ПРАГАЛАСАВАЦЬ — НАШ АБАВЯЗАК

 

Заўтра, 18 лютага, дзень выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў. На дэпутацкія месцы ў Мінскі абласны Савет дэпутатаў прэтэндуе адзін кандыдат, у раённы – 27 і сельскія Саветы – 72 кандыдаты.

Выбарчымі камісіямі праведзена ўся неабходная работа для таго, каб важная падзея ў жыцці нашай краіны прайшла арганізавана. У Бярэзінскім раёне створана 29 участкаў для галасавання, адпаведна, столькі ж участковых камісій. Камісіямі падрыхтаваны памяшканні для правядзення выбараў, маецца дастатковая колькасць урн і кабін для тайнага галасавання, на некаторых участках устаноўлены празрыстыя урны. Праведзена іншая неабходная работа. З 13 лютага ў адпаведнасці з артыкулам 53 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь ідзе датэрміновае галасаванне. Адным словам, ёсць усе неабходныя ўмовы для таго, каб кожны жыхар раёна, які мае права голасу, зрабіў свой выбар.

Для тых выбаршчыкаў, якія па стане здароўя або па іншых прычынах не змогуць прыйсці ў дзень выбараў у памяшканне для галасавання, у адпаведнасці з артыкулам 54 Выбарчага кодэкса па іх просьбе, якую можна падаць ва ўчастковую камісію ў пісьмовай або вуснай формах, будзе арганізавана галасаванне па месцы знаходжання. Да такіх выбаршчыкаў участковая камісія накіруе не менш двух членаў камісіі з апячатанай скрыняй для галасавання на даму. Афіцыйнага пацвярджэння немагчымасці прыйсці ў памяшканне для галасавання не патрабуецца. Звярнуцца з просьбай аб арганізацыі галасавання па месцы знаходжання можна ў любы час пасля стварэння ўчастковых камісій, а ў асноўны дзень выбараў – не пазней, чым за дзве гадзіны да заканчэння часу галасавання.

Акрамя таго, на саміх участках для людзей з парушэннямі зроку прадугледжаны лупы. У асноўны дзень выбараў на кожным участку будуць прысутнічаць валанцёры для аказання дапамогі людзям з парушэннямі зроку, апорна-рухальнага апарата, пажылым людзям і іншым, каму спатрэбіцца такая дапамога.

Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь прадугледжаны шэраг мер для недапушчэння скажэння вынікаў галасавання. У адпаведнасці з артыкулам 72 на адваротным баку бюлетэня для галасавання ставяцца подпісы не менш двух членаў участковай камісіі. На выбарчых участках, у адпаведнасці з артыкулам 13, будуць прысутнічаць назіральнікі.

Бюлетэні выдаюцца выбаршчыкам пры прад’яўленні імі пашпарта або іншага дакумента, які замяняе яго. Гэта можа быць ваенны білет для ваеннаслужачых тэрміновай службы, службовае пасведчанне дзяржаўнага служачага, вадзіцельскае, пенсійнае пасведчанні, пасведчанне інваліда, пры наяўнасці ў іх фотаздымка, студэнцкі білет, а таксама даведка органаў унутраных спраў для грамадзян, якія страцілі пашпарт. Кожны выбаршчык галасуе асабіста, галасаванне за іншых асоб не дапускаецца.

Бюлетэнь запаўняецца галасуючым у кабіне для тайнага галасавання. Пры запаўненні бюлетэня не дапускаецца прысутнасць іншых асоб.

Пры галасаванні за кандыдатаў выбаршчык ставіць любы знак у квадраце пад словам “за”, а пры галасаванні супраць кандыдата — любы знак у квадраце пад словам “супраць”. Бюлетэнь, у якім знак пастаўлены ў двух квадратах або не пастаўлены ні ў адным з іх, прызнаецца несапраўдным.

Калі выбаршчык лічыць, што пры запаўненні бюлетэня дапусціў памылку, ён мае права звярнуцца да члена ўчастковай камісіі, які выдаў бюлетэнь, з просьбай выдаць яму новы бюлетэнь замест сапсаванага.

ПАВАЖАНЫЯ ЖЫХАРЫ РАЁНА!

Раённая камісія па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў заклікае вас выкарыстаць канстытуцыйнае права і выканаць свой грамадзянскі абавязак — У НЯДЗЕЛЮ, 18 ЛЮТАГА, ПРЫНЯЦЬ УДЗЕЛ У ГАЛАСАВАННІ І АДДАЦЬ СВОЙ ГОЛАС ЗА ТАГО АБО ІНШАГА КАНДЫДАТА.

 Раённая камісія па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў.

 

 

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *