ГАСПАДЫНЯ Ў СВАІМ АДДЗЯЛЕННІ

 

Праца ў сельскай гаспадарцы нялёгкая нават для мужчын, не кажучы ўжо пра жанчын. Але і жанчыны знаходзяць сябе ў ёй і паспяхова спраўляюцца з усімі цяжкасцямі. Гэты тэзіс пацвярджае кіраўнік аддзялення «Дзмітравічы» ААТ «Бярэзінскі райаграсэрвіс» Ірына Леанідаўна Штукар.

На падуладнай тэрыторыі яна адказвае за палявыя работы і бесперабойную дзейнасць фермы, за 40 работнікаў аддзялення і вырашэнне ўсіх адміністрацыйных пытанняў, якія даводзіць кіраўніцтва сельгасарганізацыі. Часам неабходна праяўляць надзвычайную кемлівасць -­ працаваць за інжынера, разбірацца ў агранаміі. Увогуле, ні пра што не забываць. І Ірына Леанідаўна выконвае абавязкі вось ужо 11 гадоў.

Аб паспяховасці яе кіраўніцтва “расказваюць” вытворчыя паказчыкі. На жывёлагадоўчай ферме Дзмітравіцкага аддзялення на дадзены момант утрымліваюцца 183 каровы і 219 быкоў. Надой тут адносна невысокі, але за мінулы год ён павялічыўся на 6%. Малако атрымліваюць вышэйшым гатункам, пры таварнасці ў 90%. Сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе быкоў на адкорме складаюць 627 грамаў.

Корм для пагалоўя фермы аддзяленне нарыхтоўвае самастойна, прытым заўсёды з лішкам. Спрыяюць гэтаму 850 гектараў, адведзеных пад травастой.

Ураджайнасць збожжа ў аддзяленні ў 2017 годзе была такой жа, як і ў цэлым па райаграсэрвісе -­ 25 цэнтнераў на круг. З восені мінулага года было пасеяна 155 гектараў азімай пшаніцы, 452 -­ трыцікале, 632 ­- рапсу, 58 ­ свірэпі­цы. 600 гектараў зааралі пад яравую сяўбу.

У мінулым годзе менавіта гэтае аддзяленне было адзіным у сельгаспрадпрыемстве, дзе вырошчвалі рапс, таму што тут былі сканцэнтраваны ўсе камбайны сельгаспрадпрыемства для яго хуткай уборкі. Як бачна, Дзмітравіцкае аддзяленне працуе паспяхова па ўсіх сельскагаспадарчых паказчыках. Гэта з’яўляецца лепшай пахвалой Ірыне Леанідаўне Штукар.

Кожны свой працоўны дзень яна пачынае з тэлефоннай планёркі з дырэктарам, на якой абмяркоўвае актуальныя для аддзялення пытанні. Усе работы вельмі складаныя. Аднак Ірына Леанідаўна прывыкла і кіруе з веданнем справы.

Па адукацыі І.Л. Штукар ­- прадавец. 5 гадоў працавала па сваёй спецыяльнасці ў Беразіно. Потым выйшла замуж і пераехала ў Дзмітравічы. У вёсцы жанчына ўладкавалася ў мясцовую сталовую, раздавала абеды механізатарам. Узімку рупілася ў паляводчай брыгадзе. Праз паўтара года ёй прапанавалі пасаду кладаўшчыка­запраўшчыка. А неўзабаве, калі мясцовую гаспадарку далучылі да «Бярэзінскага рай­аграсэрвісу», даручылі кіраваць толькі што створаным аддзяленнем.

Асабліва цяжка на новай паса­дзе было спачатку, ­- гаворыць Ірына Леанідаўна. -­ Трэба ведаць усе палеткі, прывыкнуць да людзей. Даводзілася працаваць да 11 гадзін вечара, самастой­ на запраўляць і адпраўляць тэхніку. Аднак пастаянная практыка ўдасканальвала адміністрацыйныя навыкі.

Аддзяленне Ірыны Леанідаўны працуе як зладжаны механізм. Нялёгкая праца на сяле, але для старанных лю­дзей усё па сілах. І вынікі працы Ірыны Леанідаўны Штукар -­ прамое гэтаму пацвярджэнне.

Павел САЛАЎЁЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *