11 красавіка адзначаўся Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў

І не падлічыць, колькі дзясяткаў, а то і соцень гектараў зямлі апрацавалі рукі Веры Дзмітрыеўны Гамеза за яе доўгае жыццё. Больш за 36 год з’яў-лялася яна паляводам спачатку мясцовага калгаса, затым саўгасаў “Паплавы”, “Уша”, “Баравіно”… Не, не была Вера Дзмітрыеўна “летуном”, гэта мяняліся назвы гаспадарак, на тэрыторыі якіх размяшчаліся палеткі вакол вёскі Малыя Лагі, дзе жыве жынчына.
Хапала ёй і хатніх вясковых клопатаў, бо не мець на той час уласную гаспадарку было заганным. Ды і як жа без яе паставіць на ногі падрастаючых дзетак? А іх В.Д. Гамеза выгадавала пяцёра – трох сыноў і дзвюх дачок. Не забываюць яны сёння сваю састарэлую матулю. А ёй ужо ідзе 93-ці год. Відаць, такое даўгалецце – што той падарунак лёсу, а дакладней — падзяка за стойкасць, працавітасць, мужнасць…
Толькі аднойчы юная Вера пакідала свае родныя мясціны. І то гвалтам, у 1942 годзе, калі яе вывезлі фашысцкія акупанты на прымусовыя работы ў Германію. Выстаяла і там, не зламалася, вярнулася дамоў. Сёння нярэдка ўзгадвае доўгімі вечарамі жанчына жудасныя гады. Нікуды не падзецца ад тых успамінаў, як бы не хацела пазбавіцца ад іх. Любая рана загойваецца няпроста, а душэўная, атрыманая на самым піку юнацтва, не загаіццца, відаць, ніколі, як ні старайся.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *