Незабыўная мая бацькоўская хата

 

З такім матывам пройдзе ў нашай краіне 2018 год. Малая радзіма. З чым асацыіруецца гэты тэрмін у разуменні кожнага з нас. Па-­мойму, ніхто не стане пярэчыць, што малая радзіма пачынаецца з бацькоўскага гнязда, дзе кожны з нас адчуў пяшчотныя рукі сваёй матулі, якія спавівалі, пакуль мы не ўвабраліся ў сілу. Малая радзіма – гэта сонечныя летнія ранкі з жаўруко­вым “аркестрам” у паднябессі над вясковымі палеткамі, млявае цоканне салаўёў, сумныя “ку-­ку” зязюлі, якая напамінала нам аб магілах прашчураў, якія патрэбна наведваць і трымаць у поўным парадку.

Асноўны капітал малой радзімы -­ гэта людзі, сярод якіх ты жывеш і адчуваеш стыль іх паводзін, характараў, дзеянняў. Увогуле, гэта ў большасці сваёй працавітыя, дружалюбныя, сапраўдныя гаспадары. Але ж бываюць і з шэрагу “калі я п’яны ­ цвярозых не люблю, калі цвярозы – п’яных ненавіджу”. Яны, на жаль, наносяць плямы на светлую прастору малой радзімы. Што ж, плямы ёсць нават на сонцы. Але размова сёння не пра іх. Я хачу з радасцю ўзгадаць людзей, для якіх малая радзіма – суцэльны магнетызм душы, шчырая настальгія і, як пяецца ў песні, “но всё так же ночью снится мне деревня, отпустить меня не хочет родина моя». І, дзякуй Богу, што не адпусціла Мікалая Андрэевіча Шалая, Віктара Фёдаравіча Фесуна, Людмілу Пятроўну Калола і іншых.

Мікола Шалай і ў думках не дапускаў, каб прамяняць бацькаўшчыну на сталіцу. Яшчэ б. Бацька Андрэй Антона­віч з матуляй Аленай Яфімаў­най былі пры жыцці ўзорнымі гаспадарамі. Іх сядзіба непадалёк ад ракі Клявы выдзялялася дыхтоўнасцю, парадкам. Да гэтага ж яны прывучалі сваіх пяцярых дзяцей. Старэйшыя браты і сёстры раз’ехаліся, а Мікалай, самы малодшы, пасля смерці бацькоў, ужо выйшаўшы на пенсію, без усялякай аглядкі пакінуў двухпакаёвую кватэру дзецям і разам з жонкай Раісай Іванаўнай вярнуўся на бацькаўшчыну. Першае, за што ён узяўся ­- больш месяца ўпарадкоўваў прылягаючую тэрыторыю, высякаў алешнік, які заглушыў праезд да дома. Альховых дроў нарыхтаваў можа гады на тры. Усе пабудовы: лазню, летнюю кухню, дах дома пафарбаваў, дзе што трэба было, абмаляваў. Зрабіў сваю малую радзіму не проста прыгожай, а ўзорнай.

Не саступае па сваёй пры­цягальнасці сядзіба Марыны Дзмітрыеўны і Віктара Фёда­равіча Фесуноў. Віктар – чалавек працаздольнага ўзросту, жонка – пенсіянерка. Але і яны пакінулі кватэру ў Мінску і вярнуліся ў бацькоўскі дом. Гаспадар знайшоў працу нават у двух месцах (і гэта пры дэфіцыце рабочых вакансій), і галоўны клопат канцэнтруе на гаспадарчых справах. Штодзень аглядае сваю сялібу, не любіць абыякавасці і беспарадку. Прынамсі, такім жа быў і яго цесць, які пакінуў нашчадкам сядзібу ў найлепшым стане. Матуля Раіса Іванаўна перад смерцю вельмі прасіла сваіх пяцярых дзяцей: “Вы ж хаця, дзетачкі, не ўздумайце прадаваць хату. Ну, злодзеі штосьці сцягнуць, але ж сцены застануцца – будзе вам куды прыехаць”. Спачатку так яно і было. “Крахаборы” аблазілі ўсе вуглы, штосьці ўкралі, але пасля супакоіліся, а хутка і ўсе дзеці пераехалі жыць на малую радзіму.

Людміла Пятроўна Калола (Баранава) ініцыятыву па ўладкаванні і ўпрыгожванні свайго роднага гнязда ўзяла ў свае рукі. Здраджваць малой радзіме ніколі і думкі не ўзнікала. Як толькі пайшла на пенсію, пакінула ў сталіцы трохпакаёўку дзецям і вярнулася з мужам у бацькоўскі дом. Для большай прыцягальнасці яны абшылі дом сайдынгам, а сам падворак Людміла Пятроў­на аформіла ў сапраўднае птушынае царства на фоне разнастайных відаў кветак. Ёсць тут месца бульбе і градкам з рознай агароднінай, якую гаспадыня цэлае лета назапашвае з любоўю.

На парозе вясна. І ўся мая вёска Капланцы абудзіцца прыездам дачнікаў, якія скупілі амаль усе жылыя дамы ў нашай мясцовасці. Што ж. Няхай яны шчыруюць, адпачываюць на беразе ракі Клявы, багатай рыбай, атрымліваюць асалоду ад прыроды маёй і сваёй малой радзімы.

 Ніна БУРКО.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *