Жыве любімай справай

 

Іван Іванавіч Надумовіч – адзін з паважаных і аўтарытэтных педагогаў дзяржаўнай установы адукацыі “Бярэзінская дзіцячая школа мастацтваў”. Тут ён працуе настаўнікам па класе гітары з 1982 года. Цяжка падлічыць, колькі бярэзінскіх юнакоў і дзяўчат за амаль 4 дзесяцігоддзі ён навучыў іграць на гітары, каму даў шчаслівую пуцёўку ў дарослае жыццё.

Дакладна падлічыць, вядома, немагчыма, затое ўспомніць некаторых варта. Святлана Ветушка зараз выкладае ў сталічнай музычнай гімназіі, для сваіх вучняў яна нават складае музыку і наладзіла гастрольную дзейнасць. Цяпер яна слыве адным з лепшых настаўнікаў ігры на гітары і бязмежна ўдзячна за гэта свайму педагогу І.І. Надумовічу. Зусім нядаўна на бярэзінскім творчым небасхіле ўспыхнула новая яркая зорачка ­ Настасся Барысёнак. Яна цудоўна іграе не толькі на жалейцы, але і на гітары, бо сваю прафесійную дарогу ў школу мастацтваў выбра­ла па прыкладзе ўпадабанага выкладчыка. Добрым словам сёння ўспамінаюць Івана Іванавіча і ў далёкай Чэхіі. Тут цяпер займаецца музыкай і выступае Арцём Мацвееў, які ў 2006 годзе ўславіў педагога перамогай на рэспубліканскім джазавым конкурсе. Чым жа падкупляе ён сваіх вучняў?

У першую чаргу, высокім прафесіяналізмам і патрабавальнасцю да сябе. За плячыма Івана Іванавіча не толькі вучоба на дзённым аддзяленні Мінскага дзяржаўнага педагагічнага ін­стытута імя М. Горкага, але і завочнае аддзяленне Мінскага музычнага вучылішча імя Глінкі. Дагэтуль памятаюць бярэзінцы і з цёплай настальгіяй гавораць пра асаблівую манеру ігры і запал у вачах Івана Іванавіча ў час, калі ён узначальваў і сам выступаў у бярэзінскім вакальна­інструментальным ансамблі, кіраваў хорам у раённым Доме культуры. Без яго струнных рытмаў і матываў не абыходзілася ў рамантычныя 80­ыя гады мінулага стагоддзя ніводнае свята ў горадзе і раёне.

І сёння, пасля 36 гадоў служэння музыцы, няма спакою яго творчаму запалу і жаданню вучыць дзяцей. Яны падтрымліваюцца вучнямі, якія прыходзяць вучыцца іграць на гітары менавіта да І.І. На­думовіча. Сёння ў настаўніка займаюцца 11 хлопчыкаў і дзяўчынак. Хтосьці з іх толькі пачынае сваё знаёмства з гітарай, іншыя ўжо сталі з ёй сябраваць, а нехта, дзякуючы інструменту, паступова крок за крокам раскрывае свой музычны талент і жадае заявіць аб ім на ўвесь свет.

­ Зараз вялікія надзеі падае Аліса Шалай, ­ расказвае Іван Іванавіч. ­ Яна ўжо паспяхова выступіла на некалькіх музычных конкурсах. Дзяўчынка не толькі валодае пэўнымі музычнымі здольнасцямі, але і здзіўляе мяне сваёй пра­цавітасцю. Вялікі патэнцыял тоіцца і ў астатніх вучняў, але ж трэба падабраць да іх свой асабісты ключык, падарыць цяпло і надзею.

 У гэтай справе настаўнік ніколькі не стамляецца. Як і ў маладыя гады, апантана, на адным дыханні, займаецца з вучнямі, сам вучыцца і з запалам іграе на гітары, стракаціць творчымі ідэямі і бярэ ў палон сваім абаяннем. У гэтым Іван Іванавіч бачыць уласнае прафесійнае шчасце, якое штодзень мацуецца вернасцю любімай справе. Ёй, як любімай гітары, музыцы, родным, блізкім, калегам і вучням, ён ніводнага разу не здрадзіў.

 

Мілана ТРАПЯНОК.

 Фота Алены ГРОМАВАЙ.