РУПЛІВЫЯ ГАСПАДАРЫ РОДНАЙ ЗЯМЛІ АЛЬБО СЛАВА ПЕРАМОЖЦАМ!

 

Ні моцны мароз, ні снежныя завеі не перашкодзілі цёплай, сардэчнай атмасферы, што панавала ў мінулую суботу ў раённым цэнтры культуры. Сапраўды, абстаноўка тут была самая лагодная і святочная – у гэты дзень прайшло ўрачыстае ўшанаванне пераможцаў спаборніцтва па выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Бярэзінскага раёна за 2017 год.

Ад імя Бярэзінскага раённага выканаўчага камітэта, вітаў, віншаваў і ўзнагароджваў лепшых работнікаў старшыня райвыканкама Аляксандр Мікалаевіч Бабічаў. У мерапрыемстве прыняў удзел начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення Мінскага аблвыканкама Мікалай Мікалаевіч Кухавец.

У сваім выступленні А.М. Бабічаў адзначыў, што мінулы год быў напоўнены значнымі падзеямі, як дзяржаўнага, так і абласнога значэння. Не засталіся незаўважанымі падзеі раённага маштабу. Пачалося будаўніцтва новых ачышчальных збудаванняў у горадзе, запушчаны першы этап праекта “Чыстая вада”. Нягледзячы на дастаткова складаную эканамічную сітуацыю, усе калектывы Бярэзіншчыны працавалі зладжана і дабіваліся выканання пастаўленых задач.

 

 

Да працы прадстаўнікоў аграпрамысловага комплексу мы адносімся з асаблівай павагай. Гэта адна з самых значных, неабходных спраў на зямлі, ну і, бясспрэчна, самых складаных. Мінулы сельскагаспадарчы год аказаўся напружаным. Было намалочана больш за 49 тысяч тон зерня, надоена больш за 46 тысяч тон малака, вырашчана ў жывой вазе больш за 10 тысяч тон жывёлы. На жаль, вынікі аказаліся горшымі, чым у 2016 годзе. Таму нам ёсць над чым працаваць, ёсць куды развівацца. І толькі зладжаная праца на сваіх месцах дазволіць дабіцца больш высокіх вынікаў.

Асноўны напрамак будаўнічай галіны і абслу­гоўваючых арганізацый раёна — узвядзенне жылля, забеспячэнне камфортных умоў пражывання, добраўпарадкаванне горада і сельскіх населеных пунктаў. За 2017 год уведзена ў эксплуатацыю звыш 7 тысяч квадратных метраў жылля. Пэўны ўклад у развіццё раёна ўносяць і прамысловыя прадпрыемствы.

Дынамічна развіваецца і сфера паслуг. Адкрыта 12 новых гандлёвых аб’ектаў. Жыхарам раёна было прадастаўлена паслуг на суму больш за 6 мільёнаў рублёў.

Значная ўвага надаецца і сацыяльнай сферы. У сістэме аховы здароўя Бярэзіншчыны ўкараняюць і развіваюць сучасныя метады дыягностыкі і тэхналогіі лячэння, умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база. Паспяховасць работы педагогаў – годны удзел школьнікаў у інтэлектуальных творчых конкурсах, даследчых работах і прадметных алімпіядах. Для работнікаў сацыяльнай сферы рэалізацыя дзяржаўнай палітыкі -штодзённая работа, якая патрабуе высокага прафесіяналізму, ведання сучасных тэхналогій, а галоўнае – уважлівых адносін да людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе і падтрымцы. Год ад году расце ў сваёй значнасці і фізічная культура. Упэўнены, што новыя спартыўныя перамогі будуць і надалей славіць наш раён. Паспяховае функцыянаванне ўстаноў культуры дазваляе захаваць лепшыя традыцыі народнай творчасці і стварыць новыя.

Асноўныя намаганні супрацоўнікаў сілавых структур, менавіта яны першымі прыходзяць на дапамогу людзям у складанай жыццёвай сітуацыі, накіраваны на забеспячэнне асабістай і маёмаснай бяспекі.

На свяце лепшым працаўнікам у кожнай сферы, кіраўнікам, а таксама калектывам сельскагаспадарчай, прамысловай і сацыяльнай сфер (пра большасць узнагароджаных з мы пісалі ў мінулым нумары газеты) А.М. Бабічаў уручыў ганаровыя граматы раённага выканаўчага камітэта. Акрамя таго, былі адзначаны калектывы – пераможцы леташніх раённых конкурсаў. Так, званне лепшай каманды па выніках раённай спартакіяды сярод калектываў фізічнай культуры атрымала каманда ДЛГУ “Бярэзінскі лясгас” (дырэктар С.У. Чэмка). А Бярэзінскі раён газазабеспячэння філіяла ВУ “Барысаўгаз” (кіраўнік У.М. Абрамовіч) прызнаны лепшай арганізацыяй па захаванні аховы працы і прафілактыцы вытворчага траўматызму. Грамадскі пункт аховы правапарадку Бярэзінскага сельскага выканаўчага камітэта названы пераможцам (старшыня А.К. Болсун) у арганізацыі работы па прафілактыцы правапарушэнняў. А лепшым грамадскім фарміраваннем па ахове правапарадку прызнана добраахвотная  дружына пачатковай школы горада (дырэктар М.М. Дубовік). Штогод калектыў УАЗ “Бярэзінская ЦРБ” (А.П. Жызнеўская) выходзіць у лік прызёраў конкурсу абласнога ўпраўлення аховы здароўя. Вось і на гэты раз Бярэзінская ЦРБ у названым конкурсе заняла другое месца. Таксама Ганаровай граматай Бярэзінскага райвыканкама за шматгадовую добрасумленую працу, велізарны асабісты ўклад ў развіццё мясцовага кіравання і самакіравання раёна быў адзначаны былы старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатолій Мікалаевіч Зябко.

Фотаздымкі лепшых працаўнікоў 2017 года ўпрыгожаць раённую Дошку гонару.

Складаемыя моцнай, квітнеючай  краіны гэта не толькі працоўныя дасягненні, але і шчаслівыя сем’і, годнае падрастаючае пакаленне. Мацярынства – самая складаная прафесія, нялёгкая праца, якая таксама не застаецца незаўважанай у нашым грамадстве. А.М. Бабічаў уручыў высокую дзяржаўную ўзнагароду — Ордэн маці Наталлі Генадзьеўне Каплій (5 дзетак), Наталлі Міхайлаўне Маркоўскай (5 дзетак), Ганне Уладзіміраўне Шмарлоўскай (5 детак), Ірыне Сяргееўне Папковай (6 дзетак).

Дарэчы, у фае цэнтра культуры была наладжана дэгустацыя прадукцыі мясцовай вытворчасці. Тут жа радавалі вока выставы майстроў бярэзінскага цэнтра рамёстваў, цешыў слых інструментальны ансамбль выкладчыкаў школы мастацтваў. А таксама для працаўнікоў спявалі, танцавалі, малявалі, паказвалі міні-прадстаўленні падчас святочнага канцэрта лепшыя таленты раёна.

— Нас усіх аб’ядноўвае імкненне зрабіць нашу малую радзіму лепшай і прыгажэйшай. Людзі, адзначаныя сёння, гэта толькі маленькая частка сумленных, адказных, працавітых работнікаў раёна. Дорага каштуе тое, што такіх людзей шмат, і яны сваёй працай ўмацоўваюць дабрабыт Бярэзіншчыны, — гаварыў А.М. Бабічаў. — Мы самі сваімі рукамі будуем сучаснаць, закладваем падмурак будучыні. Вынікі 2017 года падведзены. Але перад намі стаяць новыя задачы. Галоўныя — выкананне сацыяльна-эканамічных паказчыкаў раёна, захаванне стабільнасці ў рабоце кожнай сферы. Якім стане 2018 год, залежыць ад нас. У Год малой радзімы давайце пакажам, што мы руплівыя гаспадары на сваёй зямлі. Жадаю ўсім вам здароўя, дабрабыту, поспеху. Давайце разам рабіць добрыя справы на карысць нашай Бярэзіншчыны.

 

Юлія БУКЕЛЬ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *