Поспех — вынік стараннасці

Па меры таго, як усё менш часу застаецца да пачатку вясны, зіма ў большай ступені паказвае свой характар, і студзеньскія адлігі і плюсавыя тэмпературы змяніліся марозамі, выпадаў снег. Між тым, пачатак вясны не за гарамі. Добра разумеюць гэта сельскія працаўнікі і з усёй адказнасцю рыхтуюцца да новага сезона палявых работ. Не выключэннем з’яўляецца і сельскагаспадарчы філіял “Ома”.

— На сённяшні дзень, — расказвае яго дырэктар Аляксандр Мікалаевіч Гундар, — мы поўнасцю гатовы да яравой сяўбы. Трактары, сеялкі, дыскатары, культыватары і плугі, а разам з гэтай тэхнікай і механізатары, хоць заўтра могуць прыступіць да выканання ўсіх работ. Але звычайна пачынаюцца яны не раней красавіка ці апошніх дзён сакавіка – з таго моманту, як можна “ўвабрацца” на поле. Рамонт вядзём уласнымі сіламі. А запчасткамі забяспечылі сябе яшчэ летась. Засталося толькі памяняць штангі ў распырсквальніку вадкіх азотных угнаенняў (гэтым займаюцца ў Горках). А ў майстэрнях зараз толькі даводзім да ладу адзін энерганасычаны трактар ды яшчэ пераварваем раму ў “Газіка”.
Пасеяць у гаспадарцы неабходна каля 270 гектараў. У асноўным гэта будуць авёс і ячмень. Прыкладна такую ж плошчу зойме і кукуруза, частка насення якой ужо ёсць і два гатункі новага малдаўскага сорту неўзабаве павінны завезці. Яна тут звычайна родзіць добра і з’яўляецца важкім элементам кармавой базы. Наогул, у філіяле значную ўвагу надаюць кармам, бо, як лічыць А.М. Гундар, калі ёсць зерне, але няма сенажу ці сіласу, жывёлу не накорміш. Таму значная частка азімых культур пасеяна з разлікам іх выкарыстання як назбожжа, так і на зялёны корм, на перасеў вызваленых участкаў аднагадовымі травамі. На корм жывёле вырошчваюцца такія культуры, як проса, віка, кукуруза, свірэпіца, пайза. На жаль, на міхалёўскіх глебах добра растуць далёка не ўсе травы, і таму для атрымання добрай кармавой базы гаспадарцы пастаянна даводзіцца эксперыментаваць: на тых нізкабальных пясках, у якіх вільгаць, лічы, не затрымліваецца, добры ўраджай даюць далёка не ўсе культуры. Тут не дапамагаюць ні ўнесеныя пад патрэбу мінеральныя і арганічныя ўгнаенні, ні задзейнічаная тэхніка, ні вялікае старанне людзей. Адзінае спадзяванне – на літасць прыроды. А ў тым, што людзі ў філіяле “Ома” сапраўды старанныя, неабыякавыя, пераконваць нікога не трэба. За іх гавораць самі лічбы і тыя поспехі, якіх мясцовыя працаўнікі дасягнулі за апошні час – час існавання гаспадаркі ў якасці сельгасфіліяла ТАА “Ома”.
Увесь гэты перыяд, 14-ы год, калектыў узначальвае Аляксандр Мікалаевіч Гундар, які, дарэчы, узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі». Такім чынам, гэта іх агульны здабытак. Так, сёння тут дояць па 20 літраў малака на карову – больш 7 тон у год, сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе жывёлы складаюць амаль 700 грамаў, ураджайнасць зерневых і зернебабовых за мінулы год дасягала амаль 30 цэнтнераў з гектара. Усе гэтыя паказчыкі не толькі адны з лепшых у раёне, яны год ад году
стабільна растуць і павялічваюцца, прадпрыемства працуе без збояў і, лічы, без фінансавай падтрымкі свайго інвестара. Галоўнае ж не ў фінансавым складаемым, а ў адносінах да працы саміх людзей, іх дысцыпліне, самаадданасці, планавым гаспадаранні.
Таму зараз, у пачатку года, закладваецца перспектыва дзей-насці калектыву на год: як найбольш эфектыўна папрацаваць з зямлёй, каб атрымаць у існуючых умовах найбольш высокі ўраджай збожжа і кармоў, як іх больш якасна захаваць і спажыць з найлепшай аддачай, як павысіць аддачу дойнага статка і ўзровень прывагі БРЖ, выкарыстаць машынна-трактарны парк, за кошт чаго павысіць прадукцыйнасць працы. У бліжэйшых планах далейшы перавод сістэмы захоўвання кармоў з сіласных ям у траншэі, узвядзенне яшчэ аднаго “клюшачніка” з даільнай залай (дарэчы, першая даільная зала ў раёне з’явілся ў свой час менавіта ў “Оме”) і павелічэнне колькасці дойнага статка (адпаведна і валавой вытворчасці малака), іншыя накірункі дзейнасці.
А пакуль у гаспадарцы ідуць апошнія падрыхтоўчыя работы да выхаду ў поле і пачатку сяўбы, для догляду азімых пасеваў, каб увосень у чарговы раз парадавацца вынікам сваёй нястомнай працы і быць упэўненымі ў сваім дабрабыце.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота Юліі БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *