Яшчэ адзін дзень на карысць горада

 

21 кастрычніка прайшоў чарговы суботнік па навядзенні парадку на зямлі. У горадзе работа вялася ў лясным масіве, што прылягае да гарадскога аўтавакзала, на цэнтральнай плошчы, каля дома графа Патоцкага. У суботніку ўдзельнічалі прадстаўнікі райвыканкама з работнікамі іншых службаў.

У лясным масіве каля аўтавакзала працавала група на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Анатолем Мікалаевічам Зябко. У іх задачу ўваходзіла ліквідацыя сухіх галін і дрэў. Удзельнікі мерапрыемства адзначалі, што аб’ём работы, сапраўды, вялікі: спатрэбіцца не адзін суботнік для таго, каб прывесці гэта месца ў парадак. Дапамагалі супрацоўнікам райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў леснікі Бярэзінскага лясніцтва. Ляснічы Уладзімір Іванавіч Якавец, зазначыў, што добраўпарадкоўваць у дадзеным лясным масіве ­ задача цяжкая, бо многія гараджане ходзяць мясцовымі сцежкамі і пастаянна пакідаюць пасля сябе смецце. Нават крыўдна з году ў год прыбіраць гэтае месца зноўку.

На цэнтральнай плошчы працавала другая група супрацоўнікаў райвыканкама з прадстаўнікамі ЖКГ. Яны пастаянныя ўдзельнікі суботнікаў. У мінулым годзе гэтак жа дружна, як і зараз, прыбіралі тэрыторыю за гарадскім стадыёнам.

Каля гістарычнай славутасці горада, дома графа Патоцкага, было асабліва шматлюдна. Тут знайшлася справа для супрацоўнікаў аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Начальнік аддзела, Наталля Аляксан­драўна Жукоўская адзначыла, што гэта месца ў чысціні падтрымліваецца пастаянна, але восень прымушае сабрацца для ўборкі апалага лісця.

Вось так яшчэ адзін дзень быў праведзены на карысць горада. Але навядзенне парадку працягнецца. Наперадзе – яшчэ адзін суботнік кастрычніцкага месячніка.

Павел САЛАЎЁЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *