“Дачакаліся!”

Для маладажонаў Марыі і Анатолія Саскаўцоў 9 лютага – дзень заключэння іх шлюбу – запомніцца як незвычайны і асаблівы ў жыцці, з яскравымі гумарыстычнымі ноткамі, бо супаў з яшчэ адной цікавай і аптымістычнай падзеяй, адкрыццём у горадзе знака “Месца для пацалункаў”, якое было запланавана Бярэзінскім раённым камітэтам ГА “БРСМ” у рамках Усебеларускай акцыі “За любімую Беларусь!”.

Знак “Месца для пацалункаў” устаноўлены ў скверы, які знаходзіцца насупраць цэнтральнай раённай бібліятэкі. Менавіта тут сабраліся прадстаўнікі бярэзінскай моладзі, каб стаць сведкамі гэтай рамантычнай падзеі, а таксама выказаць маладым свае шчырыя віншаванні з вяселлем, парадавацца разам з імі. А тыя, як і належыць, развязаўшы каляровыя стужкі, сталі адкрывальнікамі знака, замацаваўшы гэтую падзею, як і мае быць, пацалункамі.
Месца, упрыгожанае чырвонымі шарыкамі ў выглядзе сардэчкаў, нягледзячы на пахмурнае надвор’е, прыцягвала ўвагу. А моладзь, з плакатамі “Да-ча-ка-лі-ся!”, “Шчаслівыя разам!” і cа звязанымі любушанскімі майстрамі вырабамі ў форме сардэчкаў з надпісамі “За любімую Беларусь!”, шчыра дзялілася дабрынёй і цеплынёй сваіх сэрцаў.
Кожнаму хацелася, каб такіх рамантычных падзей і вясёлых месцаў у нашым горадзе станавілася, па магчымасці, больш.

Алена ГРОМАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *