Рабі сам сваё жыццё цікавым

 

З такой фундаментальна пазітыўнай устаноўкай крочыць па жыцці Васілій Васільевіч Цюхай (на здымку) ­ токар цэха рамонту і тэхнічнага абслугоўвання машынна­трактарнага парка адкрытага акцыянернага таварыства “Бярэзінскі райаграсэрвіс”.

Сёлета яго прозвішча зноў гучала на раённых “Дажынках” у ліку пераможцаў спаборніцтва сярод працаўнікоў Бярэзінскага раёна.

А шлях да перамогі лёгкім не бывае. Не хочуць паглыбляцца ў разуменне гэтых ісцін маладыя спецыялісты, якія адпрацаваўшы за такарным станком адпаведны перыяд побач з майстрам, развітваюцца з ім і адпраўляюцца ў пошукі лягчэйшага хлеба і лепшых дарог.

Аб гэтым з сумам распавядае Васілій Васільевіч.

Ён працуе ў арганізацыі 33 гады. У свой час вучыўся ў прафесійна­-тэхнічным вучылішчы № 94 пры Мінскім трактарным заводзе, пасля заканчэння якога яму ­- выдатніку вучобы – быў прысвоены чацвёрты разрад.

Потым кваліфікаваны спецыяліст набыў і пяты разрад. Зараз, здаецца, для Васіля Васільевіча няма ніякіх сакрэтаў і непасільных задач – яго ўмелыя рукі здольны выканаць любую аперацыю на любым станку, што стаіць у цэху – токарным ці фрэзерным, любая дэталь яму падуладна.

І хоць нярэдка даводзіцца працаваць, не лічачыся з часам, работа прыносіць радасць і задавальненне. Бо прывучаны да працы Васіль быў змалку.

У спадчыну ад дзеда і бацькі, акрамя працавітасці, атрымаў і пчаліную гаспадарку, любоў і цягу да лесу, да палявання. Нават і жонка Клаўдзія Аляксандраўна прызвычаілася дапамагаць даглядаць пчолак даволі паспяхова. Гэта і для душы – прыемны занятак, і падтрымка для сямейнага бюджэту, у дадатак да ўраджаю з прысядзібнага ўчастка. Разам выгадавалі дваіх дзяцей – сына Уладзіміра і дачку Настассю. І хоць уладкаваліся яны па сваіх спецыяльнасцях у сталіцы, аднак амаль кожныя выхадныя едуць у бацькоўскую хату, дзе заўсёды ім рады, дзе цёпла і ўтульна, пахне матулінымі прысмакамі, а тата заўсёды знойдзе прыемны і карысны занятак, па душы.

 

Алена ГРОМАВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *