ПРАМЕНЬЧЫКІ  ШЧАСЦЯ ЛУКАШОВЫХ

 

Новы год, бясспрэчна, любімае свята ў маладой сям’і ­ Наталлі і Арцёма Лукашовых. Тым больш, што адыходзячы год быў для іх адным з самых шчаслівых. Прынёс маленькае цуда ­ трэцяе дзіцятка – дачушку Арыну.

­ Яна наша лялька­прыгажуня, пястушка, галоўны навагодні падарунак ­ пачынае гутарку Наталля. – Шчыра кажучы, доўга думалі, якое імя ёй даць. Хацелася, каб ва ўсіх дзяцей было штосьці агульнае ў імёнах: АРцём, НазАР…. АРына! Няхай у імёнах будуць дзве аднолькавыя літары АР. Цікава і крэатыўна! Арыне пакуль толькі 3 месяцы, але і яна, здаецца, чакае свята. Нават дапамагала нам упрыгожваць ёлку – забаўляла звонкім плачам! Увогуле, па добрай традыцыі, мы ўсёй сям’ёй: муж, сыны ­ сямігадовы НазАР і АРцём, якому годзік з паловай, “чаравалі” над зялёнай прыгажуняй.

І колькі было радасці ў вачах дзяцей, калі ёлка зазіхацела! Столькі эмоцый, усмешак, праменьчыкаў шчасця…

Дарэчы, гэта не адзіная традыцыя сям’і Лукашовых. Кожная нядзеля – сямейны дзень. Усе адкладваюць справы (нават самыя­самыя важныя) і выбіраюцца    кудысьці     разам.

Напрыклад, зусім нядаўна ездзілі на выставу робатаў у Мінск. Галоўная натхняльніца, выдум­шчыца і гід такіх пада­рожжаў – На­талля. Яна, са­праў­ды, сучасная крэа­тыўная матуля. Для яе дзеці ­ не перашкода. Усюды ра­зам з імі (нават да нас у рэдакцыю завітала з  гарэзам  Арцёмам і маленькай Арынай у “люльцы”). Жанчына і з машынай спрытна ўпраўляецца, і смачна гатуе, і вышывае… Дарэчы, “канверцік”, у якім забіралі Арыну з радзільнага аддзялення, яна таксама зрабіла сама.

­ Мне хапае часу на ўсё, бо сям’я – часцінка мяне. Мы – адно цэлае, ­ зазначае Наталля. ­ Муж шмат працуе, стамляецца. Але ніколі не абдзяляе нас увагай, кожную вольную хвіліну праводзім разам. Песціць нас рознымі смач­насцямі, напрыклад, гатуе сушы. Вядома ж, у сямейным жыцці хапае ўсяго. Але мы, жанчыны, павінны быць мудрэйшымі: ведаць, дзе лепш прамаўчаць, а дзе – сказаць!      У гэтым, напэўна, і заключаецца “рэцэпт” сямейнага шчасця. Вядома ж, туды неабходна дадаць каханне, цярпенне,  узаемапавагу і… некалькі жаночых       хітрынак.

­ Напэўна, дзеці з нецярпеннем чакаюць Новы год і ўжо напісалі пісьмы Дзядулю Марозу? ­ запыталася ў Наталлі.

­ І не толькі дзеці! Вядома ж, ужо ўсе напісалі пісьмы­пажаданні    Дзядулю     Марозу.

А я прыдумала і зрабіла праз спецыяльную праграму відэа, дзе Дзядуля Мароз расказвае, што атрымаў ужо пісьмы, хваліць дзяцей за добрыя ўчынкі і адпраўляецца на санях у дарогу ­ у Беразіно. Вядома, мы яго з нецярпеннем чакаем!     І верым у святочныя цуды. Гэтага ж жадаем і ўсім сем’ям.

Юлія БУКЕЛЬ.

На здымку: шчаслівы муж і сыны з велізарным букетам руж сустракаюць Наталлю з маленькай Арынай з радзільнага аддзялення.

Фота з сямейнага архіва.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *