Паміж грамадзянскім жыццём і арміяй

 

У лёсе кожнага чалавека існуе шэраг арганізацый і ўстаноў, якія нябачна суправаджаюць на працягу жыцця і дапамагаюць у станаўленні, адчуванні сябе як асобы. Гаворка ідзе не пра той калектыў, у якім кожны з нас працуе многія гады, а зусім пра іншае. Так, напрыклад, з самага нараджэння (хаця, нават і да з’яўлення на свет) мы становімся пацыентамі бальніцы, а пры атрыманні пасведчання аб нараджэнні трапляем на ўлік у аддзел ЗАГС і аддзел статыстыкі. Потым побач з намі непрыкметна праходзяць па жыцці пашпартна­-візавая служба, служба сацыяльнай дапамогі, пенсійны фонд…

Адным з такіх адрасоў для моцнай паловы чалавецтва з’яўляюцца і ваенныя камісарыяты, якія выхоўваюць з нас сапраўдных мужчын і на ўліку якіх мы знаходзімся амаль усё сваё свядомае жыццё. А што мы ведаем пра дзейнасць гэтай структуры, чым займаюцца, акрамя выпіскі позвы на службу ў армію? Сёння, напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і стагоддзя з дня ўтварэння Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, мы і пагаворым пра гэта. У нашым раёне, дзе адсутнічаюць воінскія часці, ваенкамат з’яўляецца адзіным ваенным падраздзяленнем, праз якое мы становімся салдатамі і з гонарам выконваем свой канстытуцыйны абавязак па абароне рубяжоў Айчыны. З 31 жніўня 2015 года ваенкамат памяняў свой статус і ў выніку рэарганізацыі атрымаў назву абасобленай групы ваеннага камісарыята Чэрвеньскага і Бярэзінскага раёнаў. У выніку штат апарата скараціўся (узначальвае яго маёр Сяргей Уладзіміравіч Вярбіцкі, ужо не навічок), але свае функцыі ўстанова выконвае амаль у поўным аб’ёме. Праўда, працуе толькі з асобамі, якія пастаянна зарэгістраваны на тэрыторыі Бярэзіншчыны.

І работа гэта пачынаецца з маладымі людзьмі, якія дасягнулі свайго 16­-годдзя: яны праходзяць прыпіску да прызыўнога ўчастка. Да яе прыцягваюцца абсалютна ўсе юнакі названага ўзросту, незалежна ад стану здароўя ці інваліднасці. Кожны прыпіснік праходзіць медыцынскае абследаванне, з ім праводзіцца гутарка, назапашваецца патрэбная інфармацыя, у тым ліку і з органаў унутраных спраў. З гэтага моманту юнакі набываюць статус прызыўніка.

Толькі на службу ў армію трапляюць не ўсе яны. Так, калі юнак – інвалід з дзяцінства, яго пасля праведзенай медкамісіі і вынесенага ўрачэбнага заключэння аб тым, што па стане здароўя не можа служыць, з выключэннем з воінскага ўліку, ён у дзень прыпіскі прымаецца на ўлік, і ў гэты ж дзень здымаецца з воінскага ўліку. З іншымі падлеткамі ваенкаматы працуюць да моманту атрымання імі ваенных білетаў. Гэты дакумент выдаецца ў двух выпадках. Па-­першае, падобнае адбываецца пасля таго, як прызыўнік дасягнуў паўналецця і пасля праведзеных мерапрыемстваў па прызыве быў залічаны ў запас па стане здароўя або вызвалены ад прызыву па пэўных прычынах, прапісаных у адпаведным загадзе. Другі варыянт, калі пасля праходжання медкамісіі (мерапрыемстваў па прызыве) юнак прызнаецца па стане здароўя годным і прызываецца на тэрміновую воінскую службу або на сужбу ў рэзерве.

Дарэчы, прызыву на тэрміновую воінскую службу падлягаюць юнакі, якім на момант прызыву споўнілася 18 гадоў. Сёння ў раёне пражывае 117 такіх асоб. Але далёка не кожны ў гэтым узросце адразу трапляе ў войска. Справа ў тым, што большасць маладых людзей у гэты час працягваюць сваё навучанне ў рознага роду ўстановах – ад каледжаў да ВНУ. Ім належыць адтэрміноўка на час атрымання адукацыі. І толькі затым іх прызываюць да выканання свайго абавязку – службы ва Узброеных Сілах.

Пасля завяршэння тэрмі­новай службы былыя воіны, прыбыўшыя да месца пражывання, становяцца на воінскі ўлік і знаходзяцца на ім у залежнасці ад звання: да 50 гадоў (салдаты і сяржанты), да 55 (прапаршчыкі і малодшыя афіцэры – да капітана ўключна), да 60 гадоў (маёры і падпалкоўнікі).

Летась у час асенняга прызыву ў армію пайшлі служыць 44 юнакі. Размеркаванне іх па воінскіх часцях адбылося ў большасці сваёй па пажаданнях саміх прызыўнікоў (схільнасці выяўляюцца ў ходзе індывідуальнай работы з кожным). Таму сёння на адрас абасобленай групы з розных куткоў рэспублікі прыходзяць толькі станоўчыя звесткі аб нашых земляках. Сярод іх дэсантнікі Аляксандр Гулькевіч і Ілья Броўка, браты Віктар і Анатоль Лапіцкія. Удала склаўся ваенны шлях і ў Рыгора Жданава. Ён да арміі закончыў Віцебскую ветэрынарную акадэмію і сёння служыць, можна сказаць, па абранай спецыяльнасці – кінолагам. Сярод леташніх прызыўнікоў і Дзмітрый Адамовіч. Па сваім статусе сіраты ён меў права не ісці ў армію, але па асабістай заяве і ўласнай ініцыятыве вырашыў выканаць гэты ганаровы абавязак.

Сярод леташніх навабранцаў былі і кантрактнікі. Калі раней на такую форму службы маглі разлічваць толькі адслужыўшыя патрэбны тэрмін, то зараз гэта можна зрабіць нават не маючы ваенна­-ўліковай спецыяльнасці. Усё гэта набываецца ў ходзе службы. І некаторыя нашы землякі паступаюць менавіта такім чынам, аддаючы перавагу ваеннай кар’еры.

Супрацоўнікі абасобленай групы заняты не толькі работай з прызыўной моладдзю. Не парываюць яны сувязей і з былымі ваеннаслужачымі. Для іх наладжваюцца зборы па падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы з азнаямленнем з тэхнікай, праводзяцца мабілізацыйныя мерапрыемствы для адпраўкі ў ваенныя часці для іх укамплектавання да штатаў ваеннага часу, право­дзяцца праверкі аператыўнага з’яўлення па позве і г.д.

У ліку тых, хто знаходзіцца на воінскім уліку, не толькі радавы і афіцэрскі састаў з ліку мужчын. Значацца ў спісе і 193 жанчыны. Гэта пераважна спецыялісты медыцынскай службы, якія таксама з’яўляюцца ваеннаабавязанымі.

Хапае работы супрацоўнікам абасобленай групы і па іншых напрамках, у тым ліку і грамадскага характару. Так, яго супрацоўнікі падтрымліваюць пастаянную сувязь з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, выязджаюць на сустрэчы з імі і на абследаванне ўмоў іх жыцця. А гэтымі днямі завітаюць да іх з прыемнай місіяй – уручыць юбілейныя медалі з нагоды 100-­годдзя з дня ўтварэння Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Так, сёлета спаўняецца векавая дата з часу стварэння арміі новага тыпу і ўзору. Час ляціць хутка, многае мяняецца ў нашым жыцці. Але нязменнымі застаюцца паняцці доўгу, адданасці Айчыне і гатоўнасці абараняць яе.

На здымку: дружны штат абасобленай групы ў поўным саставе (злева направа): вядучы спецыяліст Анастасія Андрэеўна Атрошка, начальнік абасобленай групы маёр Сяргей Уладзіміравіч Вярбіцкі, вядучыя спецыялісты Вольга Віктараўна Вансевіч і Галіна Мікалаеўна Гарошка.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *