Місія выканана: сяброўства   з раёнкай працягваецца

14 снежня Дзень падпісчыка, як звычайна, сабраў сяброў раёнкі ў Бярэзінскім гарадскім аддзяленні паштовай сувязі. У гэты дзень чытачам таксама прапанавалі зарадзіцца навагоднім настроем разам з раённай газетай.

Усе  жадаючыя   змаглі  паўдзельнічаць у акцыі, аргані­заванай супрацоўнікамі рэдак­цыі і кінатэатра “Юбілейны”. Згодна з умовамі, трэба было аформіць падпіску на “Бя­рэзінскую панараму” адразу на квартал ці паўгоддзе.

Для падпісчыкаў такое мерапрыемства стала прыемным сюрпрызам. Можна адначасова атрымліваць асалоду ад чытання любімай газеты і надалей, а таксама стаць удзельнікам акцыі і выйграць паход у кіно.

І вось – розыгрыш адбыўся, падпісныя квітанцыі прынеслі ўдачу   сваім   уладальнікам.   Запрашэнні на дзве асобы на перадсвяточную прэм’еру нашумелага фільма “Ёлкі новыя” ўручаны прадстаўніком кінатэатра Максімам Генадзье­вічам Краткоўскім Людміле Уладзіміраўне Самуйловіч, Ларысе Іосіфаўне Габец і Таццяне  Уладзіміраўне Стасевіч. Мы пагутарылі   з    пераможцамі і даведа­ліся,   што   ўсе  яны з’яўляюцца падпіс­чыкамі раёнкі са стажам.

Менавіта з раёнкі даведалася пра Дзень падпісчыка Т.У.  Ста­севіч.   Такія   анонсы мерапрыемстваў праз газету лічыць яна станоўчай  практыкай.  Сама жанчына не мясцовая: пасля замужжа пераехала  ў  Беразіно з Уздзеншчыны. Тут дзякуючы свекрыві па­знаёмілася  і  з  раённай газетай, сяброўству з якой не здраджвае і па сённяшні дзень. На старонках выдання жанчына знаходзіць шмат цікавай і карыснай інфармацыі. Падабаюцца ёй парады бацькам ад Зінаіды Гурэцкай, якія дапамагаюць наладжваць зносіны з унукамі ­ Дашай і Максімам. Значнымі лічыць  Таццяна Уладзіміраў­на матэрыялы, дзе расказваецца пра лёсы людзей, што пераадольвалі цяжкасці на жыццёвым шляху. З захап­леннем чытае    Т.У.   Стасевіч гістарычныя звесткі пра горад Беразіно: хочацца ведаць як мага больш пра тое месца, дзе жывеш. Акрамя таго, наша    падпісчыца      старанная     гаспадыня: не застаюцца без яе ўвагі кулінарныя рэцэпты і пасяўны каляндар садавода­агародніка.

Адразу на паўгода аформіла падпіску на “Бярэзінскую панараму” Л.І. Габец. Па прыкладзе бацькоў яна ўжо шмат гадоў аддае перавагу раённаму выданню, памятае і тыя часы, калі газета выходзіла тры разы на тыдзень. У планах жанчыны – з новага года стварыць дамашні архіў раёнак. На старонках газеты Ларыса Іосіфаўна адкрывае для сябе шмат новага і цікавага. Раёнка дапамагае жанчыне быць у курсе навін раённага, абласнога і рэспубліканскага значэння. Тут можна таксама пазнаёміцца з новымі людзьмі, зарадзіцца карыснай інфармацыяй, што паспяхова выкарыстоўваецца на практыцы, павіншаваць са святамі і юбілеямі родных і сяброў.

Найбольш змястоўнай лі­чыць 4 старонку і з яе пачынае сваё знаёмства з чарговым нумарам “Бярэзінскай панарамы” Л.У. Самуйловіч. Па словах жанчыны, з 1970 года раёнка не губ­ляе сваёй актуальнасці. Газета стала надзейным памочнікам і дарадцам.

­ Ёсць у ёй штосьці роднае і блізкае, тое, без чаго малюнак жыцця будзе няпоўным. Тут жа і ўсе мясцовыя навіны, і матэрыялы пра знаёмых лю­дзей, і прозвішчы аўтараў, што даўно заваявалі аўтарытэт у грамадстве. На старонках выдання побач з сур’ёзнымі тэмамі знаходзіць месца і забаўляльная інфармацыя. Удалым правядзеннем вольнага часу лічу крыжаванкі і гараскопы, што друкуюцца на старонках газеты, ­ падзялілася Людміла Ула­дзіміраўна і дадала: ­ Што нядрэнна было б, каб паштальёны завітвалі да людзей і афармлялі падпіску дома.

У ходзе акцыі мы высветлілі, што жыхары горада і раёна не супраць “зарадзіцца” навагоднім настроем і атрымаць асалоду ад порцыі гарачых навін падчас сяброўства з “Бярэзінскай панарамай”. Далучайцеся і вы да нас. Будзем разам ствараць навіны нашага раёна!

Не забывайце пра акцыі і конкурсы, якія рэдакцыя газеты наладжвае для сваіх пастаянных падпісчыкаў.

Алена МУРАЧ.

Фота Юліі БУКЕЛЬ і Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *