АДРАС РАЗМЕРКАВАННЯ ­- БЯРЭЗІНШЧЫНА


“Беразіно? А гэта дзе?! Як там мяне прымуць? А, можа, “адкасіць” ад адпрацоўкі”, ­ напэўна, так думалі многія сённяшнія маладыя спецыялісты, пачуўшы лёсавызначальную назву, Беразіно, на размеркаванні. Вядома ж, для кагосьці яна прагучала мілым сэрцу гімнам малой радзіме, а хтосьці пачуў яе ўпершыню, спужаўся невядомага, чужога горада. Учарашнія гарэзлівыя студэнты, а зараз – сур’ёзныя маладыя спецыялісты. Якіх, вядома ж, неабходна падтрымаць, пазнаёміць, праінфармаваць, прывітаць і павіншаваць. А для гэтага на Бярэзіншчыне існуе добрая традыцыя – урачыстае ўшаноўванне ­ так званыя злёты маладых спецыялістаў. На мінулым тыдні адбыўся чарговы, на які запрасілі больш за 30 выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў.


Усе такія розныя: медыкі, настаўнікі, бухгалтары…. Адны адпрацавалі на Бярэзіншчыне амаль два гады, іншыя – толькі некалькі месяцаў. Але ёсць і штосьці агульнае: маладосць, амбіцыёзнасць, адрас размеркавання – Беразіно, і жаданне працаваць, працаваць і яшчэ раз працаваць, каб паказаць на што годны, даказаць, што дыплом выдалі не проста так. І як бы ні склаліся далей абставіны, але першае месца працы кожнаму запамінаецца назаўсёды. Першыя крокі самастойнага жыцця, дзе ўжо нельга прагуляць “пары” ці спісаць кантрольную, трывала застануцца не толькі ў працоўнай кніжцы, але і ў памяці. Таму вельмі важна, каб гэтае першае месца работы, а таксама горад ці раён, дзе яно знаходзіцца, пакінулі станоўчыя і прыемныя ўспаміны.

Маладых спецыялістаў на Бярэзіншчыне    прынята    сустракаць урачыста і насычанай праграмай. Таму ў сераду, ужо з самай раніцы, усіх вітала каля дзіцяча­юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзер­ву начальнік аддзела арга­нізацыйна­кадравай работы райвыканкама, галоўны экскурсавод падчас усяго дня Вольга Віктараўна Мельнічонак.

­ Рада вас бачыць на нашай зямлі, на нашых прадпрыемствах і ў арганізацыях, ­ зазначыла Вольга Віктараўна. – Жадаю, каб вы заўсёды ставілі перад сабой мэту і настойліва ішлі да яе. Рабіце жыццё вакол сябе лепшым, размалёўвайце яго ў каляровыя фарбы. Спадзяёмся, вам, сапраўды, спадабаецца ў нас.

Адсюль і пачалося знаёмства з раёнам і нечаканыя сюрпрызы. Першы прыпынак – цэнтр рамёстваў. Тут з прывітальным словам, пажаданнем адпачыць, набрацца ўражанняў і станоўчых эмоцый да прысутных звярнулася начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Аляксандраўна Сакалоўская. Думаю, усім запомнілася пазнавальная экскурсія па цэнтры, якую правялі навуковы супрацоўнік рабочай групы па стварэнні гісторыка­краязнаўчага музея Марына Рыгораўна Лабковіч і Аляксей Бабашаў. А пра тэхніку вырабу драўляных лыжак, іх непаўторнасць гаварыў народны майстар Беларусі Яўгеній Паўлавіч Восіпаў. Ён жа правёў і майстар­клас, запрасіў на індывідуальныя заняткі.

А далей феерычны сюрпрыз ­ экскурсія ў Жодзіна на магутны завод “БЕЛАЗ”. Наведалі музей гісторыі “БЕЛАЗа”, экскурсію па якім правяла спецыяліст па інфармацыйнай рабоце прадпрыемства Аксана Герасімчык. Аказваецца, у 2018 годзе заводу спаўняецца 80 гадоў. За гэты час ён выпусціў велізарную колькасць рознай магутнай тэхнікі, якая працуе і ў Беларусі, і ў краінах бліжняга замежжа. Вядома ж, маладыя спецыялісты не ўпусцілі шанс зрабіць незвычайнае сэлфі на фоне сапраўдных гігантаў. Прайшліся мы і па ўнікальнай алеі ліхтароў, дзе ад кожнага прадпрыемства горада ёсць свой, асаблівы ліхтар: у выглядзе швейнай машынкі, экскаватара, повара… Крэатыўна, арыгінальна і так прыгожа!

Пагадзіцеся, праца працай, але і для забаў неабходна знайсці вольны час. А чым заняцца ў Беразіно, каб было і карысна, і прыносіла задавальненне? Адказ на гэтае пытанне маладыя спецыялісты атрымалі падчас экскурсіі па дзіцяча­юнацкай спартыўнай школе алімпійскага рэзерву ад яе дырэктара Міхаіла Іванавіча Фесуна:

­ Бясспрэчна, весці здаровы лад жыцця (усміхаецца). Прыходзіць да нас на заняткі ў басейн, трэнажорную залу, навед­ваць саўну і більярд. Тут можна і весела правесці вольны час з сябрамі, і здароўе палепшыць. Чакаем усіх!

А каб маладыя спецыялісты не адкладвалі наведванне спартыўнай школы “в долгий ящик”, М.І. Фясун усім падарыў абанементы ў басейн. “Халява”, якую ўсе так клікалі ў студэнцкія гады падчас сесіі, прыйшла! Думаю, усе скарыстаюцца абанементамі.

А хто сказаў, што перспектыўнае прадпрыемства ёсць толькі дзесьці там, далёка, але не ў Беразіно. Няпраўда! Галоўнае шчыра і аддана працаваць. Любіць сваю работу, калектыў, не баяцца выказваць ініцыятыву, быць смелым, адказным, ва ўсім першым… У гэтым пераканаў, зарадзіў пазітывам дырэктар Бярэзінскага філіяла раёна газазабеспячэння         “Барысаўскага вытворчага ўпраўлення” УП “Мінскаблгаз” Уладзімір Міхайлавіч Абрамовіч падчас экскурсіі па сваіх ўладаннях.

НАВАГОДНІЯ ВІНШАВАННІ І ПАДАРУНКІ

Крыху стомленыя, але, парадокс, радасныя і поўныя энергіі, натхнення вярнуліся ў раённы цэнтр культуры – апошні прыпынак злёту. Тут маладых спецыялістаў віталі старшыня Бярэзінскага райвыканкама Аляксандр Мікалаевіч Бабічаў, намеснікі старшыні райвыканкама Уладзімір Міхайлавіч Навіцкі і Алена Міхайлаўна Гамеза, а таксама Вольга Вікта­раўна Мельнічонак і Галіна Аляксандраўна Сакалоўская.

­ Рады вас усіх бачыць, ­ вітаў прысутных А.М. Бабічаў. ­ Даўно мы планавалі такую цёплую сустрэчу, даўно ішлі да яе. Праграма ў вас была насычаная: экскурсіі, сустрэчы. Мы рады, што першы крок  зроблены,  спа­дзяёмся, што такія сустрэчы з моладдзю раёна будуць праходзіць як мага часцей і ў розным фармаце (летам на прыро­дзе, турзлёты, паходы). Мы з вамі чымсьці падобныя: вы, маладыя спецыялісты, прыехалі сюды па размеркаванні. Я таксама лічу сябе маладым спецыялістам, бо толькі другі год працую на Бярэзіншчыне. Скажу шчыра, нам вельмі пашчасціла, бо Бярэзінскі раён – цудоўны край, дзе жывуць шчырыя і адкрытыя людзі. І я вельмі рады, што працую менавіта тут. Амаль палова тэрыторыі ­ прыгожыя лясы, побач рэчка, рукой падаць да Мінска, Магілёва, Барысава, Бабруйска – усе ўмовы для адпачынку. Ведаеце, можна шмат наракаць на маленькія заробкі, адсутнасць жылля, складаную працу… Але хочацца, каб вы заўсёды і ва ўсім знаходзілі пазітыўныя моманты, каб мы разам рабілі наша жыццё насычаным станоўчымі момантамі. Не лічылі дні да “дэмбеля”, замалёўваючы ў календары клетачкі, каб пасля ўспамінаць размеркаванне як жудасны сон. А з карысцю правялі гэты час. Заклікаю вас да адкрытага дыялогу, каб мы навучыліся размаўляць, чуць адзін аднаго, а не выказваць толькі прэтэнзіі. Давайце радавацца таму, што нам пашанцавала прыехаць менавіта на Бярэзіншчыну, мы можам працаваць на карысць нашага раёна. Пастаянна развівацца, вучыцца, крочыць толькі наперад. Некалькі парад з уласнага вопыту. Дзе б вы ні працавалі, неабходна заўсёды прыносіць карысць іншым, адчуваць, што вы неабходны свайму калектыву. На любой пасадзе плённа працаваць, быць шчырым, адкрытым і добрасумленным. Рады нашай сустрэчы, нашаму вечару, які, спадзяюся, пройдзе з карысцю. Бо ў нас сёння двайное свята – злёт маладых спецыялістаў і амаль Новы год. Жадаю, каб вы заўсёды атрымлівалі ад жыцця толькі пазітыў. Цяпла вам, міру, радасці. Няхай поспех суправаджае вас. З надыходзячым Новым годам!

Які Новы год без сюрпрызаў!? Вядома ж, чарадзей Дзядуля Мароз са Снягуркай падарылі маладым спецыялістам добры настрой, веру ў цуды, падарункі, смачны торт і канцэртную праграму.

Двайное свята, сапраўды, атрымалася     нефармальным, цёплым, напоўненым сюрпры­замі, новымі знаёмствамі, цікавымі  экскурсіямі,   за   што вялікі    дзякуй    яго     арганіза­ тарам!

А што думаюць маладыя спецыялісты наконт злёту?

Яўгенія     Завадская,   урач­псіхатэрапеўт УАЗ “Бярэзін­ская ЦРБ”:

­ Эмоцыі пера­паўняюць! Такі насычаны дзень. Здзівіла ўсё. Шчыра кажучы, я нават не ведала, што ў Беразіно ёсць такі музей (цэнтр рамёстваў), з цікавымі, шматграннымі экспазіцыямі. Вядома ж, спадабалася і спартыўная школа (пакуль туды не заходзіла, але хутка выпраўлюся): басейн, трэнажорная зала… “БЕЛАЗ” жа – здзівіў сваімі маштабамі вытворчасці, магутнасцю і прыгажосцю. Была прыемна ўражана і экскурсіяй па “гаргазе”. Ведаеце, заўсёды боязна пачынаць штосьці новае. Напрыклад, ісці на працу ўпершыню. Таму так неабходна падтрымка. Прыемна, што ў бальніцы дружны калектыў. Кіраўніцтва дае магчымасць праявіць сябе, падтрымлівае ініцыятыву.

Наталля Навумчык, вет­урач ААТ “Брадзец”:

­ Сённяшнія экскурсіі, безумоўна, спадабаліся. “Клас” ­ такі шматгранны дзень. Прыемна, што пра нас клапоцяцца і хочуць дапамагчы. Я пазнаёмілася з іншымі маладымі спецыялістамі, з раё­нам, нават пабывала на магутным “БЕЛАЗе”. Хочацца, каб такія сустрэчы праводзіліся часцей. Тады і працаваць будзе лягчэй.

Дар’я Янцэвіч, майстар лесу Брадзецкага лясніцтва:

­ Родам я з Полацка. Спачатку мне, вядома ж, было складана прывыкнуць да раёна, асвоіцца ў прафесіі. Зараз такое адчуванне, што тут жыву даўно і маю багаты стаж працы. Бо калектыў у нас цудоўны. Кіраўніцтва заўсёды падтрымлівае нашы ініцыятывы: утульна і працаваць, і адпачываць (ладзіцца шмат культурна­забаўляльных мерапрыемстваў).

Сяргей Ушак, галоўны інжынер з “АграМАЗа”:

­ А мяне сюды закінуў лёс з Віцебскай вобласці. Працаваць, безумоўна, складана ­ вялікая адказнасць. Таму імкнуся апраўдаць давер плённай працай. Сённяшні дзень запомніцца надоўга. Парадавала, што агранізавалі нам такое мерапрыемства. Пазнаёміліся з прадпрыемствамі нашага раёна, вобласці, змаглі наладзіць зносіны з іншымі маладымі спецыялістамі.

Юлія БУКЕЛЬ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *