У жыцці  няма дробязей…

Для героя майго матэрыялу дарога – не проста напрамак руху. Яна ўжо даўно стала справай жыцця. Пра гэта сведчыць не толькі плённая амаль 20­гадовая дзейнасць Уладзіміра Іванавіча Колесня на пасадзе кіраўніка дарожнай арганізацыі, але і прызнанне яго прафесіяналізму на высокім узроўні. У.І. Колесень узнагароджаны нагруднымі знакамі “Ганаровы дарожнік Беларусі” ІІ і І ступені, а таксама ўдастоены медаля “За працоўныя заслугі”.

­ Уладзімір Іванавіч, раскажыце  пра  свой  шлях у прафе­сію.

­ Пасля заканчэння навучання ў Капланецкай школе ўладкаваўся дарожным рабочым у ДБУ­31. Адначасова вырашыў прайсці навучанне на курсах   у  аўташколе. У 1973 го­дзе быў прызваны ў армію, дзе падчас службы ўдасканаліў вадзіцельскае  майстэрства.  Дэ­мабілізаваўшыся,   вярнуўся  на былое месца працы ўжо ў якасці вадзіцеля. Таксама пас­тупіў у Гомельскі дарожна­будаўнічы тэхнікум на завочнае аддзяленне.  Спецыяльнасць  абраў,   звя­заную з тэхнічным абслугоў­ваннем і рамонтам аўтамабіляў. Напэўна, таму, што тэхнікай цікавіўся яшчэ з юнацкіх гадоў, ды і справа гэта была знаёмая. Давялося ў свой час папрацаваць і на торфабрыкетным заводзе. Прайшоў  ступені ад механіка, галоўнага механіка і галоўнага інжынера. Паколькі за правіла для сябе ўзяў бесперапыннае самаўдасканаленне і самаразвіццё, то ў 1998 годзе папоўніў рады выпускнікоў эканамічнага факультэта Бе­ларускага аграрна­тэхнічнага ўніверсітэта. У гэты ж час заняў пасаду дырэктара дарожна­будаўнічай арганізацыі, працу на карысць якой працягваю і па сённяшні дзень.

­ Што  змянілася  ў  ДБУ­31 з Вашым прыходам на пасаду кіраўніка і як характарызуецца дзейнасць арганізацыі ў дадзены момант?

­ Нямала часу спатрэбілася, каб былі дасягнуты зладжанасць і арганізаванасць у рабоце і з’явіўся калектыўны дух, а таксама для таго, каб наша ўстанова заваявала аўтарытэт у грамадстве. Кожны з работнікаў прыкладаў максімум намаганняў, уносіў уклад у агульную справу – і прадпрыемства выйшла на дастойны ўзровень. Мадэрнізацыя вытворчасці і тэхнічнае перааснашчэнне дазволілі нарошчваць аб’ёмы работ і павялічваць прыбытак. Усё зробленае прывяло да стабільнасці і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Рэнтабельнасцю характарызуецца дзейнасць нашай арганізацыі і па выніках 2017 го­да. Сёння частка работнікаў занята     на    будаўніцтве     дарогі М11 Масква­Санкт­Пецярбург, адна з брыгад працуе на бу­даўніцтве новай узлётнай паласы на тэрыторыі Нацыянальнага аэрапорта “Мінск”.

­ Ці памятаеце Вы сваю першую пабудаваную дарогу?

­ Гэта быў участак дарогі ўнутрыгаспадарчага прызначэння. Якасць выкананых работ на гэтым аб’екце дапамагла заваяваць давер у кіраўніцтва трэста і яго генеральнага дырэктара Валерыя Афанасьевіча Кірычэнкі, які заўсёды аказвае падтрымку і дапамогу нашай арганізацыі, а таксама выступае для мяне прыкладам для пераймання. Значным аб’ектам апошніх гадоў стала аўтадарога М4 Мінск­Магілёў. Тут мы ўпершыню выступілі ў якасці генпадрадчыкаў і, нягледзячы на цяжкасці, справіліся з пастаўленай задачай.

­ Работа амаль не пакідае вольнага часу. Але ж, напэўна, існуе і хобі, да якога цягнецца душа?

­ Ніколі не здраджваў сяброўству са спортам. Раней атрымліваў асалоду ад гульні ў футбол, у складзе зборнай неаднойчы абараняў гонар нашага горада. Цяпер таксама імкнуся трымаць сябе ў добрай фізічнай форме. Кожны мой дзень пачынаецца з зарадкі і не абыходзіцца без прагулак пяшком. Зімой з задавальненнем катаюся на лыжах. Цікавым і карысным правядзеннем вольнага часу лічу паляванне і пчалярства.

­ Якімі прынцыпамі кіру­ецеся ў сваёй прафесійнай дзейнасці і якую фармулёўку мае Ваш жыццёвы дэвіз?

­ Лічу, што дысцыпліна, прыстойнасць і добрасумленнасць павінны прысутнічаць у арсенале любога кіраўніка, стыль паводзін якога бяруць за прыклад падначаленыя.   У жыцці, на маю думку, не бывае дробязей. Менавіта таму трэба заўсёды думаць пра вынікі сваіх учынкаў, несці адказнасць за свае словы і, галоўнае ­ у любой сітуацыі заставацца чалавекам.

Алена МУРАЧ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *