцэрт (вершы, песні).

Падабаецца дзецям і гульня, якую кожны вечар праводзяць для іх бацькі. Яны дзесьці ў 21.30 “строяць” свой “батальён” і камандуюць: адбой! За 30 хвілін усе павінны легчы ў ложкі. Тата лічыць да трох “скрыпаў”. Калі хтосьці не паспеў, усё пачынаецца спачатку.

­ А мы іншы раз спецыльна шумім, каб зноў “строіцца”, як у арміі, ­ са смехам тлумачаць дзеці правілы гульні. – Гэта ж так весела! А яшчэ мы любім прыбірацца, рабіць прычоскі, як у “Модным прысудзе”, а мама з татам ацэньваюць наш стыль, робяць заўвагі.

­ Напэўна, складана быць шматдзетнай матуляй?

­ Мама! Мамачка! Матуля!.. Самыя найдаражэйшыя словы для кожнай жанчыны, мелодыя, ­ зазначыла Ірына Аляксееўна. – Так прыемна чуць гэтую “мелодыю” дзевяцярых галасоў. Ёсць такі правільны выраз ­ сям’я неацэнная, калі паўнацэнная.

У нас яна, сапраўды, паўнацэн­ная, вялікая, дружная, працавітая. Таму быць шчаслівай матуляй, любячай жонкай не складана!

­ І самай любімай жонкай, сапраўднай гаспадыняй, ­ дадае Аляксей Мікалаевіч.

Сям’я Івашкаў, сапраўды, дружная. Яны, як адно цэлае. Калі мы папрасілі апрануць вопратку і выйсці на вуліцу для фотаздымка, старэйшыя дзяўчынкі хуценька сабралі малодшых, Адразу бачна, што бацькі выхоўваюць іх, прывіваючы любоў да працы.

­ Летам мы цэлымі днямі ў ягадах, ­ зазначае Юля. – Здаём, зарабляем уласныя грошы, каб купіць тэлефон, планшэт, вопратку… І такая праца нам у радасць.

Вядома ж, мне захацелася пацікавіцца, у чым сакрэт іх сямейнага шчасця. Задала гэтае пытанне паасобку Ірыне Аляксандраўне і Аляксею Мікалаевічу. І дзіва! Адказ амаль аднолькавы:

­ Галоўнае, каб у сям’і пасяліліся і жылі любоў, узаемапавага, узаемадапамога. Тады з усімі цяжкасцямі РАЗАМ справіцца можна.

Юлія БУКЕЛЬ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *