Маладая сям’я ў чаканні трэцяга «сонейка»

Жыве маладая сям’я Саўко. Аляксандр, вядома ж, спадзяецца, што яго “мужчынскі” батальён нарэшце папоўніцца. І любімая жонка Вераніка падорыць гарэзлівага сына. Ці хутка з’явіцца брацік, пытаюцца ў бацькоў і пяцігадовая Віялета, і Мілана, якой нядаўна споўнілася два годзікі. Ды, увогуле, маленькага “камячка” шчасця (абавязкова хлопчыка!!!) з нецярпеннем чакае ўся вялікая сям’я Саўко­Умінскіх.

На першы погляд (толькі на першы!), Аляксандр і Вераніка такія розныя. Яна скончыла інстытут кіравання і прадпрымальніцтва, да дэкрэтнага водпуску працавала бухгалтарам у ТАА “Ома”. У яго за плячыма Клічаўскі аграрны каледж, служба ў арміі, зараз жа працуе камандзірам ПАВП­14 вёскі Міхалёва. І Ве­раніка, і Аляксандр ­ гаваркія, “душа кампаніі”, бадзёрыя, усмешлівыя. Таму іх жыццёвыя шляхі ніяк не маглі размінуцца. І 6 гадоў назад лёс­чараўнік звёў і аб’яднаў. Яны знайшлі адзін аднаго, і зараз так гарманічна дапаўняюць. Сапраўдныя гаспадары, дружныя, крэатыўныя і шчаслівыя – так бы апісала сям’ю Саўко. Гэта ўсё бачна ва ўзаемаадносінах, дамашняй утульнасці, выхаванні дзяцей, свеціцца ў вачах гаспадароў.

­ У народзе гавораць: паслухай жанчыну і зрабі наадварот. У вас так не бывае? ­ цікаўлюся я.

­ Не, ­ усміхаецца Аляк­сандр. ­ Я прытрымліваюся другой народнай мудрасці: муж ­ галава, а жонка – шыя. Што ж я буду пярэчыць, калі парады слушныя. Ведаеце, мудрая жонка натхняе мужа, тым і накіроўвае. Мы імкнёмся вырашаць усе праблемы разам. Прыслухоўвацца адзін да аднаго. У чымсьці саступаць. Галоўны наш дэвіз – ісці па жыцці з бадзёрым настроем і да любой справы падыходзіць творча. Тады ўсё атрымаецца. Увогуле ж, шчыра кажучы, галоўныя ў нашай сям’і – дзеці. Для іх мы працуем і крэатывім.

І, сапраўды, крэатыўнасць – асаблівая “изюминка” Саўко. Вераніка, таленавіты кулінар. Яна любіць і ўмее здзіўляць сваіх родных смачнасцямі. Тарты з ружамі, рознымі фігуркамі, як на малюнку, кексы, жэле… – усё ўмее рабіць спрытная гаспадыня. Гэтае захапленне перайшло ёй ад матулі Марыі Антонаўны Умінскай, якая працуе поварам.

­ З дзяцінства любіла “чараваць” з матуляй на кухні. Яна навучыла мяне ўсяму, што зараз умею, ­ зазначае Вераніка. ­ Ведаеце, калі гатуеш з добрым настроем, любоўю, для сваіх родных, то любая страва, нават самая просценькая, будзе смачнай і крэатыўна аформленай. Напрыклад, мужу, дачушкам і ўсім родным даспадобы шакаладны кекс. А гатуецца ён вельмі проста і хутка. Неабходна ўзяць мяккае сметанковае масла, дабавіць цукар, ванілін, соду, пагашаную воцатам, муку, яйкі, можна разынкі, какаву (хто, што любіць). Усё перамяшаць, узбіць і выпякаць у духоўцы хвілін 20­30 пры тэмпературы 180­2000. Затым – падключыць фантазію і незвычайна ўпрыгожыць. Такі дэсерт разлятаецца за адно імгненне! Вядома ж, галоўныя памочніцы мае на кухні ­ Віялета і Мілана. Я іх з дзяцінства, гэтак жа як і мяне матуля, прывучаю быць сапраўднымі гаспадынямі. Шчыра кажучы, у іх ужо крыху атрымліваецца.

Дарэчы, здаецца, у іх уся сям’я крэатыўная. Аляксандр не саступае ў творчасці жонцы. Песціць яе і дачушак арыгінальнымі падарункамі. Напрыклад, у мінулым годзе на 8 Сакавіка падарыў ім… маленькае, прыгожанькае шчаня пароды чыхуахуа.

­ Мы адразу ж прыдумалі яму імя – Перыта, ­ смяецца Вераніка, ­ Так звалі сабачку ў дзіцячым мультфільме “Даша­путешественница”. Ён яшчэ той гарэза! Паўнапраўны член сям’і, які патрабуе не менш ўвагі, чым дзеці.

Вядома ж, ёсць у Саўко і свае традыцыі. Галоўная – святы адзначаць разам, збіраць ўсіх родных, блізкіх, калег, сяброў… Тады так шумна, весела, дружна – святочна. Асабліва ўсім падабаецца рыхтавацца да дзён нараджэння. Вераніка з дачушкамі рыхтуе “суперторт” з надпісам, лялькай, кветкамі… А Аляксандр займаецца пошукам тамады, афармленнем памяшкання і … падарункамі.

­ А яшчэ, можна сказаць, наша сямейная традыцыя – здаровы лад жыцця, ­ гаворыць Вераніка. – Саша з дзяўчынкамі ходзіць у басейн. Мінулай зімой каталіся на каньках, лыжах, санках з гары. З задавальненнем рыбачым. І нам даспадобы далёкія і блізкія вандроўкі.

­ Так! Летам мы адпачывалі ва Украіне на моры, ­ падхоп­лівае размову Віялета. ­ А зу­сім нядаўна ездзілі ў Мінск на ёлку, дзе сустракаліся з Дзядулем Марозам, Снягуркамі і іншымі героямі з любімых мультфільмаў. А перад гэтым да нас дамоў прыходзіў сам Дзядуля Мароз з сюрпрызамі! Мы з ім спявалі, танцавалі – было весела!

І зноў, вядома ж, падарункі былі крэатыўныя. Узяць хоць сямейную фотасесію ў сталічным забаўляльным цэнтры “Джунглі”!

­ На наш погляд, у выхаванні дзяцей галоўнае ­ як мага больш часу праводзіць з імі, гутарыць, гуляць, маляваць, падарожнічаць, здзіўляць, ладзіць святы, ­ гавораць Вераніка і Аляксандр. – Калі хочаш, каб дзеці былі працавітыя, шчырыя, адкрытыя, не падманвалі ­ неабходна паказваць, вучыць усяму гэтаму праз нашы ўзаемаадносіны.

­ А ўвогуле, што самае галоўнае ў сям’і? ­ пацікавілася ў канцы гутаркі.

­ Бясспрэчна, каханне. Але яго неабходна падтрымліваць «палівам» з павагі, ўзаема­разумення і цярпення. Інакш – яно хутка згасне.

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *