ЯК АДСЛУЖЫЎ, САЛДАТ?

 

Трагедыя, якая здарылася ў адной з вайсковых часцей, напэўна, нікога ў нашай краіне не пакінула абыякавым і выклікала вялікі грамадскі рэзананс. Яна прымусіла кожнага з нас звярнуць пільную ўвагу на сучасную армію. Але з вывадамі лепш не спяшацца, а паслухаць, як нясуць воінскую службу сённяшнія радавыя салдаты, былыя нашы навабранцы. Ці падабаецца ім вайсковая форма? Ці стала армія для іх школай сучаснай мужчынскай загартоўкі? Ці параяць яны сваім сябрам і дзецям прайсці праз вайсковыя выпрабаванні? На гэтыя пытанні адкажуць цяпер ужо вайскоўцы запасу Вадзім Пятрэнка і Антон Няхай. Яны днямі вярнуліся са сваіх воінскіх часцей і спрабуюць хутчэй уліцца ў грамадзянскае жыццё.



Вадзім Пятрэнка, вайсковая часць 01266:

­ Я быў прызваны ў армію пасля заканчэння прафесійна­-тэхнічнага каледжа, дзе атрымаў спецыяльнасць электра­механіка. Паспеў нават некалькі месяцаў адпрацаваць на вытворчым участку “Мінск­-Крышталь”. Адразу падкрэслю, што асобным пунктам жыццёвага плана я паставіў службу ў арміі. Мой тата служыў у радах паветрана-­дэсантных войскаў, меў свой унікальны дэмбельскі альбом і не раз расказваў пра рамантыку армейскай службы. Вось і мне захацелася нешта такое ўзнёсла-­патрыятычнае і сапраўдна-­мужчынскае ў свой час данесці сыну. Ніякія цяжкасці не палохалі, і я быў маральна гатовы да выпрабаванняў. Аднак вайсковыя нягоды, пра якія расказвалі сябры, аказаліся нескладанымі. У вайсковай часці я знайшоў новых таварышаў, з якімі кожны дзень дзяліў радасць поспеху і горыч няўдач, на свае вочы пабачыў афіцэраў, якія, як у сучасных кінафільмах, цалкам аддаюцца воінскаму абавязку і інтарэсам службы, як родныя бацькі клапоцяцца аб сваіх салдатах. Іх уласны прыклад адносін да службы і дадзеныя ўрокі жыцця яшчэ не раз спатрэбяцца нам у далейшым жыцці.

Удасканаліў я свае прафесійныя навыкі. На памяць аб воінскай службе засталася Ганаровая грамата, а матуля атрымала Падзячны ліст за добрае выхаванне абаронцы Айчыны. Па першым часе яна моцна хвалявалася і перажывала за мяне, часта наведвала воінскую часць. Але потым скараціла свае візіты. На гэтым настаяў я: трэба ж было хутчэй станавіцца самастойным.

Арміі я буду ўдзячны не толькі за сапраўднае мужчынскае станаўленне, аднак і за каханне. Пазнаёміліся з дзяўчынай у інтэрнэце, пэўны час перапісваліся, і яна нават прыязджала да мяне ў часць. Уявіце сабе, я навучыўся пісаць лісты. Прызнаюся шчыра: спачатку было цяжка, карпеў над выбарам кожнага слова -­ а потым уцягнуўся, і словы, і пачуцці самі клаліся на паперу. Прыемна, што дзяўчына ацаніла мой творчы запал, і цяпер я магу смела прызнацца ёй у каханні.

Крыўдна бывае, калі хтосьці памылкова лічыць, што армейская служба – страчаныя гады. Я скончыў музычную школу і нядрэнна спяваў у школьнай самадзейнасці. Не забыўся пра сваё захапленне і ў арміі, паспяхова выступаў у час свят, нават пачаў пісаць вершы і музыку. Дзіўна, але менавіта сярод ваенных я канчаткова вырашыў у будучыні адкрыць сваю музычную студыю. На жаль, патрыятычныя песні ў мяне пакуль не атрымліваюцца. Але думаю, што гэта часова, бо хочацца пераканаць усіх, што не трэба баяцца армейскай службы. Яна для кожнага патрэбная жыццёвая школа.


Антон Няхай, вайсковая часць 30151, горад Фаніпаль:

­ Я -­ адзіны сын у сям’і. Так ужо атрымалася, што тата не служыў у арміі. Але дух вайсковай рамантыкі ў нашай сям’і лунаў яшчэ з майго маленства. Дзядуля служыў у лётных войсках. Напэўна, ад яго ў маёй крыві жыве захапленне тэхнікай. Пасля заканчэння школы я нават спрабаваў паступаць на ваенна­-тэхнічны факультэт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, але не хапіла балаў. Давялося атрымаць спецыяльнасць эканаміста ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Марыў служыць у міліцыі, але армія дала мне магчымасць не зрабіць такую памылку. І не адну.

Служыць мне давялося ў войсках супрацьпаветранай абароны, што стала сапраўднай асалодай і лішні раз пераканала, што хачу звязаць будучыню з тэхнікай.

Балазе, цяпер пасля арміі з ваенным білетам шанцы знайсці добрую работу па душы ў мяне высокія.

Яшчэ да службы я збіраўся ажаніцца, тры гады сустракаўся з дзяўчынай, мы нават спрабавалі жыць разам. У арміі я пісаў ёй лісты, але нашы адносіны сапсаваліся і мы вымушаны былі развітацца назаўсёды. Не буду крывіць душой, было цяжка, але для мяне знайшлі словы падтрымкі новыя сябры, афіцэры. Цяпер той цяжкі ўдар лёсу перажыты і маё сэрца адкрыта для новага кахання. Шчыра веру, што больш не дапушчу памылкі, бо спазнаў цану пачуццяў.

Калі заканчваўся тэрмін службы, пачалося абмеркаванне прапановы аб вызваленні ад воінскага абавязку адзіных сыноў у сям’і. Цікавая ідэя, але нават не ведаю, выкарыстаў бы я такую магчымасць ці не. Напэўна, не, бо тады пазбавіў бы сваё жыццё ўнікальнай і непаўторнай па сваіх адчуваннях армейскай рамантыкі.

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *